Па заслугах і гонар

Па выніках работы за мінулы год у ліку лепшых жывёлаводаў раёна стаіць і прозвішча Антаніны Віткоўскай. Яна працуе аператарам машыннага даення ў камунальным сельскагаспадарчым унітарным прадпрыемстве “Бялёў”. І працуе, як паказаў мінулагодні вынік, жанчына даволі нядрэнна. Летась ад кожнай каровы замацаванай групы яна надаіла па пяць тысяч дзвесце кілаграмаў малака.


Сёлетні справаздачны сход як і ў ранейшыя гады ў сельгаспрадпрыемстве “Бялёў”закончыўся пазітыўным момантам. Кіраўнік гаспадаркі Валянціна Точка гучна называла прозвішчы сваіх перадавікоў вытворчасці і ўручала ім заслужаныя ўзнагароды. Прозвішча Віткоўскай было названа дырэктарам у ліку першых. Прычыны такой пашаны зразумелыя. Антаніна Віткоўская ўпершыню па гаспадарцы за год атрымала ад каровы больш пяці тысяч кілаграмаў малака. Гэты паказчык стаў лепшым сярод аператараў машыннага даення сельгаспрадпрыемства за 2009 год. Таму і ўзнагарода была даволі саліднай, Антаніне Мікалаеўне ўручана карова. Умее, зазначу, кіраўніцтва гаспадаркі цаніць працу сваіх лепшых работнікаў, не скупіцца на добрыя словы і матэрыяльныя стымулы, бо ведае, што сваім стараннем людзі прынясуць значна больш карысці грамадскай справе. І гэта так. Ужо некалькі гадоў запар КСУП “Бялёў” з’яўляецца бясспрэчным лідарам па надою ад каровы ў раёне. Гэтыя пазіцыі з кожным годам толькі ўмацоўваюцца. І ўмацоўваюцца менавіта працавітымі рукамі такіх работнікаў як Антаніна Мікалаеўна.


Працаўладкавалася Віткоўская ў гэтае сельгаспрадпрыемства не так і даўно. Крыху больш двух гадоў. Цёплага месца, як кажуць, не шукала. Прапанавала кіраўніцтва месца на малочнатаварным комплексе, і на гэта яна пагадзілася адразу. Канешне, спачатку не было ў Антаніны сваёй групы і яна працавала падменнай даяркай. Ужо тады прадэманстравала, што цяжкасцей не баіцца, і з абавязкамі спраўляцца добра. А калі набрала ўласную групу, паказала, што здольная мець выдатныя вытворчыя паказчыкі. Усё гэта дзякуючы стараннасці жанчыны. Нездарма намеснік дырэктара Лідзія Каралец гэтую якасць Віткоўскай паставіла на першы план. Гэта бачна адразу па адносінах да выканання сваіх працоўных абавязкаў Антанінай Мікалаеўнай. Заўсёды на яе працоўным месцы пануе парадак, ва ўзорнай чысціні трымае яна і свае даільныя апараты. І да кожнай кароўкі ў яе асабісты падыход, нораў усіх ведае. Без гэтага немагчыма мець высокія надоі, бо жывёліна, як і чалавек, пяшчоту любіць. Гэтым найперш і вызначаецца добры аператар машыннага даення. Віткоўская ніколі не падыдзе да сваіх гадаванцаў у дрэнным настроі, перш чым пачынае дойку, пастараецца пагладіць кароўку, супакоіць яе. Гэта таксама мае немалаважнае значэнне ў працы аператара машыннага даення. Хаця многія думаюць, што там такога: прыйдзі, падключы апарат і малако пабяжыць. Так мяркуюць толькі людзі, якія далёкія ад жывёлагадоўлі. Падрыхтоўка каровы да даення мае ў працы жывёлавода няменшае значэнне, чым сам асноўны працэс. Толькі выканаўшы дакладна ўсе тэхналагічныя аперацыі можна мець вялікае малако. Ад таго наколькі правільна доіць аператар карову, залежыць і стан здароўя жывёліны. Усё гэта добра разумее Антаніна Мікалаеўна, таму і працуе на сумленне. Ды і ў яе інтарэсах, каб каровы ў яе групе былі здаровымі, бо і малака яны дадуць больш, і якасць яго захаваецца высокая.


Нялёгкая праца ў жывёлавода. Але такія як Антаніна Віткоўская не наракаюць на гэта, бо бачаць, што ў апошнія гады сельгаспрадпрыемствам многае робіцца для аблягчэння іх дзейнасці. Напрыклад, цяпер мясцовыя аператары дояць кароў у малакаправод. Шмат работы праведзена па добраўпарадкаванню фермы. Дарэчы, многае зроблена сіламі саміх жывёлаводаў. Ды і кармоў стала для жывёлы значна больш. Таму і дабівацца высокіх надояў для аператараў машыннага даення на малочнатаварным комплексе “Возера” стала справай звычайнай. І плён працы Антаніны Віткоўскай таму яскравае пацверджанне.


С. БЕЛКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.