Пытанні чакаюць адказаў

Ад Жыткавічаў да вёскі Востранка, якая ўжо не ўваходзіць у гарадскую рысу, а знаходзіцца на тэрыторыі руднянскага сельсавета, рукой падаць – усяго нейкіх 15 хвілін ехаць па асфальтаванай дарозе на легкавушцы. Можна сказаць, што ў прыгарадзе жывуць людзі, бо да райцэнтра адсюль, мабыць, і дзесяці кіламетраў не набярэцца. А вось пытанняў, нявырашаных праблем у мясцовага люду сабралася столькі, як быццам жывуць яны наводшыбе, у самым аддаленым кутку раёна.


Не працуе тут ніводная ўстанова культуры, людзям няма дзе сабрацца, каб грамадою вырашыць тыя ці іншыя пытанні, пагаварыць, што называецца, па душах. Вось і членам інфармацыйнай групы райвыканкама давялося чакаць прадстаўнікоў мясцовай грамадскасці не дзе-небудзь у зацішным, цёплым месцы, а на дарозе пасярод гэтага населенага пункта. Побач магазін, толькі ён у аварыйным стане, не працуе. Крыху далей – ладная цагляная будыніна былога клуба, але ён таксама даўно на замку…


У Востранцы, як сказала старшыня сельвыканкама Вольга Бойка, пражывае дзесьці 70 чалавек, але на сустрэчу прыйшло каля дзясятка людзей, бо каму ж у такі холад ахвота пакідаць цёплую, утульную хату… Ды і то, калі быць дакладным, то прыйшлі маладзейшыя па ўзросту жанчыны, а старэйшых, у тым ліку дзвюх бабулек з кавенькамі, Вольга Міхайлаўна прывезла на аўтамабілі.


Што і казаць, “атакавала” гэтая кучка людзей інфармацыйную групу з усіх бакоў, адкрытым тэкстам выказвала свае крыўды і прэтэнзіі. Да чаго яны зводзяцца?


Па-першае, людзі хочуць аднавіць работу мясцовага магазіна, аўталаўка іх не задавальняе. І, здавалася б, чаму? Прыязджае, згодна з вывешаным графікам, у вызначаныя дні і часы, можа прывесці любы тавар па заказу. Аўталаўкі гэтыя адмыслова працуюць у шматлікіх маланаселеных пунктах нашага раёна і ніякіх нараканняў на іх работу няма, наадварот, людзі толькі дзякуюць. Тут жа заўпарціліся: сядзі, маўляў, і пазірай у акно, калі яна прыедзе. А калі я хворая і не магу ў гэты час прыйсці? У сваю краму я ў любы час прышкандыбала б… А вось лета прыйдзе, дык чаму я не магу ў любы дзень купіць марожанае сваім унукам?


Прадстаўніца раённага спажывецкага таварыства, што прыехала з інфармацыйнай групай, прыводзіла ў каторы раз аргументы, згодна з якімі зноўку адкрыць магазін у Востранцы ніяк не выпадае. Яго стан не адпавядае патрабаванням супрацьпажарнай бяспекі, санітарным нормам, ён не ўмацаваны як след і да яго ўзлому, крадзяжу. Каб усё гэта аднавіць – трэба немалыя грошы, якія невядома дзе ўзяць… да таго ж ёсць пэўныя нарматывы, згодна з якімі для работы стацыянарнай крамы трэба мець у вёсцы не 70 жыхароў, а ў тры разы болей.


Па-другое, людзі патрабуюць адкрыцця клуба, хоць мізэрнай, але ўстановы культуры, дзе яны маглі б сабрацца пад дахам для вырашэння сваіх надзённых праблем.


Па-трэцяе, для многіх тутэйшых людзей, кажучы ў рыфму, шмат бяды ад вады. Яна залівае іх падворкі, нішчыць з вялікай цяжкасцю вырашчаныя ўраджаі. Трэба рабіць падсыпку, што зноў-такі патрабуе немалых матэрыяльных і фінансавых выдаткаў.


— Хутка снег растане, наступіць паводка і да нашых хат не пад’едзе ні хуткая дапамога, ні машына з гаргаза, — у роспачы казала адна з жанчын.


Скардзіліся вяскоўцы на дрэнную работу нашай медыцыны, на тое, што ў іх вёску не заходзіць рэйсавы аўтобус. На ўсе пытанні яны атрымалі інфармацыі ад прадстаўнікоў шматлікіх службаў, што ўваходзяць у інфармацыйную групу райвыканкама. Толькі, па ўсім відаць, гэтыя інфармацыі-тлумачэнні іх ні ў якім разе не задаволілі. Яны не хочуць жыць па прадпісаннях і нарматывах, яны патрабуюць для сябе ранейшага, паўнакроўнага жыцця…

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.