Паляпшаецца адпачынак на ўлонні вясковым
Аграэкатурызм у нашай краіне ўжо сфарміраваўся як нацыянальны турыстычны прадукт, дзякуючы якому для гараджан маецца цудоўная магчымасць адпачыць у экалагічна чыстых кутках рэспублікі, а таксама атрымаць асалоду ад яе прыгожых і маляўнічых краявідаў. Прыцягальны ён і для турыстаў з іншых краін свету. Гэтаму садзейнічае багатая гісторыка-культурная спадчына. Таму і не дзіўна, што папулярнасць сельскага турызму расце год ад году. Напэўна, ні адна сфера не мае такога імклівага развіцця, штуршком для якога паслужыў Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 2 чэрвеня 2006 года №372 “Аб мерах па развіццю аграэкатурызму ў Рэспубліцы Беларусь”. За прайшоўшы час колькасць дзеючых аб’ектаў аграэкатурызму практычна з нуля сягнула больш чым за тысячу васемсот. Свой уклад у гэтую справу згодна з дзяржаўнай праграмай пастаянна ўносіць ААТ “Белаграпрамбанк”, які аказвае фінансавую, метадалагічную і інфармацыйную падтрымку гэтай праграме. Радуе, што і ў нашым Палескім рэгіёне маецца нямала энтузіястаў, якія ўпэўнена пакрочылі па раней нязведанаму шляху аграэкатурыстычнай дзейнасці. Яе патэнцыял і ацанілі ўдзельнікі чацвёртай Міжнароднай канферэнцыі па тэме: “Аграэкатурызм – стан і перспектывы развіцця”, якая прайшла на турыстычных аб’ектах старажытнага Турава і ДПУ “Нацыянальны парк “Прыпяцкі”.
Напачатку мерапрыемства госці, а гэта гаспадары аграсядзіб з усіх рэгіёнаў краіны, кіраўніцтва і спецыялісты ААТ “Белаграпрамбанк”, грамадскага аб’яднання “Адпачынак у вёсцы”, прадстаўнікі і эксперты з Украіны, Расіі, Казахстана, змаглі ацаніць камфорт турыстычных аб’ектаў акцыянернага таварыства “Тураўшчына”, у прыватнасці, гасцініцы “Тураў” і гасцінічнага комплексу “Струмень”, дзе ўсе яны былі размешчаны на начлег. Пасля рэгістрацыі для ўдзельнікаў канферэнцыі была праведзена аглядная экскурсія па старажытным горадзе і яго славутых мясцінах. Сярод наведаных аб’ектаў былі сабор святых Кірыла і Лаўрэнція, часоўня і растучыя крыжы на Барысаглебскіх могілках, музейная экспазіцыя на Замкавай гары. Усё гэта сведчыць пра экскурсійны патэнцыял для арганізацыі культурнага і духоўнага турызму на гэтай зямлі, бо розных неверагодных цудаў тут вельмі шмат. Узяць тую ж ікону Прасвятой Багародзіцы Казанскай, што знаходзіцца ў часоўні. Некалі зусім цмяны воблік святой набыў яскравыя абрысы. І ўсё гэта актыўна скарыстоўвае ААТ “Тураўшчына” падчас уласнай турыстычнай дзейнасці. Хаця гэта не адзіны накірунак у такой справе. Шырока прапагандуецца таварыствам і экалагічны турызм, правядзенне паляўнічых і рыбацкіх тураў. Зараз, як адзначыў дырэктар сельгаспрадпрыемства Уладзімір Кузьменка, праяўляюць гараджане зацікаўленасць да вытворчага турызму. Таму ў лік аб’ектаў для наведвання ўключылі і малочнатаварную ферму ў Верасніцы. Дарэчы, на ёй пабывалі і ўдзельнікі канферэнцыі. Важнасць вытворчага турызму для кіраўніцтва акцыянернага таварыства яшчэ і ў тым, што ён дапамагае прывіваць любоў да сялянскай працы ў мясцовых школьнікаў, якія, знаёмячыся з умовамі працы бацькоў, вырашаюць працягваць іх справу, паступаюць у навучальныя ўстановы сельскагаспадарчага профілю. Цяпер па дагаворах сельгаспрадпрыемства вучыць для ўласных патрэб прыкладна чатыры дзясяткі спецыялістаў, якія ў будучым будуць прымнажаць багацце гэтай зямлі.
Тураўскі малочны камбінат – гэта яшчэ адзін аб’ект вытворчага турызму. Сюды з экскурсіяй таксама завіталі ўдзельнікі канферэнцыі. Акрамя таго, што іх пазнаёмілі з вытворчасцю сыроў, гісторыяй будаўніцтва аб’екта, яго перспектывамі, усіх пачаставалі прадукцыяй.
