Калі ўзяты курс на поспех

Кожнае прамысловае прадпрыемства можна вобразна параўнаць з караблём, які штогод адпраўляецца ў чарговае нялёгкае плаванне. Тады нават недасведчанаму чалавеку стане зразумелым, што ўсё тут у многім залежыць ад капітана-кіраўніка, які набярэ на борт здольную, згуртаваную каманду прафесіяналаў, што пойдуць да новых перамог правільным, добра вывераным курсам.


І вось калі праводзіць такія паралелі, то варта адзначыць, што караблю пад назваю адкрытае акцыянернае таварства “Пратон-М” у добрым сэнсе пашанцавала з прыходам сюды на капітанскі мосцік Віктара Жуйкова. Абнавіліся кадры, умацавалася дысцыпліна, справы пайшлі пакрысе ўгару.


Прайшло крыху больш года, як прыйшоў ён сюды на кіраўнічую пасаду з Жыткавіцкага маторабудаўнічага завода, дзе набыў немалы вопыт работы ў металаапрацоўцы, а здабыткі ўжо відавочныя і даюць падставу для адваявання новых вышынь у мясцовай прамысловасці. За 2011 год як шэсць асноўных, так і ў цэлым усе прагнозныя паказчыкі паспяхова выкананы. За гэты час аб’ёмы вытворчасці прадукцыі былі павялічаны ў 4 разы. Па прадпрыемству значна ўзрасла сярэднямесячная зарплата людзей.


З прыходам новага кіраўніка тэхнічны патэнцыял тут прырос чатырма новымі станкамі, у тым ліку двума такарнымі ўніверсальнымі з устройствам лічбавай індэксацыі. Закуплены таксама грузапад’ёмны механізм, мыечная ўстаноўка.


— Нарошчванне аб’ёмаў вытворчасці, як вядома, немагчыма без асваення і выпуску новых відаў прадукцыі, — гаворыць кіраўнік. – З гэтай мэтай у мінулым годзе намі быў асвоены выпуск прадукцыі для лесапрацоўчай прамысловасці — сарціровачнае ўстройства. Толькі гэтага для нас, па вялікаму рахунку, мала, мы хочам паўдзельнічаць у вялікім праекце і зрабіць поўнасцю сарціровачную лінію для лесаперапрацоўкі. Да таго ж добры плён дае каапераванне з Мазырскім будаўнічым заводам. Дастаткова сказаць, што ў выніку гэтага мы вырабляем да 25 працэнтаў прадукцыі ад агульнавалавой. Па-ранейшаму надзейнымі партнёрамі для нас застаюцца Мінскі завод Кастрычніцкай рэвалюцыі, “Спецжалезабетон” горада Мікашэвічы, акцыянерныя таварыствы “Бабруйскаграмаш” і “Бабруйсксельмаш”.


Творчы пошук — безумоўнае складаемае агульнага поспеху. І ў першую чаргу гэта распрацоўка і ўкараненне ў вытворчасць новых, запатрабаваных на рынку відаў прадукцыі, здольнай годна канкурыраваць па якасных паказчыках з вырабамі другіх прадпрыемстваў. У планах акцыянернага таварыства “Пратон”, напрыклад, выпуск запчастак да імпартнай сельгастэхнікі. І пад гэта плануецца дадатковае абсталяванне. Частка яго будзе выраблена ўласнымі сіламі. Бо ў чым перавагі такога невялікага прадпрыемства як гэта? У яго мабільнасці, аператыўнасці, уменні, маючы шматуніверсальнае абсталяванне, хутка перабудавацца пад тую ці іншую новую прадукцыю. Яно, у адрозненне ад вялікіх металаапрацоўваючых вытворчасцяў, “не завострана” пад адзін і той жа асартымент прадукцыі…


Сваёй немалаважнай задачай дырэктар акцыянернага таварыства В. Жуйкоў лічыць захаванне высокапрафесіянальнага, зладжанага працоўнага калектыва, цвёрда нацэленага на больш высокія рубяжы вытворчасці. Менавіта сярод такіх людзей дэлегат раённага злёту перадавікоў галоўны бухгалтар Галіна Леўкавец, токары Іван Бурак, Уладзімір Ліцкевіч, фрэзероўшчык Мікалай Мацкевіч, токар-рэвальвершчык Марыя Юхневіч, начальнік вытворчасці Аляксандр Каракоў і другія.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.