Управа на бяспраўніка

Агляды дарожна-транспартных здарэнняў, якія штодзённа дэманструюцца па тэлебачанні ў крымінальных хроніках,  сведчаць, што віноўнікамі аварый на аўтамагістралях становяцца вадзіцелі, што не маюць пасведчанняў на права кіравання аўтамабілямі. І наступствы такой нядбайнасці і непавагі да законаў бываюць даволі трагічнымі. На жаль, і ў нашым раёне знаходзяцца людзі, якія садзяцца за руль без адпаведных дакументаў.

У пачатку гэтага года ў поле зроку супрацоўнікаў дзяржаўтаінспекцыі  Жыткавіцкага аддзела ўнутраных спраў райвыканкама за згаданае парушэнне трапіў жыхар сталіцы 1981 года нараджэння. Не маючы вадзіцельскага пасведчання ён на аўтамашыне з паўпрыцэпам рухаўся па вуліцы Сацыялістычнай нашага райцэнтра, дзе і быў затрыманы праваахоўнікамі. Далейшае разбірацельства паказала, што мінчанін ужо раней за аналагічны праступак прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці. Як вынік – супраць недысцыплінаванага шафёра ўзбудзілі крымінальную справу па артыкуле 3172 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, якую раследавалі супрацоўнікі раённага аддзела Следчага камітэта краіны.

– Такая адказнасць за згаданае злачынства ўведзена зусім нядаўна, у мінулым годзе, – расказвае начальнік раённага аддзела Следчага камітэта  Рэспублікі Беларусь Васіль Куксік. – Яна прымяняецца ў дачыненні вадзхіцеляў-бяспраўнікаў, якія пастаянна ігнаруюць законныя патрабаванні. Гэта значыць, калі аўтааматар на працягу года двойчы прыцягваўся за язду без пасведчання і зноў учыніў такое ж правапарушэнне, узбуджаецца ў дачыненні яго крымінальная справа. Раней такія захады прымяняліся і да некаторых жыхароў нашага горада.

Жорстка. Але сітуацыя на дарогах вымушае прымяняць такія суровыя меры. У крымінальнай хроніцы даволі частыя сюжэты, калі падвіпіўшы бацька ўжо не аднойчы пакараны за парушэнне правілаў вулічнага руху, каб у чарговы раз не быць затрыманым аўтаінспектарам, перадае руль непаўналетняму сыну. Зразумела, што такімі адносінамі дарослы не толькі штурхае нашчадка да злачынных дзеянняў, але і з маленства прывівае непавагу да заканадаўства. Таму нямала прыкладаў, калі падлеткі гойсаюць у начны час на аўтатранспартных сродках без права на іх кіраванне.  Дарога ж, як вядома, такой нядбайнасці і недысцыплінаванасці не даруе. Гэта яскрава пацвярджаецца статыстыкай. Летась на аўтатрасах рэгіёна здзейснена тры аварыі, ў якіх загінуў адзін і траўміраваны тры чалавек. Трагічны спіс працягнуты і ў гэтым годзе: тры ДТЗ, у якіх чатыры чалавекі траўміраваны і тры загінулі.

Не лепшым чынам характарызуецца і сітуацыя з вадзіцелямі, якія выязджаюць на дарогу без права на гэта. Летась супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі за кіраванне без пасведчання затрымалі 90 чалавек. За тры месяцы бягучага года такіх парушальнікаў выяўлена 83. Толькі ў сакавіку – 33 шафёры. Таму няма чаму здзіўляцца, што заканадаўства  робіцца больш строгім.

Сяргей Белка

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.