Дзе ў Жыткавічах можна купіць карасёў?

Некалькі  праблемных пытанняў, якія тычацца жыццядзейнасці насельніцтва раёна, давялося  вырашаць старшыні раённага Савета дэпутатаў Уладзіміру Куляшу. Са сваімі турботамі людзі звярнуліся да яго падчас «прамой тэлефоннай лініі».

Першай дазванілася жыхарка з вёскі Вятчын. Жанчына з’яўляецца і дэпутатам мясцовага Савета, і даверанай асобай старшыні сельвыканкама ў згаданым паселішчы. Таму і прасіла за ўсю грамаду, каб у паселішчы палепшыліся справы з гандлёвым абслугоўваннем.

– Крама працуе дрэнна, аўталаўка, якая прыязджае два разы на тыдзень, не задавальняе попыту жыхароў у поўным аб’ёме, – распавядала заяўніца. – Вёска ж немалая, асабліва шмат людзей тут бавяць час летам, калі пачынаецца сезон збору грыбоў і ягад. І магазін запатрабаваны, галоўнае, каб на паліцах была разнастайная прадукцыя. А цяперашняя гаспадыня прылаўка аб гэтым дбае слаба.

Уладзімір Мікітавіч прыняў довады жанчыны, папрасіў час для кансультацыі з кіраўніцтвам філіяла спажывецкага таварыства. Такі ход  задаволіў вяскоўку, і яна паабяцала звярнуцца яшчэ раз.

Жыткаўчаніна таксама турбавала пытанне гандлю. Праўда, больш спецыфічнае: дзе ў райцэнтры можна купіць карасёў.

– Раней гэтую рыбу можна было набыць у магазіне ААТ «Жыткавічыхімсервіс», – дзяліўся ўласным досведам з кіраўніком райсавета дэпутатаў мужчына. – Цяпер жа такога тавару няма, ды і ў асартыменце рыбгаса таксама з карасямі праблема.

І гэтае пытанне Уладзімір Кулеш узяў на кантроль, каб з часам разабрацца і даць кампетэнтны адказ грамадзяніну.

«Прамая тэлефонная лінія» ў чарговы раз засведчыла, што жыхары раёна звяртаюцца да прадстаўнікоў улады па самых розных пытаннях. І многія з іх вырашаюцца паспяхова.

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.