Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Ірына Кралевіч наведала аграгарадок Бялёў

Перад сустрэчай з жыхарамі паселішча Ірына Мікалаеўна разам  са старшынёй Марохараўскага сельвыканкама Генадзем Лесько наведала мемарыял загінуўшым  у гады Вялікай Айчыннай вайны вяскоўцам. Што сваю працу парламентарый распачала ў аграгарадку менавіта з гэтай святой мясціны, з’яўляецца невыпадковым. Узвёў помнік яшчэ мясцовы калгас. З таго часу прайшло не адно дзесяцігоддзе. Зразумела, што манументу патрабуецца абнаўленне. Кіраўніцтва Савета пэўныя захады ў гэтым накірунку ўжо зрабіла. Пераклалі плітку, разбілі газоны, высадзілі дрэўцы і кветкі, замацавалі калектыў школы, каб ён даглядаў тэрыторыю.  Больш маштабную рэканструкцыю выканаць  не па сілах, і не магчыма, так як мемарыял знаходзіцца на балансе КСУПа, і сельвыканкам пры ўсім жаданні не можа выдаткаваць фінансы на далейшыя работы. Хаця жаданне асучасніць памяць аб героях і ахвярах вайны маецца вялікая. Ірына Мікалаеўна ўважліва выслухала довады кіраўніка вясковай улады, паабяцала прапрацаваць гэтае пытанне, выказала і ўласнае бачанне і вырашэнне праблемы.

У мясцовым СДК, дзе мелася адбыцца сустрэча з жыхарамі, прадстаўніка заканадаўчай улады краіны ўжо з нецярпеннем чакалі наведвальнікі.  Звароты ад іх былі самымі рознымі. Прычым тычыліся яны не толькі тутэйшых праблем. У прыватнасці, Іван Матох цікавіўся, чаму ў краіне вельмі шмат увагі ўдзяляецца папулярызацыі чужых каштоўнасцей, такіх, як святкаванне Дня святога Валянціна, хаця ў беларусаў маецца нямала сваіх сямейных ідэалаў. Непакоіла яго і якасць запалак, якімі нельга распаліць печ або грубку. Парламентарый прыняла пытанні мужчыны да ўвагі, пагадзіўшыся, што ёсць праблемы, але яны вырашаюцца.

Дырэктар школы Аксана Жогаль папрасіла дэпутата Нацыянальнага сходу пасадзейнічаць у замене вокнаў у навучальнай установе.

– У класах аконныя блокі памянялі, а вось ў калідорах – не. Рамы за час эксплуатацыі пашкодзіліся, таму пры вялікім ветры з іх выпадае шкло, – дзялілася бядою Аксана Анатольеўна. – Такі стан не спрыяе бяспецы дзяцей. Іх жа ў навучальнай установе больш сотні, і ў бліжэйшую пяцігодку памяншэння выхаванцаў не чакаецца.

Кампраміс знайшлі непасрэдна на прыёме. Дырэктар падлічыць, колькі патрэбна сродкаў, а дэпутат дапаможа пашукаць спонсараў. Прыйшлі да паразумення і з заяўніцамі, што прасілі  аднавіць  выязныя прыёмы ўрачоў на ФАПе. Такая практыка існавала, і жыхарам аграгарадка было вельмі зручна, але пандэмія ўнесла карэктывы. Цяпер, як запэўніла галоўны ўрач Жыткавіцкай ЦРБ Людміла Катлярчук, якой неадкладна патэлефанавала Ірына Кралевіч, усё наладжваецца, урачы будуць  весці прыём у Бялёве рэгулярна па вызначаных графікам днях.

Дала слушную параду дэпутат і культработнікам, якіх вельмі турбаваў бядотны і нягеглы стан апаратуры, якой карыстаецца народны ансамбль «Весялуха».

Падчас наведвання Бялёва Ірына Мікалаеўна знаёмілася не толькі з праблемамі тутэйшых жыхароў, але і ўважыла найбольш слаўных грамадзян аграгарадка. Кветкі і падарункі ад дэпутата атрымалі доўгажыхаркі, ветэраны педагагічнай працы Вольга Папок і Валянціна Акунец. Ірына Кралевіч шчыра павіншавала іх з Днём настаўніка. Заслужана, бо кожная з гэтых жанчын не толькі годна пражыла вялікае жыццё, але і выхавала сваёй шчырай працай, дала трывалыя веды не аднаму пакаленню жыхароў аграгарадка. Дарэчы, нямала з іх пайшлі па шляху настаўніц, таксама стаўшы педагогамі. Гэта добра адчувалася падчас віншаванняў, у якіх прынялі ўдзел і прадстаўнікі Бялёўскай школы. Несумненна, што праца парламентарыя ў аграгарадку, падмацаваная такімі пазітыўнымі момантамі, выклікае большы давер выбаршчыкаў, спрыяе наладжванню кантактаў. І гэтая зваротная сувязь вельмі важная, каб на адміністрацыйных тэрыторыях жыццядзейнасць людзей праходзіла спакойна.

Сяргей Белка

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.