У Жыткавічах ушанавалі памяць вязняў канцлагераў

Грамадскасць Жыткаўшчыны разам з прадстаўнікамі сусветнай супольнасці 11 красавіка адзначылі Міжнародны дзень вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў.
Навучэнцы школ, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, улады сабраліся ў памятным для кожнага жыхара райцэнтра месцы  — ля абеліска на вуліцы Першамайскай, дзе  ў гады Вялікай Айчыннай вайны гітлераўцы стварылі канцэнтрацыйны лагер для палонных чырвонаармейцаў. Жудасным і страшным быў быт гэтых салдат. Нацысты трымалі іх амаль пад адкрытым небам у любое надвор’е, не кармілі і забаранялі рабіць гэта мясцоваму насельніцтву. За кожную правіннасць усіх чакала смерць.
Дарослыя і дзеці прыйшлі на жалобнае мерапрыемства, каб аддаць даніну гістарычнай памяці ахвярам фашысцкіх злачынстваў. На жаль, як падкрэсліў начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Сяргей Агіевіч,  фашызм зноў узнімае галаву і гэтага нельга дапусціць, як і забыць тыя расправы, што чынілі гітлераўцы над мірнымі людзьмі. Праз “лагеры смерці” прайшлі 20 мільёнаў чалавек з 30 краін, 12 мільёнаў загінулі, з якіх пяць млн грамадзяне СССР.
— Крывавы след нацысты пакінулі і на Жыткавіцкай зямлі, — нагадала старшыня раённай арганізацыі Рэспубліканскага аб’яднання “Белая Русь” Надзея Шабаева. – І не толькі ў лагеры на Першамайскай чыніліся зверствы, а і ў яўрэйскім гета ў Леніне, іншых паселішчах. У маштабах Беларусі лік бязвінных ахвяр складае мільёны. Толькі ў канцлагеры ў Азарычах загінула не меней дваццаці тысяч жыхароў, сто тысяч было знішчана ў Мінскім гета. Забыць такое – таксама злачынства. Слава выжыўшым у тых бесчалавечных умовах! Вечная памяць загінуўшым!
Яе ўшанавалі хвілінай маўчання і ўскладваннем кветак да манумента.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.