На зямлі Кірылы Тураўскага ўславілі родныя слова, песню, традыцыю

—Я люблю сваю малую радзіму, людзей, якія жывуць тут. І вельмі рады, што ўдаалося зрабіць для яе нешта годнае, якое ўслаўляе мілы куточак, робіць яго вядомым і прыцягальным для многіх гасцей, —такімі словамі прывітаў Заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь, старшыня абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, празаік, публіцыст, драматург Уладзімір Гаўрыловіч удзельнікаў пятага рэгіянальнага фестывалю, літаратуры, культуры, мастацтва і народных традыцый “На зямлі Кірылы Тураўскага”.

Менавіта дзякуючы Уладзіміру Мікалаевічу сёлета імпрэза адсвяткавала першы юбілей. І рабіла гэта надзвычай весела: з песнямі і танцамі, вялікай колькасцю экспазіцый, і зразумела, мноствам цёплых і шчырых пажаданняў і ўзнагарод за творчасць. І сплавіў гэта ўсё гарадскі Цэнтр культуры, дзе прайшла асноўная дзея ўрачыстасці. Прысутных у зале павіншавалі з важкай нагодай не толькі прадстаўнікі пісьменніцкіх арганізацый Беларусі і Расіі, але і мясцовай улады, праваслаўнага духавенства і ўстаноў культуры. Гледачы дружнымі апладысментамі віталі ўладальнікаў абласной літаратурнай прэміі “Палескія росы”. Прыемна, што ў ліку такіх знакамітасцей як народны артыст Беларусі  Э.Ханок. піьменнікі Т. Кручэнка, В.Цярохін, высокую ўзнагароду з рук Уладзіміра Гаўрыловіча атрымаў і наш былы калега, “новапалескавец” С. Кулакевіч.

Належна аддзячаны старшынёй абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі і юныя таленты Жыткаўшчыны, якія сталі прызёрамі і пераможцамі творчых конкурсаў. З імі і іх творамі чытачы змогуць пазнаёміцца ў бліжэйшым нумары “НП”.

Асобных слоў заслугоўвае трэці рэгіянальны фестываль песеннай культуры “Беларусь – мая песня і мова”, які стаў сапраўдным упрыгожаннем  фэсту “На зямлі Кірылы Тураўскага”. У амфітэатры, што ў парку імя Міколы Гамолкі, з раніцы і да абеду несціханна гучалі спевы і музыка. Самадзейныя калектывы з сямі раёнаў Гомельшчыны не толькі шырока раскрылі скарбніцу нацыянальнай культуры і традыцый, але і прадэманстравалі высокае выканальніцкае майстэрства. І ў гэтым песенным змаганні жыткаўчанне не засталіся без узнагарод. Дыпломы атрымалі народныя калектывы “Веціца” са Старажоўцаў і “Жытніца” з Жыткавічаў.

Фестываль “На зямлі Кірылы Тураўскага” яскрава паказаў, у якое велічнае і знакавае мерапрыемства можа выліцца ініцыятыва аднаго чалавека, пры ўсебаковай падтрымцы ўлады і грамадскасці. А гэта сведчыць аб адным, што духоўны пачатак, закладзены Златавустам мае годных прадаўжальнікаў на святой і слаўнай зямлі.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.