Паеду ў горад, вёсачку з сабою забяру
За акном ляжыць снег. Недзе, зусім недалёка, чуецца заліхвацкае гаўканне дваровых сабак уперамешку з буркатаннем аўтамабільных рухавікоў. Напрасткі цераз поле ідзе чалавек. Шпарка крочыць. Ногі правальваюцца ў снег, але ідзе без стомы, упэўнена. Гэта – я.
Раптам. Упаў. Раскінуў рукі і махаю: раблю анёла. Мароз мяне не бярэ. Заплюшчваю вочы і лячу над роднай вёсачкай. Каторы раз здзіўляюся: “Якая яна незвычайная!” Сярод роўных, як браты, новенькіх дамоў аграгарадка, сям-там выглядваюць бяззубымі плямамі шэрых дахаў старэнькія хаціны. У іх яшчэ жывуць такія ж старыя людзі. Побач з маладымі гаманкімі сем’ямі. І так хораша мне робіцца ад пачуцця яднання з усімі гэтымі гукамі, хатамі, людзьмі, што з грудзей міжволі вырываецца гучны крык: “Э-гэ-гэ!”
Да каго звяртаюся, да каго хачу дакрычацца і сам не ведаю. Нехта падумае, што можа я з глузду з’ехаў. Можа яно і так. Спрачацца ня буду. Не да таго зараз. Хораша!
Лячу далей. Царква, крама, школа. Спыніўся. Нешта заскубло ў грудзях, зашчымела. Хутка прыйдзецца развітвацца з роднай школкай. Ісці ў сваё жыццё. Так трэба…
Вунь сябры мае ідуць. Гамоняць, смяюцца. Зараз нехта сняжком атрымае. Праўда! Аднаму з хлопцаў дзяўчаты добра сыпанулі снега за каўнер. Пабеглі.
Пачаў крыху падмярзаць. Адкрыў вочы. Падняўся. Іду дадому знаёмай сцяжынкай. Хочацца абняць увесь свет. У галаву лезуць розныя думкі. Хутка лета. А там яшчэ год і… развітанне. З сябрамі, з матуляй, з вёскай…
Як гэта ўсё пакінуць? Прыйдзецца… Вунь яблыня на ўскрайку стаіць. Нічыйная. Колькі разоў, гуляючы летам па ваколіцах, я ласаваўся яе яблыкамі. Смачнымі. Духмянымі. М-м-м, аж слінкі пацяклі. А там, крыху далей за вёскаю, стулілася ў снежных берагах канаўка. Там я часта з сябрамі ганяю шайбу. А ўлетку лаўлю карасікаў.
Успомніўся чамусьці Панскі дом. Так, яшчэ крыху болей за стагоддзе таму, тут жыў пан. Шмат іх тут змянілася за ўсе часы: Алелькавічы, Яленскія.
Абедзьве вайны прайшліся крывавым крокам па вёсцы. Застаўся нават яшчэ адзін жывы сведка тых падзей. Курган Славы каля клуба загінуўшым…
Цяжкія думкі, цяжкія ўспаміны. Развітанне яно такое – заўсёды сумнае.
Але чаго сумаваць? Я ж яшчэ пакуль тут! Нікуды не дзеўся! І тут да мяне прыйшло разуменне: вёска заўсёды будзе са мною. У пямяці! У душы! У сэрцы! Куды б ні я ні паехаў ці пайшоў, куды б мяне не закінулі жыццёвыя стасункі і пуцявіны, я заўжды магу закрыць вочы і апынуцца дома. Пачуць матулін голас, адчуць пах яе смачных гатункаў. Прайсціся па росным мурагам балоння, іржышчам. Напіцца жывое сілы з бацькоўскіх крыніц.
Усё! Вырашана! Паеду ў горад, вёсачку з сабою забяру!
Канстанцін Чэчка