Паяднаныя з вёскай лёсам
У прыгожым азёрным краі пасля гарадской спякоты, здавалася, і дыхаць лягчэй. Першымі жывымі істотамі напаткала пару доўганогіх буслоў у гнязде, уладкаваным на слупе, што ў пачатку вуліцы. Жытло іхняе бачна здаля: гэткая адмысловая візітоўка, праз дарогу ад якой стаіць драўляны крыж, апаясаны ручнікамі. На непрацяглай вуліцы — з дзясятак хат, адно селішча ў працэсе забудовы, на двух дамах бачны шыльды “прадаецца” з нумарам тэлефона. Напэўна, ёсць тут попыт на жыллё. А вось і галасы чуваць за веснічкамі.
На адчыненай верандзе кабета сярэдніх гадоў стрыгла машынкай мужчыну. Як высветлілася, трапіла я да Святланы і Міхаіла Прылуцкіх. У іхняй сям’і трое дзяцей. Гаспадыня родам з Жыткавіч, мае прафесію повара, але працуе сацыяльным работнікам. Да свайго падапечнага ў суседні пасёлак Азёрны, што за чатыры кіламетры, дабіраецца на веласіпедзе. Гэты ж транспарт дапамагае паспець на змену і яе сужданаму Міхаілу. Ён з мясцовых, вартуе турыстычную базу на возеры.
— Хата маіх бацькоў згарэла, — расказвае мужчына, – гэты зруб на іх сядзібе паставіў, як з паўночных заробкаў вярнуўся. Колькі разоў прасілі прадаць яго альбо на кватэру памяняць: не хачу я горада, дома лепш няма,тут возера, лес багаты.
Згаджаецца з мужам і Святлана. Белае для яе, хворай на сэрца, стала ў прамым сэнсе сапраўдным выратаваннем. Мясцовы гаючы клімат адразу палепшыў самаадчуванне. Праўда, з цягам часу Прылуцкія перасталі заўважаць акаляючыя краявіды – для іх у адрозненні ад стомленых мегаполісамі гараджан, што прыязджаюць сюды на адпачынак, яны сталі звычайшчынай. Тое, што вёска цяпер неперспектыўная, мужа і жонку не надта палохае, да адасаблення сям’я прывыкла. Патрэбы ў іх сціплыя, казу трымаюць, агарод ёсць, а за “цывілізацыяй”, накшталт прамысловага магазіна ці пошты, едуць у рыбгасаўскі пасёлак ці ў райцэнтр, прадукты праз дзень дастаўляе аўталаўка. Пакуль ёсць работа, упэўнены, жыць можна.
Ці вернуцца да бацькоў у вёску іхнія дзеці, думаю, пытанне з разраду рытарычных. Старэйшая Кацярына ўжо з’ехала за мужам у аграгарадок на Брэстчыне, сярэдні сын Руслан — студэнт. Дома пакуль застаецца малодшы Юліан, які пайшоў сёлета ў дзявяты клас, дзе, дарэчы, вучыцца ўсяго шасцёра чалавек. На урокі за ім прыязджае з Юркевіцкай школы аўтобус. Адзіны на вёсцы юнак на сваё сумнае жыццё ў голас не наракае, хіба што інтэрнэта, кажа, стацыянарнага ў вёсцы няма, толькі на мабільным тэлефоне, але прызнаецца, што пасля школы ўсё ж хоча падацца ў горад.
На развітанне пацікавілася ў гаспадара, як доўга прадаюцца суседнія сядзібы. У адказ пачула, што аб’явы вісяць не першы год, і жадаючыя набыць дачу ёсць, ды толькі ўладальнікі трымаюць досыць высокую цану. Зона ж курортная: за дзень у летні сезон да возера праз вёску, бывае, мчыць больш за сотню машын.