Чарговы “чысты” чацвер у Жыткавічах як заўсёды вызначаўся людской актыўнасцю і масавасцю

Жыткаўчане бялілі, фарбавалі, прыбіралі смецце, абразалі дрэвы, наводзілі парадак на дарогах і аб’ектах. Адным словам, рабілі ўсё, каб у іх паселішчы стала намнога прыгажэй і чысцей.

У гэты дзень праца кіпела ў многіх мясцінах горада. На кальцы, каля кафэ “Бульбянае”, па-гаспадарску размясціліся Алена Сідарчук і Павел Варановіч, работнікі камунальніка. Яны актыўна абнаўлялі пацямнелыя за зіму фарбы на аб’екце вулічнай інфраструктуры.  Далей гэтак жа плённа  на вуліцы Сацыялістычнай шчыравалі іх калегі, якія  па-новаму размалёўвалі пешаходныя “зебры”.  Бачачы, як рупяцца камунальнікі, не сцярпеў і гаспадар магазіна Леанід Раздіёнаў. Узяў лапату і пачаў імкліва на прылягаючай да гандлёвай кропкі тэрыторыі збіраць смецце.

—У такія дні не наводзіць парадак проста грэх, — разважае Леанід Васільевіч. – Прыбяруся, а потым і падбялю ля крамы бардзюры. Святы ж не за гарамі.

Вуліцу Школьную таксама не пакінулі ў беспарадку. Тут рупіліся спецыялісты з ПМК-66. Яны шуфлямі збіралі пясок ля бардюраў. А ля магазіна “Выбар” заўважаем цэлую брыгаду. Гэта таксама рабочыя КУП “Жыткавіцкі камунальнік”, якія абразалі дрэвы. Звон дзвюх бензапіл разносіўся над наваколлем, але нікому не перашкаджаў. Усе насельнікі добра ўсведамлялі – старанні прыкладваюцца дзеля іхняга камфорту. Дарэчы, работа пільшчыкаў добра бачна па ўсёй вуліцы Фрунзэ і іншых месцах.

У цэнтры таксама было шматлюдна. Асабліва бліжэй да абеда і пасля яго. Ля крамаў з пэндзлямі і ведрамі з пабелкай фарбавалі бардзюры і кветніцы працаўніцы спажывецкай кааперацыі.

—У нас стварылі некалькі брыгад, — расказалі яны. – Наводзім парадак ля аднаго аб’екта, пераходзім на іншы. Таму клопатаў хапае.

Заззялі ў чацвер свежай фарбай і агароджа ля МРЭА, а таксама рукатворныя клумбы ля гарадскога Цэнтра культуры.  Жанчыны з установы паспелі нават кветкі высадзіць. Частка калектыву з ГЦК наводзіла парадак у летнім амфітэатры і ля яго, што ў парку імя Міколы Гамолкі.

—Вось атынкоўку на сцэне хочам абнавіць, падбелім бардзюры, пассякаем паміж пліткай расліннасць, падбярэм смецце. Усё ж на гэтым аб’екце пройдуць асноўныя дзеі майскіх святаў, таму не хочацца перад гасцямі асароміцца, — кажа дырэктар Цэнтра Марына Царыкевіч.

У імкненні не адстаць ад культработнікаў у справе добраўпарадкавання працавалі і педагогі з тэхнічкамі з першай жыткавіцкай сярэдняй школы. Яны бялілі ствалы дрэваў.

—Мы сочым за чысцінёй у парку, —  расказвае настаўніца Ганна Сарычава. – За гэтую вясну з дзецьмі ўжо разы з тры прыбіралі тут. А вось пабелкай заняліся самі. Працуем своеасаблівымі брыгадамі, хто вольны ад урокаў бярэцца за пэндзлі. Таму працэс ажыццяўляем без урону навучанню.

Безумоўна, такі працоўны пачын жыткаўчан пахвальны. І не толькі тым, што ў горадзе стане чысцей і прыгажэй, а яшчэ і тым, што талака аб’ядноўвае не толькі справай, але і духоўна.

Сяргей Белка

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.