КАЛІ ЗАНІЖАНА ПАТРАБАВАЛЬНАСЦЬ
Чарговы маршрут рабочай групы райвыканкама на мінулым тыдні пралёг па чатырох арганізацыях раёна. Падчас свайго рэйду спецыялісты наведаліся на будаўнічы аб’ект МПМК-97 у пасёлку Чырвоная Зорка, машынны двор рыбгаса ў гэтым населеным пункце, а таксама ПМК -66 і ніжні склад ААТ “Жыткавічлес”. На жаль, без выяўленых парушэнняў правілаў аховы працы і бяспекі на вытворчасці і на гэты раз не абышлося.
Будаўнічы аб’ект МПМК-97 у пасёлку рыбаводаў рабочай групай ужо правяраўся. Тады інфармацыя пра выяўленыя парушэнні была даведзена да кіраўніцтва арганізацыі. Несумненна, што спадзяваліся прадстаўнікі райвыканкама на гэты раз убачыць, як плённа пастараліся будаўнікі папрацаваць, каб падцягнуць да належнага ўзроўню патрабаванні аховы працы, узмацніць сваю бяспеку на вытворчасці. Але спецыялістаў рабочай групы чакала поўнае расчараванне. Напачатку іх бяздзейнасць у гэтым накірунку працы выдала драўляная лесвіца. Збілі яе не па-простаму: узялі два брусы і цвікамі замацавалі на іх перакладзіны. Хаця правіламі да гэтых канструкцый вышынёй больш трох метраў прад’яўляюцца зусім іншыя патрабаванні. Каб лесвіца была больш трывалай, спачатку патрэбна было выразаць адтуліны пад перакладзіны, і ўзяць іх на ніты з гайкамі, а не збіваць цвікамі. Яшчэ адна канструкцыя, якую для сваёй работы стварылі будаўнікі, — звычайныя драўляныя падмосткі. Вышыня іх невялікая, усяго паўтара метра. Але трэба было прымацаваць зверху гэтай канструкцыі засцерагальныя поручні, а яшчэ і насціл больш шчыльна паслаць. Толькі не прадугледзелі гэтага будаўнікі, і як вынік – спецыялістамі памечана чарговае парушэнне. Але на гэтым непрыемнасці не закончыліся для гаспадароў аб’екта: усе яны былі без будаўнічых касак, і вялі работы па ўзвядзенню даха будынка без страховачных прыстасаванняў. І апошняе, запорны замок на адной са строп пад’ёмнага механізму быў няспраўны.
Здзівіла іншае, усе добра разу-меюць, што парушаюць, але мер па выпраўленню не прымаюць. На гэтыя непарадкі ўжо не раз была засяроджана ўвага кіраўніцтва арганізацыі. Яе кіраўнік В. Масла па выніках праверак рабочай групы райвыканкама нават пераэкзаменоўку праходзіў наконт ведання правілаў аховы працы. Экзамен здаў ён паспяхова, але вось свае тэарэтычныя веды праявіў на практыцы на двойку. Гэта сведчыць толькі пра адно, што парушэнні будуць і надалей, калі ў кіраўніка і спецыялістаў прыніжана патрабавальнасць за выкананнем патрабаванняў тэхнікі бяспекі і правілаў аховы працы.
У рыбгасе “Чырвоная Зорка” рабочая група ўбачыла, як неахайна захоўваюцца балоны з кіслародам. Яны стаялі пад адкрытым небам. Няўжо ў такой гаспадарцы няма ніводнага памяшкання ці нейкай павеці, каб пакласці туды на захоўванне балоны. Усё ж, здаецца, каштуюць яны не так і танна, каб вось так безгаспадарча эксплуатаваць грамадскую маёмасць. Здаецца, што і інструкцыі па ахове працы не так і цяжка перапісаць згодна новым патрабаванням. Толькі, відаць, не дайшлі да гэтага рукі ў спецыялістаў, якія адказваюць за гэты ўчастак работы.
Адзіная арганізацыя, дзе ўсё было на належным узроўні, стала ПМК-66. Прычына такога парадку простая, нядаўна тут прайшла комплексная праверка, і перад ёй кіраўніцтва арганізацыі пастаралася ўхіліць усе недахопы. Чаго не скажаш пра ніжні склад ААТ “Жыткавічлес”. Ці так цяжка было спецыялістам таварыства закрыць электрашчыт на надзейныя запоры? Зразумела, не. Не забяспечаны тут і водна-піццявы рэжым для рабочых. Пайшлі па шляху найменшага супраціўлення: замест краніка, які патрэбна было прымацаваць да бачка з вадой, паставілі звычайную кружку. Вось табе і расаднік антысанітарыі, крыніца захворвання для працаўнікоў.
Безумоўна, падчас рэйда правяралі работнікаў наведаных арганізацый на ўтрыманне алкаголю. Праз тэст прайшло прыкладна два дзесяткі чалавек. П’яных на рабочых месцах не выяўлена. Хоць за гэта можна ўжо парадавацца.
С. БЕЛКА.