Разам працуюць на вынік

417Сёлета на зімоўку грамадскаму статку працаўнікі адкрытага акцыянернага таварыства “Людзяневічы” запланавалі назапасіць 2343 тоны сена, 8200 сенажу і 21300 тон сіласу. І калі нарыхтоўка апошняга віду корму яшчэ наперадзе, сілас будзе закладзены ў траншэі з кукурузы, то з першымі двума відамі поўны парадак.
На цяперашні час пад павецямі і ў траншэях у гаспадарцы захоўваецца 2040 тон сена і 8455 тон сенажу. І назапашванне іх не спыняецца. З самага пачатку зялёнага жніва ў гаспадарцы стварылі моцны механізаваны корманарыхтоўчы атрад. Аснасцілі яго высокапрадукцыйнай тэхнікай: кормаздабываючым комплексам, шыроказахопнай касілкай, “Амкадорам”, граблямі, дастатковай колькасцю трактароў для адвозкі масы. Справа ў мясцовых механізатараў заладзілася адразу. Тут варта адзначыць, што травяныя ўгоддзі парадавалі высокай аддачай. Прычым не толькі падчас першага ўкосу, але і другога. Таму і маюць такія станоўчыя вынікі сёлета ў сельгаспрадпрыемстве на кормавытворчасці.
Механізатары, якія заняты на назапашванні кармоў, — людзі вельмі старанныя і працавітыя. Яны добра разумеюць, наколькі важны для гаспадаркі іх участак вытворчасці. Таму і прыкладваюць адпаведныя намаганні, каб як мага найлепш выконваць ускладзеныя на іх абавязкі. Развярнуцца механізаванаму атраду ёсць дзе, кармавыя ўгоддзі акцыянернага таварыства даволі шырокія, займаюць некалькі тысяч гектараў. Таму і не марудзяць Сяргей Паўлючык (на здымку), Іван Бакуновіч, Уладзімір Мамановіч, Юрый Гатчэня, Іван Бакуновіч і Уладзімір Гатчэня. У кожнага з іх свае абавязкі. Нехта заняты на касьбе траў, нехта — на іх здрабненні, варушэнні, адвозцы правяленай масы, трамбоўцы, але ўсе разам прыносяць той неабходны вынік сельгаспрадпрыемству.
— Хлопцы працуюць вельмі зладжана, — расказвае адказная за дзейнасць кормаздабываючага атрада ў дзень нашага наведвання дыспетчар Ірына Дарошка. — Іх самааддача і майстэрства заслугоўваюць самых добрых слоў пахвалы. Таму цяперашнія высілкі нашых корманарыхтоўшчыкаў яскрава сведчаць, што грамадская жывёла зімой галадаць не будзе.
Важным звяном у рабоце людзяневіцкіх корманарыхтоўшчыкаў з’яўляецца тое, што яны стараюцца не толькі назапасіць большую колькасць корму, але яшчэ і забяспечыць яго высокую якасць. Таму найпільнейшая ўвага надаецца падчас закладкі травяной масы тэхналагічным патрабаванням. А гэта найперш захаванне тэрмінаў закладкі травы ў траншэі, яе папярэдняе прасушванне да неабходнай вільготнасці, трамбоўка масы, своечасовая кансервацыя ўжо гатовых кармоў. З усім спраўляюцца вельмі паспяхова.
Стварэнне моцнай кармавой базы для жывёлагадоўчай галіны акцыянернага таварыства не адзіны клопат, каб тая працавала ў зімовы час стабільна і прыносіла належную аддачу. Назапашваюць у гаспадарцы і салому, якая пойдзе на падсцёл жывёлы, бо значная колькасць яе ўтрымліваецца беспрывязна. Для паспяховага правядзення гэтай работы нават закупілі новы высокапрадукцыйны прэс, што дазваляе эфектыўна вызваляць палі ад саломы. Работа гэтая выканана на 660 гектарах, нарыхтавана 660 тон саламяных цюкоў і рулонаў. Рамантуюцца і фермы. У прыватнасці, капітальная рэканструкцыя цялятніка праведзена на сялкоўскай ферме. Адным словам, у акцыянерным таварыстве “Людзяневічы” робіцца ўсё магчымае, каб стварыць для жывёлаводаў моцны падмурак для паспяховай работы.
Сяргей БЕЛКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.