Сустракаліся на вячорках

Вечар-справаздачу “Запрашаем на вячоркі” ў Грабаўскім сельскім клубе арганізаваў і правёў Іван Іванавіч Малькевіч са сваім ансамблем “Стрэчанне”.


Вячоркі былі не сучасныя, а колішнія, вясковыя. На сцэне – вясковая хата, дзе гаспадар – І. Малькевіч б’е масла ў бойцы, а гаспадыня (Марыя Мікалаеўна Малькевіч) качае бялізну качалкай. Тут жа куфар, ложак, засланы укладанкай, жалеза-прылада, на якой раскладалі агонь з лучыны, каб светла было ў хаце.


Да іх прыйшлі на вячоркі жанчыны і дзяўчаты. Кожны са сваёй работай: хто вышываў, хто вязаў сурвэткі, хто матаў з матка ніткі ў клубок, хто сукаў цэўкі на сукайле. За прасніцай была Антаніна Іванаўна Данілевіч – адна са старэйшых удзельнікаў ансамбля. А Валера Прышчык, дык той плёў кашолку з дубцоў, якой ловяць уюны. Колькі тут было жартаў, смеху, пацехі.


Адна кума пытае ў другой:


— Слухай, кумка, а да цябе дзеці часта ездзяць?


— Часта. То па сала, то па грошы, — адказвае другая.


А калі Галіна Антонаўна Міхнавец і Валера Якаўлевіч Прышчык заспявалі “Жураўку”, зал сцішыўся. Напэўна, кожны з гледачоў успомніў сваё жыццё, а яно ў кожнага сваё, цяжкае, ці не вельмі, але цудоўнае, бо жыццё другім быць не можа…


Былі на “Вячорках” і прыпеўкі, і загадкі, і танцы, і жарты…


Для нас, пажылых людзей, — гэта бальзам на сэрца, бо разам з самадзейнымі артыстамі мы ўспомнілі сваю маладосць.


Дый тое, што народнае, — самае цікавае, яно ніколі не згіне, яно вечнае, дзякуючы вось такім цудоўным аматарам прыгожага і народнага, як нашы ўдзельнікі ансамбля “Стрэчанне”.


Вялікі дзякуй ім за гэта і пашана.


В. МАЛЬКЕВІЧ, в. Грабава.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.