Душэўна, сардэчна, шчыра…

У сапраўднае свята ператварыўся сход ветэранскай пярвічкі раённых вузлоў паштовай і электрасувязі. Асаблівай урачыстасці мерапрыемству спрыялі аж дзве падзеі: члены грамадскай арганізацыі адзначалі пятнаццацігоддзе са дня яе стварэння, а таксама Дзень пажылых людзей. Таму ўся дзея адбывалася ў вельмі цёплай, душэўнай і сардэчнай абстаноўцы.

Ветэраны-сувязісты сабраліся ў актавай зале раённага вузла паштовай сувязі. Дружнымі апладысментамі яны прывіталі свайго лідара Галіну Палтаран, якая ўсіх прысутных павіншавала з такімі знакавымі падзеямі. Галіна Макараўна падрабязна расказала прысутным пра справы ветэранскай пярвічкі, пра сувязі арганізацыі з кіраўніцтвам РВПС і РВЭС, пра тыя клопаты, што стараюцца праяўляць пра ветэранаў. Як зазначыла старшыня пярвічнай арганізацыі, усякае было падчас дзейнасці за гэты тэрмін, але галоўнае, што не быў забыты ні адзін работнік, які пайшоў на заслужаны адпачынак з раённых вузлоў паштовай і электрасувязі.
— Так, жыццё не стаіць на месцы, — гаварыла Галіна Макараўна. — Са дня стварэння нашай арганізацыі ў яе радах налічвалася дзевяць ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. Цяпер няма ні аднаго. Таму савет пярвічкі стараецца будаваць сваю работу такім чынам, каб клопат адчуваў кожны былы работнік.
Пераканаўчы доказ таму ўсе пабачылі на сходзе, калі старшыня арганізацыі павіншавала з юбілеем Івана Карповіча. Варта сказаць, што віншаванне з юбілейнымі датамі сваіх членаў з’яўляецца толькі нязначнай часткай дзейнасці кіраўніцтва ветэранскай пярвічкі раённых вузлоў сувязі. Арганізацыя розных мерапрыемстваў для ветэранаў, аказанне дапамогі і многае іншае — аб гэтым усім таксама клапоціцца савет пярвічкі. З гэтай мэтай ён цесна і плённа супрацоўнічае з кіраўніцтвам і прафкамамі арганізацый. Праявілася гэтая сувязь і на ўрачыстасці. Ветэранаў павіншавалі начальнік раённага вузла паштовай сувязі Ягор Шабаеў, начальнік участка раённага вузла электрасувязі Аляксандр Ярмоліч, старшыні прафкамаў Валянціна Сівуха і Таццяна Быстрэнка. Дарэчы, апошнія самым актыўным членам пярвічкі ўручылі падарункі. Іх атрымалі Віталь Яблонскі, Зоя Лахвіч, Ларыса Шаройкіна, Галіна Палтаран.
— Вы памятайце, што мы заўсёды рады вас бачыць на вытворчасці, наведвайцеся часцей, — звярнуўся да ветэранаў Ягор Шабаеў. — Па магчымасці вы заўсёды атрымаеце ад цяперашніх сувязістаў раёна пасільную дапамогу. І вельмі добра, што ў нашых арганізацыях маецца такая моцная сувязь паміж пакаленнямі работнікаў.
Аб гэтым на сходзе казаў і былы начальнік Жыткавіцкага РВЭС Мікалай Вашчанка. Як ён адзначыў, вельмі прыемна сабрацца з былымі калегамі, з якімі працаваў не адно дзесяцігоддзе поплеч, у такой цёплай атмасферы, і такія сустрэчы толькі вітаюцца цяперашнім кіраўніцтвам арганізацый. Шмат успаміналі ветэраны пра свае маладыя гады не толькі падчас урачыстай часткі сходу, але і за салодкім сталом, які спецыяльна накрылі для былых работнікаў. Святочны настрой панаваў на мерапрыемстве і дзякуючы старанню самадзейных артыстаў тэрытарыяльнага цэнтра абслугоўвання насельніцтва, якія падаравалі сувязістам нямала цудоўных канцэртных нумароў. Менавіта выступленне апошніх у пэўнай ступені спрыяла ўсеагульнаму настрою мерапрыемства. Калі яго пачатак быў шчымліва-лірычным, заканчэнне ж перарасло ў жартоўнае рэчышча. І гэта яшчэ адна нагода паказаць пажылым людзям, што з выхадам на заслужаны адпачынак жыццё толькі пачынаецца. І вельмі добра, калі яно ахутана душэўшым цяплом сустрэч, так, як гэта адбылося на раённым вузле паштовай сувязі.
Сяргей Белка.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.