Пад шэпт хваль і сосен
Два дні ў адзінстве з прыродай і здаровым ладам жыцця правялі калектывы фізічнай культуры прадпрыемстваў і арганізацый Жыткаўшчыны. Цудоўнаму і карыснаму адпачынку садзейнічаў турыстычны злёт, які прайшоў 14-15 ліпеня.
Мерапрыемства па традыцыі адбылося на цудоўным і прыгожым беразе возера Белае. Тут паспаборнічаць сабраліся чатыры каманды фізкультурнікаў з лясгаса, ВУ «Жыткавічгаз», УЗ «Жыткавіцкая ЦРБ» і ААТ «Жыткавіцкі маторабудаўнічы завод». Нягледзячы на нявельмі вялікі склад удзельнікаў злёту, ніхто з іх не пашкадаваў, што прабавілі час у незвычайнай, напоўненай духам саперніцтва абстаноўцы. Напал барацьбы атрымаўся даволі вострым. Паспряла таму і абноўленая праграма спаборніцтваў, якая ўключала ў сябе восем спартыўных дысцыплін і адно творчае выпрабаванне. Эмоцыі ва ўсіх турыстаў толькі станоўчыя. І чэрпаць іх было адкуль. Адзін майстар-клас па сардэчна-лёгачнай рэанімацыі, што правяла перад пачаткам этапаў фельдшар брыгады хуткай медыцынскай дапамогі Святлана Жогаль, чаго варты. Прафесійныя навыкі медыка ўсіх не проста ўразілі, а выклікалі вялікае ўзрушанне і замілаванне. Не меншы эмацыянальны ўздым пакінула і аўтарская песня лесаводаў. Ну, і канечне ж, сама эстафета.
Пераможцамі злёту з вялікім адрывам ад канкурэнтаў стала каманда Жыткавіцкага лясгаса. Яе прадстаўнікі запісалі ў сваю скарбонку аж чатыры першыя месцы. Акрамя творчага конкурсу «золата» атрымалі за этапы «Кот у мяху», «Вязанне вузлоў», «Паласа перашкод». Дарэчы, у другой і трэцяй дысцыплінах другое месца занялі фізкультурнікі Жыткавіцкай ЦРБ. А вось у «Спартыўным арыентаванні» і «Водным турызме» прадстаўнікам установы не было роўных. Ім пастаянна моцную падтрымку аказвалі старшыня прафкама Леанід Жогаль і галоўны ўрач Людміла Катлярчук. Варта адзначыць, што прафсаюзныя лідары і іншых пярвічак прыклалі нямала высілкаў, каб каманды іх прадпрыемстваў выступілі годна. І гэта толькі спрыяла ходу спаборніцтваў, напалу барацьбы. Бо, якая дружына стане другой, а якая трэцяй, удалося вызначыць толькі на апошняй дыстанцыі. Прызёраў каманды «Газавік» і «ЖМЗ» аддзяліла толькі адно ачко. Не расчараваліся і медыкі, хаця патэнцыял, як паказаў злёт, у каманды вельмі значны, ды і зараджанасці на саперніцтва таксама дастаткова. А ўвогуле ўсе калектывы праявілі не толькі згуртаванасць, стойкасць і вытрымку да апошняга этапа спаборніцтваў, але і дружалюбства і таварыскасць. Гэта немалаважна і ў паўсядзённай працоўнай дзейнасці.
Несумненна, што мерапрыемства, якое традыцыйна штогод арганізоўвае сектар фізічнай культуры спорту і турызму райвыканкама, атрымалася на ўсе сто і паказала, прыхільнікаў здаровага ладу жыцця ў раёне маецца дастаткова.