Цуды з бабулінага куфэрка

Ці можаце вы апазнаць кабат, біла, дзежку, начоўкі ці, напрыклад, кварту? А вучні Коленскай сярэдняй школы не толькі ведаюць, як выглядаюць гэтыя рэчы, а могуць паказаць і расказаць пра іх прызначэнне.

Думаю, тут многія здагадаліся: размова ідзе пра этнаграфічныя экспанаты. Так, у гэтай установе дзейнічае музей “Спадчына”. Сумеснымі намаганнямі педагогаў і вучняў адзін з кабінетаў ператварыўся ў імправізаваную беларускую хату. З печчу, аздобленай цэлай калекцыяй чыгункоў і вілак, доўгімі лавамі і палічкамі, на якіх месціцца мноства посуду і разнастайных прылад працы, куфарамі і чырвоным кутам з іконаю. Затрымліваецца погляд на манекене, апранутым у жаночы строй. Ля другой сцяны прытуліліся запраўленыя нітамі кросны, а насупраць — драўляны ложак з вышытымі падушкамі, накрыты тканай посцілкаю, побач — самаробная калыска, у якой, напэўна, выгадавалася не адно дзіцятка. Кожная рэч лаканічна падпісана. Многія назвы гучаць як музыка. Расшыфраваць іх — як рашыць задачку з зорачкай.

— Былі на капанцы, былі на кружанцы, былі на пажары, былі на базары, кармілі, варылі, вы іх не забылі? — задае дашкольнікам, што прыйшлі ў музей, загадку пра гліняны горшчык чацвёртакласніца Насця Ханавец. Апавядальную эстафету па чарзе падхопліваюць другія дзяўчынкі ў нацыянальных касцюмах — Злата Кароткая, Паліна Грыб і Вікторыя Севярын. Другі год яны праводзяць экскурсіі, і як расказалі пасля провадаў малышоў, ім гэта вельмі падабаецца, “каб дзеці не забыліся, як жылі нашыя бабулі, гэта ж вельмі цікава”.

Музей жыве, тут прымаюць наведвальнікаў, ладзяць урокі і мерапрыемствы. Вучні даследуюць гісторыю экспанатаў, вывучаюць на іх падставе мінуўшчыну роднага краю.

— Фарміраванне патрыятызму немагчыма без выхавання павагі да сваёй культуры, традыцый, — упэўнена настаўніца роднай мовы і загадчык музея Вольга Пашэвіч. — Пранікаючыся добрымі пачуццямі да малой радзімы, школьнікі вучацца шанаваць стваральную працу продкаў, адчуваюць гонар за сваю краіну.

Даўнія рэчы шукалі дзе толькі можна. Нешта аддавалі старажылы, іншыя прылады забіралі з хат, вызначаных пад знос. Большасць артэфактаў перадалі ветэраны педагагічнай працы і цяперашнія настаўнікі. Напрыклад, адзін з самавараў, што датуецца 1909 годам, — сямейная рэліквія намесніка дырэктара па выхаваўчай працы Таццяны Петрушкевіч. А згаданая вышэй Вольга Пашэвіч прынесла шлюбны рушнік сваёй свякрухі. Як тут не залюбуешся прыгажосцю, што захоўвае цеплыню рук майстра. Ад экспанатаў вее нечым родным і блізкім.

Сёння ў экспазіцыі прадстаўлена 229 артэфактаў, якія знаходзяцца ў выдатным дагледжаным стане. І іх колькасць будзе павялічвацца, упэўнены супрацоўнікі школы. У Год міру і стваральнай працы музей, як цэнтр духоўнага і патрыятычнага выхавання, яшчэ шырэй расчыніць свае дзверы. Сюды маюць намер запрашаць не толькі вучняў, а і іх бацькоў, іншых мясцовых жыхароў, каб не рвалася нітка пакаленняў і жыла народная памяць.

 

Слоўнік

Куфар – вялікая скрыня для захоўвання тканіны, адзежы, каштоўнасцей.

Кабат – род жаночай безрукаўкі.

Дзежка – драўляная, крыху звужаная да верху пасудзіна для заквашвання цеста, салення.

Біла – унутраная ўдарная частка звана, язык.

Начоўкі – прадаўгаватая драўляная пасудзіна для мыцця бялізны і іншых гаспадарчых патрэб.

Кварта – металічны кубак (кружка) аб’ёмам 0,7 літра.

Святлана Шакалян

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.