Хрысціна Катвіцкая з Жыткавічаў у свае сто гадоў чытае без акуляраў

Хрысціна Катвіцкая з Жыткавічаў у свае сто гадоў чытае без акуляраў, любіць ласавацца шакаладам і мае намер затрымацца яшчэ на белым свеце.

– Мам, уставай, фатаграфавацца будзеш, – нахіліўшыся да вуха, гучна кажа дачка Тамара, дапамагаючы дробненькай жанчынцы ўладкавацца. – Карэспандэнт прыйшоў даведацца пра тваё жыццё.

– А што казаць? – на твары бабулі з’яўляецца бяззубая, нібы ў дзіцяці, усмешка. – Колькі Бог даў, столькі і жыву.

Яшчэ да мінулага лістапада яна сама выходзіла на вуліцу. Потым «гуляла» па пакоі, а як ногі аслаблі, час праводзіць у ложку. Па пашпарту юбілей Хрысціны Ігнатаўны здарыцца толькі 1 ліпеня. На самай справе нарадзілася бабуля 8 студзеня. Метрыкі падчас вайны прапалі, архіў згарэў, так у дакументах і з’явілася новая дата.

Яна з сям’і калгаснікаў, сярэдняя сярод пяцярых дзяцей. Дарэчы, брат Валодзя не дацягнуў да стагоддзя два тыдні, а бацькам выпала больш за 80 гадоў. Жылі Алексяевічы ў вёсцы Беразіна. Хрысціна скончыла пачатковую школу, і як раней было заведзена, рана пайшла працаваць. Пасціла саўгасных авечак, бульбу капала, цягала копы на лузе. Як вызвалілі Беларусь, два гады будавала на чыгунцы пуці. Шмат пакут прынесла вайна. Тамара Віктараўна расказала, што лёс двойчы зберагаў яе маці. Карнікі аднойчы выгналі на поле і паставілі на калені ўсіх жыхароў вёскі, акружыўшы іх кулямётамі. Выратавала Беразіну мясцовая жыхарка, немка, вымаліўшы ў нямецкага афіцэра адмяніць загад на знішчэнне людзей. Другі раз іх з сяброўкаю пашкадаваў італьянец. Дзяўчат прыгналі ў Жыткавічы мыць бялізну для нямецкіх салдат. Калі ў горадзе пачаўся абстрэл, іх вартаўнік з Апенін жэстамі паказаў, што трэба ўцякаць. Уздоўж дарогі, па якой яны беглі ў бок Людзяневічаў, ляжаў расстраляны абоз, і каб не запэцкаць у кроў адзежу, Хрысціна і Саша мусілі высока падымаць падолы.

Праз пару гадоў пасля Перамогі знаёмы прывёў да яе будучага мужа, удаўца з трохгадовай дзяўчынкаю. Віктар вярнуўся з вайны, дзе сапёрам за фронтам размініраваў тэрыторыю. Тамару яны нарадзілі ў 1950-ым, хаця медыкі забаранялі цяжарыць, як іх першынец памёр.

– Бацька больш за сорак гадоў быў брыгадзірам. Шкадаваў маці, браўшы на сябе цяжкую працу, а яна лічылася заўжды хворай, – без дзіцячай крыўды канстатуе дачка юбіляркі, ветэран педагагічнай працы. – Магла і прыкрыкнуць, а то і дубца даць. Затое ўмела гатаваць, смачна карміла талаку, якая звычайна выбірала бульбу ці сена рыхтавала. Мы са зводнай сястрой Марыяй ад дарослых на працы не адставалі. Гаспадарка ў сям’і была вялікая.

У райцэнтр Хрысціна Ігнатаўна перабралася дваццаць гадоў назад, хутка пасля таго, як не стала мужа. З таго часу дачка падаўжае належным доглядам век роднага чалавека. У бабулі добрае для яе пашпарту адчуванне, усяго два разы трапляла ў бальніцу. Зрок не падводзіць. І на апетыт не скардзіцца, аддаючы перавагу правільнаму харчаванню. З мясных страў паважае хіба што мяккую катлету, малако – толькі ў супе, а больш за ўсё любіць фрукты – экзатычнае памела, бананы – і шакаладныя цукеркі. У адрозненні ад многіх састарэлых ніколі не ўспамінае пра смерць, жартуючы, што дзе сто гадоў, там і дзвесьці.

У юбіляркі вялікая радня. Дзве дачкі нарадзілі пяцярых унукаў Хрысціны Катвіцкай. А тыя падоўжылі род сямю нашчадкамі. Столькі ж падрастае і прапраўнукаў.

– Няхай жыве даўжэй, – Тамара Віктараўна клапатліва папраўляе хустку на матчынай галаве, – побач з ёй я – дзіця… І ў хаце не адчуваю адзіноты.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.