Свае першыя прафесійныя крокі ў ВУ “Жыткавічыгаз” Віктар Саўчыц зрабіў дваццаць тры гады назад

Цяпер гэта паважаны і спрактыкаваны спецыяліст, які валодае некалькімі прафесіямі і здольны выконваць самыя складаныя задачы.

Віктар Іванавіч палюбіў сваю працу адразу, як толькі ўладкаваўся на прадпрыемства трактарыстам. Пастаянна з добрым настроем ён пачынаў рабочы дзень. Хаця перад тым да месца працы адмахваў на веласіпедзе з Хісцецкага Бору больш як дзясятак кіламетраў. Такі жыццёвы рытм захаваўся і дагэтуль. Праўда, як прызнаецца спецыяліст, цяпер ездзіць у Жыткавічы з Сяменчы ўласным аўтамабілем.

— Зарабляць жа на жыццё недзе трэба, а ў нашай арганізацыі для гэтага створаны ўсе магчымасці. Таму і даражу работай, ды і калектыў падабраўся добры. Даўно  знітаваўся з ім, пакідаць не збіраюся, — гаворыць Віктар Саўчыц.

Вытворчая неабходнасць дала магчымасць мужчыне перакваліфікавацца з трактарыста ў слесары. На гэтай пасадзе не адну дарогу скалясіў у раёне, дастаўляючы па вёсках балоны з газам. Напэўна тады і прыйшло жаданне самому сесці за руль аўтамабіля. І ён гэта зрабіў. Цяпер Віктар Іванавіч сам дастаўляе калег па вызначаных адрасах. У асноўным гэта гаспадары сядзіб, якім імкнуцца падвесці прыродны газ. Менавіта ўстаноўкай спецыяльнага абсталявання, яго падключэннем і займаецца брыгада, якую прывозіць Віктар Іванавіч. Не сядзіць і сам без справы, дапамагае таварышам манціраваць газавае абсталяванне.

— Навык ёсць, чаму і не папрацаваць, — расказвае спецыяліст. — Тым больш што сумесна хутчэй усё атрымліваецца і зручней. А гаспадары такі расклад толькі вітаюць.

Самааддача Саўчыца падмацавана мноствам узнагарод, якімі адзначыла яго старанні кіраўніцтва ўпраўлення. А яшчэ ён — пераможца і прызёр конкурсаў прафесійнага майстэрства, што таксама яскрава сведчыць, наколькі гэты руплівец адданы абранай справе.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.