Гэтых дзён не змоўкне слава

Днямі старажытны Тураў стаў месцам правядзення ўрачыстага мерапрыемства . Тут прайшла цырымонія перадачы кубка “Эстафета Перамогі” прадстаўнікамі пагранічнай службы Гомельшчыны ваеннаслужачым Пінскага пагранічнага атрада. Прысвечана эстафета 65-ці годдзю Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.


Пранізлівы вецер не супакойваўся. Час ад часу пасыпала і сняжком. Толькі гэтая акалічнасць ніколькі не паўплывала на арганізаванасць мясцовых жыхароў. Яны дружна збіраліся ля помніка “Смуткуючая маці”, каб прывітаць удзельнікаў эстафеты, ваеннаслужачых Гомельскай пагранічнай групы і Пінскага пагранічнага атрада, і яшчэ раз выказаць сваю пашану тым, хто загінуў у гады вайны, адстойваючы незалежнасць Радзімы. Шмат гасцей было і з райцэнтра, якія спецыяльна прыехалі на ўрачыстасць.


Пад гукі дружнай і велічальнай песні ў выкананні самадзейных артыстаў Дварэцкага СДК прыйшоўшыя на мерапрыемства сустракаюць гасцей-пагранічнікаў. Па добрай старадаўняй традыцыі ім прадстаўнікі грамадскасці і кіраўніцтва раёна ўручаюць каравай. Далей паветра ўзрываюць гукі ўрачыстага марша, які выконвае ўзорны духавы аркестр пагранічнай службы, да помніка нясуць кубак эстафеты. Гучаць кароткія рапарты афіцэраў пагранічных злучэнняў розных абласцей: “Эстафету здаў!”, “Эстафету прыняў!”. Яны засведчылі, што чарговы этап “Эстафеты Перамогі” пройдзены паспяхова. З гэтай нагоды адбыўся ля помніка мітынг. Выступаючы на ім старшы эстафетнай групы палкоўнік Рыгор Ігнашэвіч падрабязна расказаў пра праводзімую пагранічнікамі акцыю. Яна пачалася другога лютага ў Гродне, потым перадавалася адным пагранічным злучэннем другому па ўсяму перыметру заходніх, паўночных і ўсходніх межаў нашай краіны, пасля чаго дайшла і да паўднёвай мяжы, да пагранічнікаў Гомельшчыны. Тут, у Тураве, яна перайшла да пагранічнікаў Пінскага атрада, а далей — да Брэста. На гэтым, як гаварыў выступоўца, эстафета свой шлях не закончыць, яе падтрымаюць пагранічнікі Украіны, Малдовы, Арменіі, Казахстана, іншых краін Садружнасці. Такая ж эстафета ў гэтыя дні праводзіцца і пагранічнікамі Расійскай Федэрацыі. Два эстафетныя кубкі сустрэнуцца ў Дзень Перамогі ў Маскве, а затым будуць перададзены ў музеі. Гэтая эстафета, даніна памяці тым пагранічнікам, якія мужна абаранялі рубяжы краіны ў першыя дні вайны, змагаліся на яе франтах, ахоўвалі наш спакой і мір на працягу многіх гадоў. І цяпер пагранічныя злучэнні краіны годна нясуць сваю службу па абароне мяжы рэспублікі, гатовы выканаць пастаўленыя перад імі задачы. Падпалкоўнік В.Бруноў зачытаў прысутным на мітынгу адозву кіраўнікоў краін Садружнасці, у якой галоўнай думкай з’яўляецца тое, што наша перамога свяшчэнная, што немагчыма ў ёй прынізіць ролю народа, які адстаяў не толькі сваю незалежнасць у барацьбе з фашызмам, але і прынёс вызваленне народам многіх краін свету.


— Прыемна вітаць такую знакавую і маштабную падзею як “Эстафета Перамогі” на нашай зямлі, — адзначыў на мітынгу старшыня раённага выканаўчага камітэта Мікалай Какора. — Што Тураў стаў месцам перадачы пагранічнікамі эстафеты— справа заканамерная. Гэта месца размежавання зон адказнасці пагранічнікаў Гомельшчыны і Брэстчыны. Тут да 1939 года дыслацыравалася камендатура васемнаццатага пагранічнага атрада, які ў першыя дні вайны быў у ліку асноўных вайсковых злучэнняў, што абараняў гэтыя мясціны ад ворага, стрымліваў наступленне фашыстаў. Многія героі-пагранічнікі загінулі ў тых баях, іх імёны навечна будуць захаваны ў нашай памяці.


Пра памяць аб ахвярах вайны, аб гераізме гаварыў у сваёй прамове і старшыня ветэранскай арганізацыі Турава Рыгор Бастун. Хвілінай маўчання прысутныя на мітынгу ўшанавалі памяць загінуўшых воінаў і мірных жыхароў, што загінулі ў час Вялікай Айчыннай вайны ў горадзе. Пагранічнікі, прадстаўнікі ўлады, ветэраны ўсклалі вянкі і кветкі да помніка “Смуткуючая маці”. Пасля мітынга адбылося фатаграфаванне гасцей і мясцовых жыхароў на памяць.


На гэтым мерапрыемствы з нагоды перадачы “Эстафеты Перамогі” не закончыліся. Прадстаўнікі пагранічных злучэнняў Гомельшчыны і Брэстчыны наведалі гарадскі краязнаўчы музей, дзе ў ліку іншых азнаёміліся і з выставай матэрыялаў, якая прысвечана 18-му пагранічнаму атраду, а таксама пабывалі ў іншых славутых мясцінах старажытнага горада і яго наваколля.


Па водгуках гасцей, ім вельмі спадабаліся і той прыём, які аказалі ў Тураве, і адносіны мясцовых жыхароў, прадстаўнікоў грамадскасці, улады да гераічнага мінулага свайго краю, што тут свята шануюць воінаў як загінуўшых, так і жывых. Прыклады іх мужнасці з’яўляюцца асновай па выхаванню патрыятызму ў маладога пакалення. А пакуль будзем памятаць пра гэтыя трагічныя і гераічныя старонкі вайны, слава пра тыя дні ніколі не згасне ў нашых сэрцах.


С. БЕЛКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.