Раённы семінар па ахове працы прайшоў на Тураўскім малочным камбінаце

“Працаваць штодня на прафілактыку траўматызму”. Такой стала галоўная тэма раённага семінара, прысвечанага Дню аховы працы. Яго ўдзельнікаў прымала адкрытае акцыянернае таварыства “Тураўскі малочны камбінат”.

тэхніцы бяспекі – галоўная ўвага

На сучаснай вытворчасці, дзе па італьянскай тэхналогіі вырабляюцца сыры прэміум-класа, шчыруюць без малога паўтысячы чалавек. За суткі тут безадыходна перапрацоўваюць 660 тон малака, якое ператвараецца ў 95 тон прадукцыі. Тры чвэрці вырабленага аб’ёму паступае на экспарт. Тураўскі сыр раз’язджаецца да спажыўцоў 15 краін свету.

Дырэктар камбіната Вольга Луцко пазнаёміла прысутных кіраўнікоў, інжынераў і асоб, адказных за ахову працы, з вытворчасцю і паказала, якія ўмовы створаны для плённай работы калектыву. Акрамя ўласнага кафэ тут маецца абсталяваны кухоннай тэхнікай пакой прыёму ежы на 24 месцы. Кожны работнік цэха перад зменай забяспечваецца свежым камплектам спецвопраткі, якую пасля мыюць тут жа ў прамысловай пральнай машыне, сушаць і персанальна ўпакоўваюць. У медпункце ажыццяўляецца перадрэйсавы агляд, алкатэсціраванне.

Далей увагай гасцей завалодаў інжынер па ахове працы ТМК Дзмітрый Качубей. Гэта прадпрыемства ў згаданым накірунку з’яўляецца адным з узорных, але ад вытворчага траўматызму не застрахаваны і тут. Апошняя аварыйная сітуацыя на заводзе здарылася мінулым летам, у выніку якой работнік атрымаў хімічны апёк. Няшчасны выпадак кваліфікаваны як лёгкі. Сітуацыю на семінары дакладна разабралі: і самім паўтарэнне алгарытму дзеянняў карысна, і для іншых атрымалася навука. Старшыня раённай арганізацыі Чырвонага Крыжа Ларыса Фралова дала майстар-клас па аказанні першай дапамогі пры апёках і атручэнні парамі небяспечных рэчываў.

тры супраць аднаго

На плянарнай частцы мерапрыемства галоўны інспектар Жыткавіцкага міжраённага аддзела абласнога ўпраўлення Дэпартамента дзяржінспекцыі працы Юрый Дземідзюк прааналізаваў становішча з траўматызмам. Статыстыка не радуе. Калі за ўвесь мінулы год у нашым раёне зафіксаваны адзін факт цяжкага траўмавання, то за няпоўных дзевяць месяцаў бягучага адбылося два выпадкі са смяротным зыходам і адзін – з цяжкім. На думку выступоўцы, за падобнымі сітуацыямі стаяць дзве галоўныя прычыны: парушэнне работнікамі інструкцый па ахове працы і няякасны, фармальны інструктаж.

Зыходзячы з гэтага, ён заклікаў на вытворчасці да людзей быць патрабавальнымі, а не “добранькімі”. Інакш такая лаяльнасць і страта кантролю могуць прывесці да самых непажаданых наступстваў. А яшчэ параіў пры ўзнікненні пытанняў больш кансультавацца ў калег і спецыялістаў профільных службаў. Каб постфактум не шукаць апраўданняў. Да бяды часта бывае адзін крок і адно імгненне. У тым аўдыторыю пераканаў досыць відовішчны ролік, створаны з запісаў відэакамер, зафіксаваўшых рэальныя выпадкі траўмавання на вытворчасці.

Аб забеспячэнні пажарнай бяспекі ў арганізацыях далажыў першы намеснік начальніка РАНС Юрый Зубкоў. Інспектар Жыткавіцкай энергагазінспекцыі Алег Некрашэвіч пазнаёміў з навэламі ў заканадаўстве па электрабяспецы, а старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Уладзімір Гулюта напомніў пра ўмовы абласнога агляду-конкурсу на лепшую арганізацыю прафсаюзамі грамадскага кантролю па ахове працы. Дарэчы, сёння ў калектывах маецца звыш 120 грамадскіх інспектараў працы.

Падводзячы вынікі семінара, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Наталля Макарэвіч выказала надзею, што гэтая сустрэча ўзбагаціла яе ўдзельнікаў новымі ведамі і скіравала да паляпшэння работы па выкананню заканадаўства аб ахове працы.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.