Пануюць зладжанасць і стараннасць
Справай гонару для свайго калектыва лічыць выкананне ўсіх задач на веснавым полі дырэктар КСУПа “Коленскае” Валянцін Карпаў.
— Позняя вясна ўнесла карэктывы ў нашыя планы, — адзначае Валянцін Мікалаевіч. — У мінулыя гады пэўныя аб’ёмы работ мы выконвалі яшчэ ў лютым-сакавіку, цяпер усё прыйшлося на красавік. Але ў гаспадарцы гатовы да такога напружанага рытму працы. Падоўжылі рабочы дзень для механізатараў, арганізавалі палявыя станы, забяспечылі ўсіх удзельнікаў пасяўной двухразовым гарачым харчаваннем, паклапаціліся аб належным матэрыяльным і маральным заахвочванні. Гэта прыносіць свой плён, нацэльвае людзей на стваральную працу.
І гэта адчуваецца ва ўсім. Хаця грамадскі палетак у сельгаспрадпрыемстве сёлетняй вясной патрэбна засеяць рознымі культурамі немалы, амаль 1880 гектараў, па адносінах людзей бачна, яны гатовы справіцца з заданнем у час. На палі тэхніка выходзіць ужо а шостай гадзіне раніцы. Як расказаў механізатар Аляксандр Пяшэвіч, канечне, сялянская праца — справа нялёгкая, патрабуе нямала высілкаў, але да гэтага мы звыклі, бо разумеем тую адказнасць, якая бягучай вясной ляжыць на нас. У Аляксандра гэта трэцяя пасяўная. На сваім магутным “Беларусу” ў счэпе з пасяўным агрэгатам “Хорш” ён заняты на сяўбе ранніх каласавых. Справы ў яго спорацца, штодня засявае па 25 і болей гектараў. Не меншая дзённая выпрацоўка і ў механізатара Віктара Галавача, вопытнага прафесіянала хлебнай нівы. Пра такіх кажуць: яны не падвядуць у самых складаных умовах.
— У гаспадарцы створаны добрыя ўмовы для паспяховай працы, — гаворыць Аляксандр. — Сваю тэхніку падрыхтавалі грунтоўна яшчэ зімой, ды і шмат новай паступіла. Значная ўвага надаецца якасці сяўбы. На полі пастаянна прысутнічае брыгадзір, праз якога можна вырашыць узнікшыя праблемы, ды і агранамічная служба наведваецца. Нам застаецца толькі старацца, ды выконваць сваю работу.
Такога ж меркавання прытрымліваюцца і працаўнікі КСУПа “Коленскае” і на іншых участках пасяўнога канвеера. А іх шмат. Гэта і догляд за азімымі і травамі, унясенне мінеральных і арганічных угнаенняў, падрыхтоўка глебы, сяўба кукурузы. І паўсюдна пануюць зладжанасць і стараннасць, бо толькі такім чынам можна справіцца з пастаўленымі задачамі на веснавым палетку.
Сяргей БЕЛКА.