«Хто нягож – кідалі ў зажыгалку»

Год, які Ніна Раманоўская правяла ў фашысцкім зняволенні, дагэтуль баліць незагойнай ранай душы.

Дзяцінства ўраджэнкі Пагоста не падаравала ёй радасць успамінаў, а тое, што бачылі яе вочы, хацелася хутчэй забыць. У жніўні 1941-га, калі вёску палілі немцы, Ніне з татам, мамаю і двума братамі пашчасціла выратавацца, схаваўшыся ў прырэчнай лазе. Пра хуткую карную аперацыю сям’ю тады папярэдзіў мясцовы жыхар, які служыў у паліцыі. А праз два з паловай гады ўцячы ад фашысцкай аблавы ім не ўдалося. Разам з іншымі вяскоўцамі пяцёра душ Германаў схапілі і машынай павезлі на стацыю ў Жыткавічы. Там пагрузілі ў таварнякі, якія рушылі ў Германію.

– Людзей набілі поўныя вагоны, – прыгадвае тую раннюю вясну 1944 года былая вязніца. – За колькі сутак дарогі адзін раз, недзе на прыпынку ў Польшчы, далі трохі супу. Трапілі мы ў горад Хемніц. На сарціроўцы адабралі самых дужых і размеркавалі па халодных адрынах (аўт. – бараках). Каму на нарах месца не хапіла, клаліся на зямлю. Бацька з Віктарам і Васілём працавалі на шахце, а мама голымі рукамі, праз тое з іх аблазіла скура, ляпіла дынамітныя шашкі, якімі ўзрывалі вугаль у забоі.

Чатырнаццацігадовай Ніне адносна пашчасціла, яе адправілі ўбіраць тэрыторыю завода, мыць падлогу ў кабінетах, «дзе начальнікі пісалі». Кожны дзень, без выхадных і свят, пачынаўся для савецкіх вязняў аднолькава – кубак гарбаты з кавалачкам эрзац-хлеба і развод пад гітлераўскім канвоем. Потым з шасці да 18 гадзін – знясільваючая праца, пастаянныя пабоі, знявага і вечны голад. Смак той гнілой высушанай бручкі ці, як кажа Ніна Іванаўна, «каларАбы», якую давалі днём, яна, здаецца, не забылася і сёння. Але мацней за іншыя пакуты быў страх смерці.

– Хто станавіўся нягож, таго кідалі ў зажыгалку, – так жанчына называе печ, у якой палілі остэрбайтараў. – Чалавека садзілі ў такую ваганетку з ручкамі і штурхалі ў пекла. Сколькі іх там пагінула… Непадалёку раслі, сплёўшыся галінамі, бяроза і асіна. Як толькі падзьме вецер, дрэвы пачыналі выць, нібы па нябожчыках плакалі…

Аднойчы і яна ледзь не трапіла ў гэты крэматорый. Захварэла на тыф, не змагла падняць галавы ад ложка. Урач са зняволеных папярэдзіў, каб не прызнавалася нямецкаму доктару, які добра размаўляў па-руску, што ў яе баліць, і ўпотай сунуў у далонь таблеткі. Гэта і ўратавала дзяўчыну ад вернай гібелі.

Праз год прыйшла доўгачаканая Перамога, вязняў вызвалілі савецкія салдаты. Поўным складам Германы вярнуліся ў Пагост, дзе замест хаты іх чакалі галавешкі. Паціху адбудаваліся. Ніна сустрэла сваё каханне. Аднавясковец Трафім Аляксандравіч паспеў і на фронце паваяваць, і пасля заканчэння вайны два гады тэрміновай службы прайсці. Маладая сям’я Раманоўскіх пераехала ў Азяраны. Гаспадыня, якая да акупацыі скончыла ўсяго чатыры класы, працавала ў калгасе, яе сужэнец – на дрэваапрацоўцы. У іх нарадзіліся шэсць дачок. Нібы галінкі вялікага дрэва, яны далі новыя парасткі – дзевяць дзяцей, якія прадоўжылі род такой жа колькасцю нашчадкаў. А ўдава вызваліцеля і сведка генацыду беларускага народу Ніна Іванаўна, пра якую зараз з любоўю клапоціцца дачка Тамара, у сваёй хаце 15 мая сустрэне 95-гадовы юбілей.

ФАКТЫ

 У Трэцім рэйху і акупаваных нацыстамі краінах існавала 14033 пункты, дзе прымусова ўтрымлівалі і сістэматычна знішчалі людзей.

 Усяго ў канцлагерах, гета і турмах знаходзіліся каля 18 мільёнаў чалавек, прыкладна 11 мільёнаў былі забітыя.

 Людзей спальвалі жывымі, труцілі ў газавых камерах, правяралі на іх уздзеянне лякарстваў і ядаў, праводзілі жудасныя медыцынскія эксперыменты, прымушалі да цяжкай працы.

 Міжнародны дзень вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў устаноўлены ў памяць пра паўстанне зняволеных Бухенвальда, якое адбылося 11 красавіка 1945 года.

 У нашым раёне зараз пражываюць 26 былых вязняў.

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.