Маленства цёплы ўспамін

Якія самыя яркія моманты свайго дзяцінства прыходзяць сёння на памяць жыхарам раёна розных пакаленняў? 

Аб гэтым карэспандэнт «НП» і папрасіў іх прыгадаць.

Алег Старажэнка, г. Жыткавічы:

— Напэўна самым шчаслівым часам стала лета, калі мне было гадоў тры-чатыры. Тады я адпачываў у бабулі і дзядулі. Іх бязмежная любоў да ўнука і зараз сагравае душу. Успамінаюцца не толькі кружка сырадою, якім пастаянна частавала бабуля, а найбольш паездкі з дзедам, які з’яўляўся Георгіеўскім кавалерам, на кані па розных гаспадарчых справах.  Для малога гэта была найвялікшая радасць і уцеха.

Таццяна Маркевіч, агр. Азяраны:

— Маленства – гэта такая пара, калі яркіх момантаў безліч. Гэтыя гады заўсёды ўспамінаеш з замілаваннем і цеплынёй. Але і зараз не магу забыцца на падарунак, які ў чацвёртым класе зрабілі бабуля з дзядулем. Мне, дзяўчынцы, яны купілі прыгожыя туфелькі на абцасах. Ох, як ганарылася такім набыткам!  Адчуваеш сябе малой, а ў цябе ўжо маецца рэч як у дарослай. Прычым толькі ў адной. На зайздрасць сяброўкам.

Яўген Піскун, агр. Азёрны:

— О, дзяцінства!  Так, дзядуля з бабуляй, школа, рыбалка… Але гэта, напэўна, ва ўсіх было. Ага!  Вось тое, як упершыню на навагоднім ранішніку сыграў сваю ролю, і дагэтуль не забуду. Нас з братам нарадзілі ў касцюмы зайчыкаў, і мы весялілі дарослых і дзяцей, якія сабраліся ў мясцовай установе культуры з усяго пасёлка рыбаводаў. Як пасля намі ганарыліся бацькі. Дарэчы, у пэўнай ступені гэта паўплывала і на мой прафесійны выбар.

Ларыса Сінгаеўская, агр. Дуброва:

— У мяне самых шчаслівых момантаў у маленстве было аж дзевяць. Кожны з іх звязаны з нараджэннем у нашай сям’і малодшых брацікаў ці сястрычак. Я была старэйшай, таму дапамагала маці іх гадаваць. Вельмі падабалася бавіць час з малымі: ладзіць з імі гульні, гатаваць для іх ежу, карміць, гушкаць немаўлят у калысцы і спяваць калыханкі. Цяпер я сама шматдзетная маці і радуюся кожнаму поспеху сваіх дзяцей і ўнукаў.

Сяргей БЕЛКА

 

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.