У велапаход па малой радзіме
Як можна правесці канікулы з карысцю? Ну, канечне ж, адправіцца ў велапаход!
Па гэтай старой і добрай традыцыі нашай школы мы і правялі адзін дзень веснавых канікул. Ён выдаўся сонечны і цёплы. Велапаход наш меў назву «Па ваенных дарогах», таму кіраўнік Іван Саскевіч маршрут спланаваў загаддзя. Мы накіраваліся па суседніх вёсках сельскага Савета: Азяраны – Бечы – Бячанская Буда. Хвалюючым момантам велапрабега было наведванне магілы воіна-разведчыка Яна Ражалоўскага, пахавання невядомага салдата ў вёсцы Бечы. З вялікай цікавасцю слухалі мы аповед жыхара паселішча Бячанская Буда аб жахах вайны, пра якія яму расказвала яшчэ бабуля. Да помнікаў воінам вучні ўсклалі кветкі.
Чаго толькі не паспелі мы за гэты дзень! Праехалі цікавы шлях па жывапісных месцах малой радзімы, назіралі, як высока ў небе з выраю вярталіся журавы, слухалі спевы птушак, вучыліся правільна запальваць касцёр, шмат гаварылі аб прыродзе краю. А якім смачным быў абед і малінавая гарбата, прыгатаваная на вогнішчы!
Мы ўпэўнены, што гэты невялікі велапаход, які быў для некаторых вучняў першым, застанецца ў памяці як адно з самых яркіх уражанняў дзяцінства.
Паліна Пяшэвіч,
вучаніца 5 класа
ДУА «Азяранскі дзіцячы
сад-сярэдняя школа»