Кожны восьмы рубель — жыткавіцкі
Упэўнены ў стабільнай будучыні калектыў Жыткавіцкага ПМС, які і летась даказаў сваю высокую дзеяздольнасць.
Кажуць, усё пазнаецца ў параўнанні. Дык вось, калі браць мінулагоднія здабыткі нашых меліяратараў, то яны не толькі значна падраслі, але і займаюць даволі адчувальную долю ў сістэме ДА “Гомельмеліяводгас”. Як заўважыў дырэктар мясцовага меліярацыйнага прадпрыемства Віктар Палуянаў, у нашым раёне даволі салідны масіў асушаных зямель (39,4 тысячы гектараў або 8 працэнтаў згаданай плошчы Гомельшчыны). Каб яны прыносілі належную аддачу, на іх пастаянна патрэбна рупіцца, а значыць, умацоўваць уласную матэрыяльную базу, павышаць прафесійнае майстэрства і многае іншае.
— Калектыў спраўляецца, аб чым яскрава сведчаць нашыя паказчыкі, — адзначае Віктар Васільевіч. — Прадпрыемства, каб паспяхова развівацца, выконвае даведзеныя заданні на сваіх аб’ектах і знаходзіцца ў пастаянным пошуку аб’ёмаў за межамі раёна. Такая работа прыносіць належны плён.
І з гэтым не паспрачаешся. Вось некаторыя лічбы, якія характарызуюць мінулагоднюю працу жыткавіцкіх меліяратараў. Летась яны выканалі падрадных работ на 6569 тысячы рублёў пры плане чатыры тысячы. Плюс 64,2 працэнта да плана, а рост да 2021 года склаў 42,1 працэнта. Кожны восьмы рубель, які паклалі ў сваю скарбонку меліяратары вобласці, жыткавіцкі. Што ж зрабілі нашыя пакарыцелі балот дзеля таго, каб меліярыраваныя гектары радавалі ўрадлівасцю? На працягу 34,4 кіламетра ачышчана каналаў ад расліннасці, 86,7 кіламетра — ад дрыгвы, адрамантавана амаль шэсць кіламетраў дамбаў, 24 ГТС, абкошана 719 км каналаў, дамбаў і дарог. На гэтым участку жыткавіцкія меліяратары вынікова пашчыравалі і ў Рэчыцкім, і Гомельскім раёнах, дзе прывялі ў парадак паўтысячы кіламетраў пералічаных вышэй збудаванняў, а на культурмеліярацыі дапамагалі і петрыкаўскім калегам. Акрамя таго, уведзена ў эксплуатацыю 508 гектараў рэканструяваных зямель у нашым рэгіёне і 64,5 га — у Рэчыцкім.
— Выканалі аб’ёмы дзякуючы дастатковай колькасці сучаснай тэхнікі, — расказвае дырэктар Віктар Палуянаў. — Сёння ў нас на балансе адзінаццаць экскаватараў, два бульдозеры, сямнаццаць трактароў, тры пагрузчыкі, пятнаццаць касілак і восем прычэпаў. І абнаўленне парку машын і матэрыяльнай базы не спыняецца. За год у такую справу інвесціравана 1287 тысяч рублёў, а ў гаражы арганізацыі з’явіліся тры экскаватары, тры аўтамабілі, сем трактароў, іншая тэхніка.
Паспяховасць мінулагодняй дзейнасці ПМС вымяраецца 500 тысячамі рублёў чыстага прыбытку, а таксама дзевятнаццаціпрацэнтным ростам заробкаў спецыялістаў. Канечне гэта не з паветра ўзялося, а створана высілкамі калектыву, які не толькі нарошчваў вытворчыя аб’ёмы, але і зніжаў затраты, зберагаў энергарэсурсы. Таму і дабіліся па ўсіх пазіцыях добрага выніку, што дазваляе ўпэўнена глядзець у будучыню.
Сяргей Белка