У справу правапарадку

Штодзённа дабраахвотныя народныя дружыны з прадстаўнікоў працоўных калектываў дапамагаюць праваахоўнікам падтрымліваць правапарадак на гарадскіх вуліцах.

У шэсць вечара ўжо цемнавата. Але менавіта а гэтай гадзіне ў  райаддзеле міліцыі назіраецца наплыў людзей у цывільным аддзенні, якім выпала  роля памагатых супрацоўнікам РАУС. Трэцяга лістапада павязкі дружыннікаў прымерылі і работнікі рэдакцыі. Усё пачалося са звычайнай працэдуры рэгістрацыі і інструктажу. Мы ўзброіліся неабходнымі ведамі, і рэдакцыйную ДНД накіравалі да месца будучай «службы». Напачатку ім аказалася пляцоўка ля гандлёвага цэнтра «Дабраном», дзе нас перадалі ў распараджэнне міліцэйскага патруля ў складзе камандзіра патрульна-паставой службы Сяргея Струка, міліцыянера ППСМ Максіма Віннікава і ўчастковага інспектара міліцыі, Крысціны Галыгінай. Апошняе здзівіла, асабліва, калі даведаліся, што маладая дзяўчына пасля заканчэння вышэйшай навучальнай установы і перападрыхтоўкі ў вучэбным цэнтры МУС месяц служыць на такой клопатнай і адказнай пасадзе.

Першае заданне аказалася не вельмі складаным – выяўляць тых грамадзян, што ў цемры не мелі пры сабе флікераў. Тым больш што ў гэты дзень праводзілася прафілактычнае мерапрыемства, скіраванае на выяўленне такіх недахопаў у дарожным руху.

– На жаль, за лета людзі раслабіліся і пакуль яшчэ не ўсвядомілі, што, каб бяспечна рухацца па вуліцах, неабходна сябе абазначыць святлоадлюстроўваючымі элементамі, – канстатуе начальнік аддзела міліцыі райвыканкама Аляксандр Ахрамовіч. – Зараз  настойліва  нагадваем грамадзянам аб гэтым. Так, прыбягаем  не толькі да ўшчуванняў, але і больш строгіх мераў. Але выбіраць не даводзіцца, захаваць здароўе і жыццё людзей найважней.

Ля магазіна парадак. Садзімся ў міліцэйскі УАЗік і рухаемся, як называюць у простанароддзі, у гарадскі мікрараён Бярэжжа. Тут і адбылася першая сустрэча з парушальнікам, які не меў флікера. За час дзяжурства, яно доўжылася да адзінаццаці вечара, супрацоўнікі міліцыі, з якімі патруліравалі, выявілі два  выпадкі супрацьпраўных паводзін. За змену работнікам РАУС давялося  разбірацца па дванаццаці розных фактах парушэнняў правапарадку.

Усяго ў раёне дзейнічае сорак пяць дабраахвотных народных дружын, у якія ўваходзяць прадстаўнікі 31 арганізацыі і прадпрыемства, а таксама сельсаветаў. Асабліва плённа яны дапамагалі міліцыянерам у выяўленні нецвярозых грамадзян падчас купальнага сезону на гарадскім пляжы. Дзейснай працы ад іх чакаюць і ў будучым.

Сяргей Белка. Фота Аляксандра Кіцуры

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.