Скорыцца не адна новабудоўля

Нягледзячы на тое, што зараз многія гавораць пра крызіс, у перасоўнай механізаванай калоне №76 як будавалі, так і працягваюць будаваць, забяспечваючы высокія тэмпы і нарошчваючы аб’ёмы работ. Справы тым больш пайшлі на лад, калі калектыў узначаліў вопытны арганізатар, прафесіянал з вялікім стажам Сяргей Бабранок.


Шпаркімі тэмпамі ішлі работы на ўсіх аб’ектах калоны ў мінулым годзе, які прайшоў у нашай рэспубліцы пад знакам Года роднай зямлі. Што яшчэ можа быць лепей, цудоўней, чым упрыгожыць родную старонку, зямлю тваіх продкаў новабудоўлямі? У чэрвені 2009 года ў мікрараёне Азёрны райцэнтра быў здадзены ў эксплуатацыю новы 40-кватэрны дом. Не забыта пра ўзвядзенне жылля ў вёсках і ў першую чаргу ў аграгарадках, дзе сучаснае сельскае жыццё б’ецца найбольш імпульсіўна. У прыватнасці, шэсць аднакватэрных дамоў былі здадзены ў вёсцы Кольна, чатыры — у Людзяневічах. Акрамя таго, вяліся рамонтныя работы ў сярэдняй школе і на фельчарска-акушэрскім пункце Юркевіцкага сельсавета, у Доме культуры вёскі Верасніца.


У доследным рыбгасе “Белае” здадзена 5 аднакватэрных жылых дамоў, у сакавіку бягучага года будзе ўведзены ў эксплуатацыю 20-кватэрны дом у мікрараёне Азёрны райцэнтра. Будуюцца 5 аднакватэрных драўляных шчытавых дамоў у вёсцы Бялёў, 3 — у Людзяневічах. Узводзіцца 20-кватэрны дом па вуліцы Карла Маркса горада Жыткавічы, закладзены падмурак пад 60-кватэрны дом у мікрараёне Азёрны райцэнтра.


У мінулы год былі набыты 2 экскаватары, аўтакран, пагрузчык “Амкадор”.


Аснова поспеху — людзі, іх прафесіяналізм і добрасумленнасць. Менавіта такім якасцям адпавядаюць прараб Ігар Казлоўскі, брыгадзіры Пётр Малочка, Уладзімір Звяздзілін, Анатоль Гром, Валянціна Краўчук і іншыя.


С. ВЕЧАРОВЫ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.