Жыткавічы і Гомель добра, а Белае лепш

белое1Трэба сказаць, што вялікай інфраструктуры ў Белым не было нават ў лепшыя часы. Пра гэта я даведалася ад старажыла населеннага пункта Ефрасінні Прылуцкай. Бабуля нарадзілася 94 гады таму. Яна расказала, што ў адной з хат існавала трохкласная школа з адзіным настаўнікам ды невялічкая ферма колісь працавала, дзе яна даглядала жывёлу, а яшчэ ля возера стаяў калгасны качнік — вырошчвалі птушку на мяса. На танцы моладзь хадзіла ў суседнюю вёску, там жа і магазін быў. Але весяліцца за работай ёй асабліва не было калі. Без мужа, так здарылася, гадавала дваіх дзяцей. У час акупацыі яе сям’я трапіла ў фашысцкі палон, жанчына мае статус вязня.

Не адзін год ёй выпала даглядаць сваю маці, што на старасці стала, як кажуць, ляжачай. Дзякуй Богу, Конанаўна яшчэ на сваіх нагах, у яе чатыры ўнукі і сямёра праўнукаў. Дачка — ў Гомелі, а сын Канстанцін з жонкай Ганнай жывуць разам у адной хаце. Абодва ўжо пенсіянеры.

— Яна працавала ў лагеры, што быў на возеры, — распавядае за дваіх мужчына, бо яго палавіна ў той дзень пайшла па ягады. – А я дзе толькі не рабіў: і на чыгунцы, і ў меліярацыі, апошнія 20 гадоў быў лесніком, вось гэта, лічу, маё прызванне.

Ёсць у мужчыны яшчэ адно падобнае захапленне, распазнаць якое можна, зазірнуўшы за плот: чаго толькі не расце на яго ўчастку, што сыходзіць прама на азёрны бераг. Канстанцін Канстанцінавіч сапраўдны Мічурын, хоць і без спецыяльнай адукацыі. Ён выдатны аматар-практык, у якога залатыя рукі, шмат агранамічных ведаў, а яшчэ больш  жадання спасцігаць сакрэты розных раслін. Калекцыя садавода налічвае больш за сорак сартоў яблынь, прышчэпленных па некалькі на адно дрэва, крыху меней — груш, восем гатункаў алычы, іншых пладовых дрэў. Акрамя таго, ён паспяхова вырошчвае беларускі вінаград, што па смакавых якасцях не горшы за паўднёвы. Каля хаты спее некалькі дзясяткаў лоз. Многія садаводы робяць на гэтым бізнес, Канстанцін жа лічыць сябе найперш селекцыянерам-выпрабавальнікам, якому надзвычай цікавы сам працэс вырошчвання і даследніцкая творчасць, чым гандаль вынікамі сваёй працы. У маладосці перачытаў у бібліятэках усю тэматычную літаратуру, шмат часопісаў выпісваў.

Па ўчастку гаспадар наладзіў для мяне батанічную экскурсію, пазнаёміўшы з шэрагам сваіх ”экспанатаў”. Апроч сартавых журавін, брусніц і буякоў ды звычайных агародных культур накшталт бульбы ці памідораў не аднаго гатунку, тут выдатна прыжыліся лекавыя расліны. Напрыклад, такі рэлікт як гінкго білоба, лісце якога падобна на агрэст, ці духмяны тархун і шэраг іншых экзотаў, назвы якіх адразу і не запомніш. Адчувалася, што Канстанцін Канстанцінавіч шчыра любіць тое, чым займаецца: свой сад, каня Буяна, сабаку, пчальнік з самаробнымі вуллямі. І ні за што не прамяняе гэту зямлю на гарадскія выгоды. Дарэчы, гэткая магчымасць у яго была, меў прапіску ў абласным цэнтры, ў Жыткавічах давалі кватэру. Дзеці павырасталі, пайшлі сваім шляхам, а бацькі вось не з’ехалі адсюль.

Шкадуе мой субяседнік, што Белае пусцее. Што зробіш — такі ў яго лёс. Моладзі патрэбна работа, дажываць тут старым. Але мне падалося ўсё не так песімістычна. Курортная вёска абавязкова будзе жыць. Не павінны пайсці ў нябыт такія прыгожыя мясціны з вялікім турыстычным патэнцыялам.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.