На ўласнай практыцы
Для Сяргея Ярмаша працаваць у дэпутацкім корпусе райсавета ў навіну. Шчыруе першае скліканне. Але дзякуючы гэтаму, Сяргей Уладзіміравіч удасканаліў і паглыбіў уласную практыку ўзаемадзеяння з людзьмі.
– Канечне, сякія-такія навыкі меліся, – адзначае народны абраннік. – Што не кажы, а пэўны час працаваў галоўным спецыялістам у гаспадарцы, зараз кірую калектывам раённай ветэрынарнай станцыі. Але ж гэта зусім іншае, бо аўтарытэт дэпутата грунтуецца не на падначаленасці, а на даверы. Чалавек яго аказаў падчас выбараў і, калі звяртаецца са сваімі пытаннямі, спадзяецца на ўзаемапаразуменне і падтрымку па іх вырашэнні.
Да такой высновы Ярмаш прыйшоў, папрацаваўшы ў заканадаўчым органе рэгіёна не адзін год. Ён грунтоўна ўзважыў усе за і супраць, перш чым вылучыць сваю кандыдатуру па Хвойнай выбарчай акрузе, у межы якой уваходзіць мікрараён сельгастэхнікі. Першае знаёмства з электаратам адбылося, калі яго ініцыятыўная група збірала неабходную колькасць подпісаў жыхароў для рэгістрацыі. Ды і ў дзень выбараў таксама хваляванне ў душы панавала: «Ці ўдасца заручыцца падтрымкай большасці?». Людзі паверылі, і Сяргей Уладзіміравіч на першай сесіі атрымаў мандат.
Новы абранік належна ўдзельнічае ў кожнай сесіі, прымае неабходныя для жыццядзейнасці раёна пастановы. Падчас пасяджэнняў уважліва пераймае вопыт тых калег, якія ўжо неаднаразова абіраліся ў райсавет. Яны не адмаўлялі ў парадах, што дазваляла самому больш арганізавана працаваць у акрузе, якая, дарэчы, знаходзіцца ў непасрэднай блізкасці ад установы, што ўзначальвае. Моцныя стасункі склаліся і з вопытным кіраўніком Людзяневіцкага сельвыканкама Юрыем Волчыкам, што таксама пайшло на карысць справе. Але самае важнае, чым кіруецца ў сваёй дэпутацкай дзейнасці Сяргей Уладзіміравіч, што за кожнай праблемай ён найперш глядзіць на чалавека як асобу, грамадзяніна, які мае правы і абавязкі, гарантаваныя яму заканадаўствам краіны.
Сяргей Белка