Самай жа важнай падзеяй першага дня канферэнцыі стала прэзентацыя аграсядзіб іх гаспадарамі. Мэта яе — вызначыць лепшы аграэкатурыстычны аб’ект рэспублікі. Дарэчы, ААТ “Белаграпрамбанк” праводзіць такі конкурс з 2006 года. І жадаючых прыняць удзел у ім становіцца ўсё болей і болей. На гэты раз заявілася больш сарака гаспадароў аграсядзіб, а ў фінальную частку трапіла каля дваццаці. З прэзентацый было добра бачна, што сельскі турызм у Беларусі развіваецца сямімільнымі крокамі. Гаспадары-канкурсанты прадэманстравалі падчас сваіх выступленняў, што ў сядзібах створаны не толькі прыстойныя ўмовы пражывання і быту, але і маецца мноства разнастайных заняткаў, за якімі могуць праводзіць свой час госці. Некаторыя ўладальнікі турыстычных аб’ектаў нават ладзяць і арганізуюць песенныя фестывалі і іншыя буйныя мерапрыемствы. Менавіта такіх ініцыятыўных людзей, якія развіваюць для нашай краіны такую важную і патрэбную справу, шчыра прывітаў і пажадаў новых поспехаў і плёну ад раённай улады намеснік старшыні Жыткавіцкага райвыканкама Валерый Рагалевіч.
Не менш насычаным быў і другі дзень канферэнцыі. Усе яе мерапрыемствы на гэты раз адбываліся на тэрыторыі Нацыянальнага парка “Прыпяцкі”, у аграгарадку Ляскавічы. Зноў жа ўдзельнікі змаглі ацаніць магутны патэнцыял для турызму на тэрыторыі Палесся. Экскурсіі па музеі прыроды, па сафары-парку выклікалі нямала станоўчых эмоцый. Гэта спрыяла і канструктыўнаму абмеркаванню надзённых пытанняў, звязаных з развіццём аграэкатурызму ў нашай краіне падчас плянарнага пасяджэння з удзелам намесніка Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Анатоля Тозіка, намесніка міністра спорту і турызму Рэспублікі Беларусь Чэслава Шульгі, старшыні праўлення БГА “Адпачынак у вёсцы” Валерыі Кліцуновай і іншых гасцей. Вітаючы іх, Анатоль Афанасьевіч зазначыў, што сельскі турызм – гэта тая аддушына для гараджан, каб далучыцца да сваіх каранёў.
– І сёння беларуская аграэкатурыстычная індустрыя спынілася на тым узроўні, калі колькасць павінна пераходзіць у якасць, – зрабіў выснову намеснік прэм’ер-міністра. – Таму патрабуецца вырашыць, у якім напрамку рухацца. Галоўнае, што ў гэтым памкненні патрэбна захаваць і адрадзіць тую вёску, у якой жылі нашы дзяды і прадзеды. На жаль, некаторыя аграсядзібы даўно выйшлі за рамкі свайго фармату, ператварыліся ў сапраўдныя рэстаранна-гасцінічныя комплексы.
Апошні аспект, што выказаў Анатоль Афанасьевіч, выклікаў гарачую дыскусію ва ўдзельнікаў канферэнцыі. І нямала з іх прытрымліваюцца пазіцыі, што развівацца агратурызм на сучасным этапе павінен па розных шляхах. Хаця, каб захаваць аўтэнтычнасць вёсак, неабходна распрацаваць узоры беларускіх хат, якія б дапамагалі гаспадарам аграсядзіб прытрымлівацца народных традыцый. Неабмежаванае поле для гэтай дзейнасці маецца і ў культурнай спадчыне, розных промыслах, у кулінарнай справе і многіх іншых сферах. Ды і развіццё міжнароднага супрацоўніцтва таксама дасць новы штуршок для развіцця сельскага турызму ў краіне. Увогуле, падчас канферэнцыі было закранута нямала пытанняў, станоўчае вырашэнне якіх толькі будзе спрыяць развіццю адпачынку на ўлонні вясковым. Сярод іх экалогія і ўзаемаадносіны з банкам, выдзяленне зямлі, пенсійнае забеспячэнне і многае іншае. Намеснік прэм’ер-міністра ўважліва выслухаў кожнага выступоўца, папрасіў занатаваць узнятыя праблемы, каб потым імі заняліся спецыялісты адпаведных службаў. Самае ж галоўнае, што на ніве сельскага турызму ёсць яшчэ шмат працы, але і маюцца людзі, якія здольныя і ўмеюць яе вынікова выканаць. Завяршылася мерапрыемства ўзнагароджваннем пераможцаў конкурсу на лепшую аграсядзібу краіны.
Сяргей БЕЛКА.