Працоўная перамога Кошманаў

Каму-каму а камбайнерам Аляксею Кошману і Івану Кошману з аддзялення “Верасніца” КСУПа “Агра-Прыпяць” за працу на сёлетнім жніве ніколькі не сорамна. У актыве гэтага сямейнага камбайнавага экіпажа 920 тон намалочанага зерня. Камбайнеры і са значна большым стажам не могуць пахваліцца такім намалотам.


Гэтае жніво не толькі запомніцца братам Кошманам высокім намалотам. Прынесла яно хлопцам і пэўнае расчараванне. Усяго толькі восемдзесят тон ім не хапіла, каб уліцца ў рады камбайнераў-тысячнікаў нашага раёна.


— Падвёў камбайн, зламаўся, — і зараз з сумам у голасе пра здарыўшуюся недарэчнасць гаворыць Аляксей Кошман. — Тры дні паломку ўхілялі з–за чаго і не дасягнулі да запаветнага рубяжу ў тысячу тон.


Сёлятняе жніво для Івана і Аляксея з’явілася сур’ёзным экзаменам на хлебаробскую сталасць. Першы раз яны самастойным экіпажам працавалі на збожжавым палетку гаспадаркі. Кіраўніцтва было ўпэўнена, што хлопцы не падвядуць, таму і выдзеліла ім не стары, а амаль новы ўборачны агрэгат, магутны КЗС-1218. Несумненна, што такая ўвага акрыляла маладых механізатараў, натхняла на плённую працу. І яны даказалі, што малады, гэта не значыць “зялёны”. Праўда, як прызнаюцца маладыя камбайнеры, у іх поспеху ёсць і ўклад больш вопытных калег па нялёгкай хлебаробскай справе. Яны не адмаўлялі ў дапамозе маладым камбайнерам, падказвалі, як найлепш арганізаваць сваю работу, граматна правесці тэхабслугоўванне камбайна, зрабіць неабходныя рэгуліроўкі. Як губка ваду ўпітвалі яны гэтыя парады, не саромеліся і перапытаць, калі нешта не разумелі. І ў хуткім часе магутная тэхніка стала падуладнай іх працавітым рукам. Поспех, як кажуць, прыходзіць да руплівых і старанных. А гэтых якасцей братам Кошманам не займаць. Змалку знаёмы яны з сялянскай працай, і што звязалі свой лёс з ёю, ніколькі не шкадуюць. Гавораць проста наконт гэтага, так атрымалася. Заканамерна, што свой поспех на сёлетнім жніве яны не лічаць выпадковасцю. Ішлі да яго практычна працуючы цэлымі суткамі, пазменна змяняючы адзін другога ў кабіне камбайна, шчыруючы разам ля яго на машынным двары. Ды і ўпэўнены хлопцы, што на такім ўборачным агрэгаце як іх КЗС намалот у тысячу тон павінен стаць заканамернасцю.


Сталасць і вопыт у любой справе — якасці нажыўныя. Было б толькі жаданне. У братоў Кошманаў яно ёсць. Хаця яны далёка не загадваюць, але ж на наступны год плануюць дабіцца на хлебнай ніве намнога большага. А сённяшняя перамога ў раённым працоўным спаборніцтве сярод маладзёжных камбайнавых экіпажаў з’яўляецца добрым стымулам для таго, каб свае планы ператварыць у рэальнасць, бо добры пачатак заўсёды настройвае на самае лепшае. З нецярпеннем маладыя камбайнеры чакаюць новага жніва. А каб намалоты і на ім былі важкімі, разам з усімі рупяцца на хлебным палетку, каб на ім паспеў, як і сёлета, шчодры ўраджай.


С. МІКАЛАЕЎ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.