З кожным месяцам працаўнікі грамадскіх ферм раёна сваё майстэрства пацвярджаюць годнымі вытворчымі паказчыкамі
З кожным месяцам працаўнікі грамадскіх ферм раёна сваё высокае прафесійнае майстэрства пацвярджаюць годнымі вытворчымі паказчыкамі. Аб чым сведчаць вынікі работы лепшых аператараў машыннага даення, а таксама па адкорму маладняку за два месяцы бягучага года.
Найперш у гэтым спісе хочацца адзначыць прозвішча Наталлі Фраловай з ААТ “Тураўшчына”, якая за студзень-люты надаіла ад адной каровы 1750 кілаграмаў малака. Належнае старанне на сваіх працоўных месцах праявілі і аператары машыннага даення КСУПа “Коленскае” Іван Андык і Алена Саскевіч. Іх вытворчы здабытак за азначаны вышэй пярыяд 1023 кілаграмы надоенага малака ад адной каровы. Не на шмат адстала ад іх Валянціна Базько з ААТ “Людзяневічы”. Яе паказчык 1017 кілаграмаў малака.
Другі год запар у КСУПе “Бялёў” сярод аператараў машыннага даення лідарства ўтрымлівае Вольга Паўлюшына. За два месяцы гэтага года яна надаіла ад адной каровы па 973 кілаграмы сырадою. Рубеж па надою ў дзевяцьсот кілаграмаў таксама за студзень-люты пераадолелі Алена Купрацэвіч з акцыянернага таварыства “Прыазёрскае-Агра” (946 кілаграмаў) і Лілія Аніскавец з акцыянернага таварыства “Людзяневічы” (908 кілаграмаў малака ад адной каровы). Заслугоўвае пахвалы і працавітасць аператараў машыннага даення Надзеі Рагалевіч і Ірыны Арцем’евай з КСУПа “Коленскае” і Валянціны Балбуцкай з КСУПа “Чырвоны Бор”. Няхай дасягнутыя імі вытворчыя паказчыкі пакуль і меншыя чым у лідараў, але гэтыя спецыялісты валодаюць вялікім патэнцыялам і могуць аказаць нежартоўную канкурэнцыю за першынство ў працы.
Нямала вытворчых дасягненняў маюць у гэтым годзе і аператары па вырошчванню маладняку. Напрыклад, сярэднясутачныя прывагі гадаванцаў, якіх даглядае Кацярына Ханеня з ААТ “Людзяневічы”, за два месяцы склалі 962 грамы. У Ірыны Мулюк з ААТ “Прыазёрскае-Агра” цяляты прыбаўлялі ў вазе па 950 грамаў, у Алены Дрынеўскай і Марыны Булаўка з КСУПа “Коленскае” – па 911 грамаў. У ліку лепшых жывёлаводаў па адкорму маладняку, якія маюць добрыя прывагі, і Вольга Канстанцінава з ААТ “Тураўшчына” (сярэднясутачныя прывагі 885 грамаў), Таццяна Аліфяровіч і Святлана Сыса з КСУПа “Бялёў” (840 грамаў), Іван Карніцкі з ААТ “Людзяневічы” (869 грамаў), Ганна Агіевіч з КСУПа “Чырвоны Бор” (750 грамаў) і Наталля Савельева, Людміла Шляга, Марына Сакула і Алеся Арцем’ева (761 грам). Сваімі здабыткамі гэтыя працаўнікі ферм даказваюць, што патэнцыял грамадскай жывёлагадоўлі яшчэ даволі значны. І поўнасцю яго выкарыстаць можна толькі дзякуючы старанню і належным адносінам да справы. Гэтыя якасці кожны дзень на сваіх рабочых месцах і дэманструюць перадавыя майстры па вытворчасці малака і мяса.