Захавальніца культурнага скарбу

Кацярына Шукаловіч на пасадзе загадчыка  хільчыцкага клуба ўжо знаходзіцца амаль два дзесяцігоддзі. І ўвесь гэты час яна, непакладаючы рук імкнецца захоўваць мясцовыя культурныя скарбы і традыцыі.

Цяпер установа выглядае, нібы музей. Знайшлося тут месца і старадаўнім прыладам працы, і посуду. Выклікае цікавасць і выстава фотаздымкаў, на якіх адлюстраваны ранейшыя выгляды вёскі, яе жыхароў. Усе экспанаты прыносілі вяскоўцы па просьбе Шукаловіч. Сцены клуба ўпрыгожваюць і вышыванкі. Гэта ўжо справа рук самой загадчыцы і яе калег.

— Навучыліся вышыванню ў нашых майстрых Ніны Кацэвіч і Ніны Леўкавец, — расказвае Кацярына Дзмірыеўна. — Вельмі хацелася, каб рамяство не пайшло ў нябыт. Вось і асвоілі яго тэхніку.

Яшчэ адным важным дасягненнем жанчыны па зберажэнні мясцовай культуры можна лічыць адраджэнне самадзейнага калектыву, які носіць назву «Хільчанка». Дарэчы, песенная творчасць у клубе заўсёды была на першым плане. Недзе ў 1950 годзе тут арганізаваўся спеўны калектыў. Але з цягам часу ўсё прыйшло ў заняпад. Вось Кацярына Дзмітрыеўна і пачала шукаць аднадумцаў, каб выступаць на сцэне. Атрымалася. У ансамблі, якому званне «народны» прысвоілі ўжо пры Шукаловіч, цяпер сем жанчын.

— Зразумела, у клубе праводзяцца розныя мерапрыемствы. Хаця цяпер нялёгка завабіць людзей. Усе больш па хатах ды на працы. Але ж культуру ў масы патрэбна несці, — кажа Кацярына Дзмітрыеўна. — Асобна імкнемся далучаць дзяцей. Няхай і няшмат іх у вёсцы, але прыходзяць кожны дзень на канікулах.

Юныя наведвальнікі арганізаваны ў два аматарскія фарміраванні. У адным асвойваюць азы тэатральнага мастацтва, у другім — фальклор. Бавяць час хлопчыкі і дзяўчынкі ў клубе і за рознымі гульнямі. Для гэтага маецца спецыяльны куток. Праводзяцца са школьнікамі і розныя прафілактычна-тэматычныя гутаркі. — і пра бяспеку, і пра здаровы лад жыцця, і пра паводзіны на вуліцы, і інш. Аб гэтым дбае Марыя Каралец, якая з’яўляецца і акампаніятарам мясцовай самадзейнасці.

Нягледзячы ні на што, цепліцца жыццё ў хільчыцкай установе культуры. І вялікая заслуга ў гэтым Кацярыны Дзмітрыеўны і яе калег па цэху.

Сяргей БЕЛКА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.