Вольга Баліч з паштовай дынастыі

З паштовай справай Вольга Баліч пазнаёмілася ў дзяцінстве.  Дапамагала бацьку разносіць карэспандэнцыю ў вёсцы Града. Выйшла замуж таксама дзякуючы прафесійнай дзейнасці, хлопец суправаджаў паштовыя грузы. Ды і дачка звязала свой лёс з поштай. Зараз узначальвае Людзяневіцкае аддзяленне, дзе шчыруе маці.

У згаданай установе работнікі даволі адказныя. Да прыбыцця машыны з карэспандэнцыяй яны ўжо на сваіх працоўных месцах. Работы хапае: патрэбна ўдакладніць звесткі, падабраць тавары для кліентаў. Прыезд паштовага аўтамабіля дадае клопатаў: неабходна выгрузіць газеты і часопісы, пісьмы, усё пералічыць, падрахаваць, атрымаць ад загадчыка аддзялення тавары. Гэта займае у Вольгі Мікалаеўны некаторы час. І вось, нагрузіўшы ў сумкі паўтары сотні экземпляраў газет, з якіх 95 — “Новага Палесся”, і прадукты, жанчына кіруецца на ўчастак. Калі выйшлі з будынка пошты, на дварэ добра-такі закруціла завіруха.

— Не засыпала? — пацікавіўся ў паштальёна мужчына-прахожы.

— Нас надвор’ем не спужаеш, — пакуль крочым па вуліцы, Вольга Мікалаеўна распавядае пра свае будні. — Ці снег, ці дождж, але абавязкі выконваць неабходна. Штодня прыходзіцца пераадольваць не адзін кіламетар. Абслугоўваю не толькі частку аграгарадка, але і вёску Сялко. Маршрут звыклы. Бывае, што і дапазна прыходзіцца шпацыраваць. Гэта ў дні, калі людзі актыўна аплочваюць камунальныя паслугі. А ўвогуле нам зайздросцяць, бо заўсёды ў руху, а гэта стройнасці надае.

Адным словам, часу, каб дэталёва даведацца пра працу вясковага паштальёна, было дастаткова. Баліч спрытна раскладвае  газеты ў скрынкі. Каб было весялей, вядзем нязмушаную размову аб жыцці. Варта сказаць, што яно ў Вольгі Мікалаеўны даволі няпростае. Але сэрца жанчыны сагравае любоў дзевяцярых дзетак і двух унукаў.

— Канечне ж, апошніх ужо хочацца паболей, — жартуе Вольга, — але нешта не спяшаюцца абзаводзіцца сем’ямі дзеці. Вось яшчэ адной дачцэ прапанову зрабілі. А хлопцы глядзяць адзін на аднаго, чакаюць, калі старэйшы ажэніцца.

За размовамі незаўважна прайшлі некалькі вуліц. Даведаўся і пра захапленне жанчыны. Яна вельмі любіць кветкі. Таму і сядзіба яе лічыцца адной з добраўпарадкаванейшых у аграгарадку. Кіраўніцтва Людзяневіцкага сельскага Савета нават адзначыла Вольгу Мікалаеўну каштоўным падарункам за ўвішнасць і старанне.

Людзі паважліва ставяцца да свайго паштальёна. Ніводнага слова наракання ў яе адрас, знаходзіць Баліч агульную мову і з маладымі, і з пажылымі. Гэта добра адчувалася ў адной з хат, гаспадыні якой мы прынеслі пенсію. Дакладна выдала суму, а потым прапанавала і тавар набыць. Кабета з вялікім задавальненнем купіла крупы, макароны, алей.

— Работа вясковага паштальёна даволі клопатная і адказная, — выказвае меркаванне Вольга Мікалаеўна. — Але ж без нас вяскоўцам даволі складана прыйшлося б.

Гэтае перакананне склалася за амаль два дзясяткі гадоў працоўнай дзейнасці. Менавіта столькі Вольга Баліч аддала паштовай справе. І яна ніколькі не расчароўвае жанчыну, бо выконвае абавязкі з душой і любоўю. А гэта найгалоўнейшая якасць, калі ты пастаянна працуеш з людзьмі, прыносіш ім самыя разнастайныя весткі.

— Бабулі і дзядулі заўсёды цікавяцца, што новага ў нашай мясцовасці. Не прамінуць магчымасці распытаць пра вясковыя навіны. Каб затрымаць, нават гарбаты прапануюць з ласункамі. На жаль, не заўсёды часу стае з-за працы, але ж увагай не абдзяляю. Імкнуся, каб пасля майго прыходу ў вясковых дамах заставаўся толькі добры настрой, — адзначае Вольга Баліч.

Сяргей Белка

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.