У АТ “Тураўшчына” нядрэнна складваюцца справы на кукурузным палетку

З культуры, якую размясцілі на 2559 гектарах, у аптымальныя тэрміны назапасілі 64 тысячы тон сіласу. З гэтай задачай нядрэнна справіліся механізатары Іван Кажаноўскі, Аляксей Кудзелька, Іван Меляшчэня, Іван Мілевіч і Іван Кавалевіч, якія на кормаздабываючых комплексах скасілі каралеву палёў. Зараз на яе пасевах не меней напружана.

— Дзвесце гектараў пакінулі для абмалоту кукурузы на зерне, — расказвае намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце Арцём Кузьміч. — І не прагадалі. З улікам недабору каласавых гэтыя плошчы сталі добрай падпіткай фуражных запасаў. Кожны гектар аддзячвае ў сярэднім сарака трыма цэнтнерамі. Ёсць палі і са значна большай ураджайнасцю.

Даверылі абмалот пачаткаў Міхаілу Бабарыку і Пятру Дарошку.

— Для механізатараў добрая магчымасць павысіць уласныя здабыткі. На жаль, каласавых мы не дабралі. Таму і намалоты ў камбайнераў меншыя, — разважае Арцём Іванавіч. — Той жа Міхаіл Аляксандравіч летась выдаў з бункера камбайна больш як дзве тысячы тон толькі зерня, а цяпер — прыкладна 1600. Сярод маладых калег на ўборцы ён з гэтым паказчыкам стаў лепшым у вобласці. Зразумела, што і сёлета нацэлены на высокі вынік. Вось і стараецца.

На згаданым сельгасканвееры Бабарыка другі год. Зразумела, улічыў леташнія памылкі, зараз намнога лепей справа ладзіцца. На дваіх ужо вылушчылі з пачаткаў 550 тон залацістага зярня. І на дасягнутым спачываць не збіраюцца. Даўбіраць неабходна прыкладна гектараў шэсцьдзясят. Нямнога, здаецца, але з улікам пагодных умоў рабіць гэта няпроста.

Зерне з поля адразу паступае на дапрацоўку. Магутнасці мясцовага збожжасушыльнага комплексу дазваляюць рабіць гэта і аператыўна, і якасна. Канчатковы пункт прызначэння — склад, адкуль зерне, перш чым трапіць у рацыёны жывёлы, пераўтворыцца ў камбікорм  на спецыялізаваных камбінатах.

— Цяпер для грамадскага статку ў нас значна больш кармоў, — гаворыць Арцём Кузьміч. — На адну ўмоўную галаву маем па 30 цэнтнераў адзінак, плюс 7,6 да мінулагодняга. І кукурузны сілас, а таксама зерне займаюць у азначанай колькасці даволі салідную долю.

Увогуле каралева палёў служыць важкай крыніцай папаўнення фуражу не толькі для “Тураўшчыны”, але і іншых гаспадарак. Толькі для ўборкі на зерне яе пакінулі ў раёне 2920 гектараў. Ураджайнасць значна вышэйшая за каласавыя — 53 цэнтнеры на круг. Як адзначыў у сваім выступленні на апошнім пасяджэнні райвыканкама першы намеснік кіраўніка рэгіёна, начальнік райсельгасхарчу Яўген Шкробат, у планах атрымаць больш як 12 тысяч тон. Ужо зараз бачна, што паказчык значна перакрыюць. Цяперашнія вытворчыя здабыткі па абмалоту кукурузы на зерне — чатырнаццаць тысяч тон. Важкі яго збор у сялянскай гаспадарцы М.Р. Шруба і ТАА «Шрубфарм» — амаль сем тысяч тон. У акцыянерным таварыстве “Прыазёрскае-Агра” — 5700 і далей ААТ “Тураўшчына” — амаль 600 тон.

Убраць культуру на зерне яшчэ патрэбна на больш як ста гектарах. Відавочна, справа рухаецца да фінішу. І гэта абнадзейвае, што надоі і прывагі ў раёне дзякуючы цяперашняй аддачы кукурузных палеткаў значна прырастуць. Пацверджанне таму і 206 тысяч тон сіласу, што нарыхтавана ў гаспадарках для грамадскай жывёлы.

Сяргей Белка

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.