УЧОРА — ВЫПУСКНІК, А СЁННЯ — ПРЫЗЫЎНІК

Малая зала раённага цэнтра культуры не магла змясціць усіх жадаючых. Таму прыйшлося арганізатарам мерапрыемства, якое мела адбыцца тут, устанавіць дадатковыя табурэты. Вызначыўся такім шматлюддзем Дзень прызыўніка, па традыцыі на якім уручаюцца павесткі на службу ў армію юнакам.


Бацькі, прадстаўнікі арганізацый і прадпрыемстваў, раённай улады, ветэраны, работнікі ўстановы культуры, райваенкамата, райкама БРСМ і аддзела па справах моладзі райвыканкама пастараліся стварыць надзвычай святочную атмасферу, каб уручэнне павестак у армію цяперашнім прызыўнікам Жыткаўшчыны запомнілася надоўга. Варта адзначыць, што падчас гэтага прызыву служыць у войска з нашага раёна пойдзе больш васьмідзесяці чалавек. За апошнія гады гэта самае вялікае папаўненне з Жыткаўшчыны, якое ўвальецца восенню ў рады Узброеных Сіл краіны. Менавіта на гэтым факце і засяродзіў увагу намеснік старшыні райвыканкама Валерый Рагалевіч, які павіншаваў хлопцаў з такой знакавай падзеяй. У сваім наказе будучым салдатам Валерый Маркавіч выказаў надзею, што яны не пасаромяць свой раён, сваіх бацькоў, а годна выканаюць грамадзянскі абавязак па абароне Айчыны. І іх служба будзе адзначацца толькі падзякамі ад камандавання. Канечне ж, адным з галоўных пажаданняў намесніка старшыні райвыканкама было тое, каб хлопцы не забываліся на сваіх сяброў, маці, каханых, а той час раставання будзе толькі спрыяць праверцы на трываласць пачуццяў.


— Служба ў арміі нялёгкая, але і пачэсная, бо яна вучыць парадку, дысцыпліне, закаляе здароўе, падчас яе завязваюцца новыя сяброўствы — усё гэта і дае армейская служба, — адзначыў ветэран Вялікай Айчыннай вайны Іван Дзячэнка ў сваім звароце да прызыўнікоў.


Ён таксама павіншаваў юнакоў і іх бацькоў з такой знамянальнай падзеяй, пажадаў ім поспехаў у армейскім жыцці, а самае галоўнае, каб хлопцы не баяліся цяжкасцей.


Звярнуўся да юнакоў і бацька аднаго з прызыўнікоў — Уладзімір Масла, які падкрэсліў тую важную ролю, якую адыгрывае армія ў жыцці кожнага мужчыны, а таксама на яго будучыню.


Надзвычай хвалюючым момантам мерапрыемства сталі наказы прадстаўнікоў працоўных калектываў, дзе працавалі хлопцы да прызыву. Амаль у двух дзясятках арганізацый яны да гэтага моманту выконвалі свой прафесійны абавязак. Аб гэтым падкрэслілі ўсе выступоўцы, што прадстаўлялі прадпрыемствы і арганізацыі. Канечне ж, яны выказалі надзею, што не менш годнымі юнакі будуць і салдатамі, а пасля службы абавязкова вернуцца на свае ранейшыя працоўныя месцы, дзе іх будуць чакаць. Уручылі прадстаўнікі працоўных калектываў сваім прызыўнікам і падарункі. Пастараліся і артысты гарадскога цэнтра культуры, якія парадавалі прысутных шматлікімі канцэртнымі нумарамі. Дарэчы, праявіць сябе арганізатары ўрачыстасці далі магчымасць і будучым салдатам. Хаця і ў жартоўнай форме, але настойлівасць, кемлівасць падчас віктарын і конкурсаў хлопцам прыйшлося праявіць нежартоўную. Пад дружныя апладысменты яны годна вытрымалі прапанаваны ім экзамен.


І вось самая галоўная дзея свята, дзеля якой і сабралася столькі людзей у гарадскім цэнтры культуры. Начальнік аддзела прызыву раённага ваеннага камісарыята Алег Брэеў уручыў будучым салдатам павесткі, дзе пазначана дата, калі яны павінны з’явіцца ў райваенкамат для адпраўкі ў вайсковыя часці.


Несумненна, з якім настроем ідуць жыткаўчане на службу, нас карэспандэнтаў раёнкі, цікавіла найперш. Перад урачыстасцю аб гэтым мы запыталіся ў Ігара Пятрычыца. Пасля заканчэння Полацкага лесатэхнікума ён працаваў майстрам лесу ў Юркевіцкім лясніцтве Жыткавіцкага лясгаса. І вось прыйшоў час на службу.


— Лічу, што кожны мужчына павінен прайсці армейскую школу. Спадзяюся, што ў мяне будуць добрыя камандзіры, знайду новых сяброў, набуду новую вайсковую спецыяльнасць. І, зразумела, не трачу надзеі, што пра мяне не забудуць у родным калектыве, дзе збіраюся працягваць пасля службы сваю працоўную дзейнасць.


Думаецца, што так лічаць і іншыя хлопцы, якім выпаў гонар абараняць Бацькаўшчыну, а значыць справы ў войску ў іх заладзяцца толькі добра.


С. БЕЛКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.