Паштавікі Жыткавіцкага раёна 9 кастрычніка адзначаюць прафесійнае свята

Аддзяленне сувязі — месца ў кольна папулярнае. Адзін прыходзіць за пасылкаю, іншаму трэба “камуналку” заплаціць, а трэці толькі тут у хлебны дзень бярэ свежы бохан. Кожнага наведвальніка мясцовыя паштальёны стараюцца сустракаць ветліва і добразычліва. Таксама абыходзяцца з кліентамі і на даму.

— Прыемна адчуваць сваю запатрабаванасць, —пасля таго, як разгрузілі машыну са свежай прэсай і таварамі, — прызналася Аксана Сугрэй, якая мае 28-гадовы стаж на адным месцы. — Для мяне работа ў радасць, і людзі дзячаць за старанне добрым словам. Запытаешся, як здароўе, параіш нешта ці падбадзёрыш – і на вачах настрой у чалавека паляпшаецца.

Аксана Мікалаеўна ўвесь дзень на нагах ды па хатах. У яе радыусе дзеяння – каля 200 двароў. Патрэбы насельнікаў любога з іх яна вывучыла да дробязяў. А вось калега, Майя Пяшэвіч, можна сказаць, толькі прывыкае да актыўнага рытму, яшчэ году не споўнілася, як працуе. Яна сумяшчае работу аператара за касай і паштальёна.

— І бухгалтарам была, і бібліятэкарам, і прадаўцом, — з усмешкай пералічвае свае прафесіі жанчына. —  А знайшла сябе менавіта тут. Графік зручны, калектыў выдатны, без стасункаў людскіх не засумуеш.

— Мы і праўда, імкнемся жыць дружна, — падцвярджае начальнік аддзялення сувязі Ірына Сакула. Яна ў калектыве з 2019-га. — Службовыя адносіны будуем на даверы ды ўзаемадапамозе, а з кліентамі прытрымліваемся такту і паразумення.

Пошта ў аграгарадку абслугоўвае пяць населеных пунктаў, дзе сумарна пражываюць больш за 850 чалавек. Сярод перыядычных выданняў у лідарах раёнка. Напрыклад, у Кольна яе атрымлівае амаль кожны шосты жыхар. Да 87 вераснёўскіх падпісчыкаў тут дабавілася яшчэ 25 новых. Па пяць экземпляраў газет замаўляюць настаўнікі Алена Гулюта і Вольга Пашэвіч, а пенсіянер Васіль Туравец тры любімыя адзінкі прэсы заўжды афармляе на паўгода.

Акрамя дастаўкі перыёдыкі і іншых адпраўленняў, пенсій, паштальёны выконваюць і шэраг непрофільных паслуг — ажыццяўляюць гандаль харчовымі і прамысловымі таварамі, прымаюць камунальныя і іншыя плацяжы. Час прымушае да развіцця шматвектарнай дзейнасці.

Дарэчы

Дзень пошты адзначаюць у гадавіну Сусветнага паштовага саюза (СПС), які быў створаны ў 1874 у швейцарскай сталіцы Берне. Святкуецца дата 9 кастрычніка з 1969 года, калі афіцыйнае абвяшчэнне аб яе выбары прагучала з трыбуны Кангрэса СПС. Мэта дня – прапаганда ролі паштовага сектара  ў паўсядзённым жыцці людзей і яго ўклада ў сацыяльна-эканамічнае развіццё краіны.

Мовай лічбаў

На кастрычнік жыхары раёна выпісалі звыш 12 тысяч экземпляраў перыёдыкі. За месяц у сярэднім нашы паштальёны разносяць 11900 пісьмаў.

У структуру Жыткавіцкага ўчастка паштовай сувязі ўваходзяць 5 гарадскіх, 18 сельскіх і адно перасоўнае аддзяленне сувязі. Калектыў складае 115 чалавек, у тым ліку 27 пенсіянераў.

Святлана Шакалян

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.