Жыць у шчасці і міры

Раённая арганізацыя Чырвонага Крыжа падчас навагодніх святаў падарыла радасць і весялосць людзям самых розных сацыяльных груп. Днямі старшыня грамадскага аб’яднання Ларыса Фралова разам з валанцёрамі павіншавалі і ўручылі падарункі дзецям перасяленцаў з Украіны.

Мерапрыемства прайшло ў трэцяй гарадской школе, дзе і вучыцца зараз найбольш такіх хлопчыкаў і дзяўчынак.  Яны разам з бацькамі і прадстаўнікамі Чырвонага Крыжа сабраліся  ля ўпрыгожанай ялінкі. Няхай усё прайшло даволі і сціпла, але душэўна, і ад віншаванняў і пажаданняў добры настрой атрымаў кожны, а рабяты яшчэ і салодкія падарункі, якія дапамог сабраць калектыў філіяла НПС «Тураў» ААТ «Гомельтранснафта «Дружба».

Што і казаць, дзеці, як бы не выпрабоўвала іх жыццё, застаюцца дзецьмі. Вось і другакласніца Настачка не выцярпела, з непадробнай непасрэднасцю і цікавасцю зазірнула ў бліскучы пакунак. Тут жа паказала і сваёй стрыечнай сястрычцы Дар’і, з якой пасля прыезду ў Беларусь з’яўляюцца сяброўкамі не разліць вадой: сядзяць за адной партай, гуляюць, падтрымліваюць адна адну. На тварыку малой чыталася задавальненне. Яна з ахвотай расказала пра свае школьныя справы, факультатывы, якія наведвае, пра новых сяброў-аднакласнікаў, пра навагодні ранішнік з Дзедам Марозам і Снягуркай. Без замінкі дзяўчынкі прадэкламавалі вершыкі, і ад казачных герояў атрымалі за гэта падарункі.

– Вельмі задаволена, што дачка вучыцца ў такой установе, – далучаецца да Настачкі маці Вольга Сяргееўна, якая разам з ёю прыйшла на акцыю Чырвонага Крыжа, – навучальны працэс на высокім узроўні, ды і дысцыпліну трымаюць. У нас ва Украіне не ўсё так строга было з гэтым. Але самае галоўнае, добразычлівасць, якая пануе ва ўстанове. Яна і дазволіла адагрэць дзіцячыя душы, спакутаваныя баявымі дзеяннямі.  Адно пакуль турбуе, цяжкавата даецца беларуская мова, у нас жа ўсё на ўкраінскай выкладалі. Але, спадзяюся, што  гэта не самае страшнае, разам справімся.

Сапраўды, для жанчыны, якая вымушана пакінуць з сям’ёй родны дом і шукаць прытулку ў суседняй краіне, няхай і брацкай па духу, асвойванне мовы яе народа дачкой, проста невялічкая неспадзяванасць, якую ўдасца з часам пераадолець. У Вольгі Сяргееўны думкі аб Радзіме, каб там хутчэй усталяваліся мір і спакой, каб там не гінулі людзі. Таму з самага ранку яна праз Інтэрнэт імкнецца знайсці хоць-якую навіну пра Данбас. Копатаў і так штодня хапае. Разам з мужам працуюць на ЖМЗ. Праўда, пакуль вучнямі.

– Ужо хацела здаваць экзамен на разрад, – расказвае Вольга, – але ж прыхварэла. Выздаравею і адразу зраблю гэта.

Свой першы Новы год у Беларусі сям’я, канечне ж, адсвяткаваць не прамінула: пасядзелі за святочным сталом дома, схадзілі да радні, наведалі мерапрыемствы. Што ні кажы, а мірнае жыццё патрабуе і адпаведнага ладу. Але і маленькім перасяленцам з Данбаса, такім як Настачка, спатрэбіцца нямала часу, каб нават пры выбухах святочных салютаў і феерверкаў назаўсёды забыць словы: «Матуля, можа нам пара хавацца!».

Менавіта дзеля гэтага і праводзіць свае дабрачынныя акцыі раённая арганізацыя Чырвонага Крыжа.  Падчас іх яна падарыла радасць 63 дзецям і шасці дарослым. І ўвогуле ў нашай краіне штодзённа імкнуцца стварыць належныя ўмовы для жыцця перасяленцам-украінцам, і не толькі.  Ім даецца від на жыхарства, маецца магчымасць прыняць беларускае грамадзянства, працаўладкавацца, вучыцца. Адным словам, жыць паўнацэнным і шчаслівым жыццём. Напрыканцы хочацца ўзгадаць словы нашага Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнка, што ён прыкладзе ўсе намаганні, каб у Беларусі жылося шчасліва і мірна.

Сяргей Белка

 

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.