Як жыве адзіная насельніца станцыі Брынёва

Хату Валянціны Друк у густым пералеску за дзясятак метраў ад перону знаходзім па сабачаму брэху. Шырокі двор без агароджы спраўна ахоўваюць рыжыя вартаўнікі на доўгай прывязі. Пад гаспадарчай пабудовай вялікая сцірта дроў. Да сціплага дому падступаюць пладовыя дрэвы з трыма кармушкамі для птушак. Насустрач рэдакцыйнай машыне бадзёра крочыць 72-гадовая гаспадыня. Прысеўшы на лавачку пад прызбаю, папярэджвае першае журналістскае пытанне пра вымушаную самаізаляцыю.

– Так склаўся лёс, няма на каго абіжацца, – Кірылаўна кажа, што пустэльніцай стала гадоў пяць назад, калі памерла бабуля-суседка. – Прывыкла ўжэ… Хаця, бывае, як улезуць у галаву ўспаміны, пака ўсё не перадумаеш, не заснеш.

Ад Брынёва часоў яе дзяцінства мала што засталося. Пра населены пункт нагадваюць некалькі апусцелых хацін, раскіданых па лесе. У адной гарадскі сын былых гаспадароў наважваецца рабіць аграсядзібу, ужо і лазню склаў. Частка зрубаў знесена. А ў 1950-1960-ыя гады адсюль ў Палянкаўскую васьмігодку хадзіла каля дзясятка дзяцей. Бацька гераіні аповеду працаваў лясніком, канём бярвенні траляваў. Маці вялікага сямейства, дзе было шасцёра па лаўках, займалася немалой хатняю гаспадаркаю. Пасля школы дзяўчына адвучылася ў СПТВ на хіміка і тры гады працавала ў Светлагорску на заводзе. Дадому вымусіла вярнуцца слабое здароўе мамы.

– Тады і запрасіў мяне на чыгунку начальнік станцыі, – успамінае Кірылаўна сваё знаёмства з новай прафесіяй, якой адслужыла 30 гадоў. – Стрэлачнікам спачатку працавала, потым хвасты ў паяздах правярала, каб фанары ззаду былі ўключаны. Праз нейкі час паставілі качагарам, а перад пенсіяй была станцыйным рабочым. Каб дарабіць 10 гадоў, як станцыю закрылі, ездзіла ў Жыткавічы.

Абоіх бацькоў яна дагледзела да апашняга дня, а ў 2003-ім пахавала і мужа. Хаця жыве жанчына сама, адарванасці ад знешняга свету, прызнаецца, не адчувае. Як стане дужа сумна, можа пешшу праведаць стрыечную сястру ў Бялёве. На наступны пасля нашай сустрэчы дзень збіралася ў райцэнтр па таблеткі.

– На дзізелі – 12 мінут, 48 капеек заплаціла – і ў горадзе, – падрахоўваючы выдаткі, удзячна дабаўляе: – Мінулым летам дарогу насыпалі ад Палянкі. Аўталаўка, дай Бог ім здароўя,  прыязжае, былі б грошы. Поштовая машына пенсію даставіць, за свет і тэлефон плату возьме. Зімой цяжэй. Праз снег не выбярэшся. І скорая, калі што, можэ не дабрацца. Ногу неяк падвярнула, мо трэшчына была, да ўрача не паехала, так і чыкіляю (усміхаецца).

Аднолькавыя будні Валянціны Кірылаўны разбаўляюць тэлевізар, радыё і браты меншыя. Жанчына сцвярджае, што яе сабакі – Бося і Малыш – усё разумеюць, хіба што адказаць, як чалавек, не могуць. І добра ладзяць з катом Цімам. Любіць пенсіянерка пагаманіць з пуцейцамі, што раз на тыдзень прыязджаюць для абслугоўвання станцыі. Шуткуе з хлопцамі, калі тыя скардзяцца на злых камароў: «А мяне яны знаюць і не кусаюцца». Улетку корпаецца на невялічкім агародзе, «каб рукі былі ды здароўе», раней трымала курэй, ды тхор звёў.

– Козкі пад вокнамі часта ходзяць, – брынёўка канстатуе асаблівасці жыцця на ўлонні прыроды. – Лася бачыла не раз, а зайцы могуць і ў капусту ўнадзіцца. Ці страшна адной? Трэба не звера баяцца, а нядобрага чалавека. А больш за ўсё – агню, – пры гэтых словах вочы жанчыны сумнеюць.

Некалькі гадоў таму лясны пажар абышоў яе селішча ў лічаных метрах. А леташняй зімою полымя знішчыла пограб з хляўчуком – і забрала старэйшага сына (Ігар наездамі жыў у маці). Хутчэй за ўсё, думае Валянціна Кірылаўна, ён закурыў у быдыніне ды заснуў. Гора-горкае…

– Хто вам столькі дроў нарыхтаваў, – перавожу размову на іншую тэму.

– Толя дапамагае, – так завуць другога сына, што жыве ў Марохараве (пакуль рыхтаваўся матэрыял, стала вядома, што ён перабраўся ў бацькоўскую хату. – аўт.). – І грады пакапае, і вады наносіць. Меншы Вова з Жыткавічаў радзей наведвае.

У жанчыны ёсць унук з унучкаю і праўнукі. Але ні да каго перабірацца на старасці гадоў яна не хоча. Старшыня Марохараўскага сельсавета прапаноўваў у адным з населеных пунктаў пустуючую хату, трохі адрамантаваць трэба. Адмовіла, «колькі таго жыцця засталося, жменька, да і тая няпоўная».

Хаця Брынёва, лічы, прыгарадны населены пункт, ведаюць яго далёка не ўсе. Часцей блытаюць з аднайменнай вёскаю, што знаходзіцца ў Петрыкаўскім раёне. Пенсійная ведамасць Валянціны Друк некалькі разоў туды вандравала. А ў нашым гартопе толькі з дапамогаю заказчыцы змаглі зразумець, што «ст.» у адрасе дастаўкі паліва расшыфроўваецца як «станцыя».

Даведка

Брынёва заснавана ў XIX ст. як маёмасць памешчыка Кеневіча, які распачаў тут вытворчасць цукру. Па звестках з інтэрнэт-крыніц, у 1861 годзе гэтай салодкай прадукцыі выпусцілі на 1100 рублёў. З 1884 года працавала вінакурня. Праз два гады са здачай у эксплуатацыю ўчастка палескай чыгункі Лунінец-Калінкавічы пачаў дзейнічаць раз’езд, а пасля – станцыя. У 50-60 гады мінулага стагоддзя да яе падыходзіла вузкакалейка з Грабянёўскага, па якой вазілі торф. Пасля рэйкі разабралі.

Згодна з перапісам насельніцтва 1959 года тут налічылі 54 чалавекі. У 2004-ым былі пазначаны тры двары, сем жыхароў.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.