Замацаваць станоўчыя тэндэнцыі

431У першы месяц новага года традыцыйна ў працоўных калектывах падводзяць вынікі мінулагодняй дзейнасці. Нядаўна справаздачыны сход адбыўся на РВХУП “Жыткавіцкая хлебная база”. Мерапрыемства засведчыла, што год прайшоўшы для работнікаў гэтага прадпрыемства быў надзвычай плённым.
Дырэктар хлебнай базы Канстанцін Комар акрэсліў парадак сходу. Ён жа і прааналізаваў вынікі мінулагодняй дзейнасці. Як вынікала з выступлення, у ёй маецца нямала станоўчых тэндэнцый і момантаў.
— Пражыўшы 2013 год, вельмі спрыяльны для нашага прадпрыемства, здавалася, што нас ужо нічым не здзівіш, — зазначыў Канстанцін Іванавіч. — Але 2014 паказаў, што магчымасці калектыва яшчэ не вычарпаны поўнасцю. Рэкордны ўраджай зерневых, вырашчаны ў краіне, адчулі ўсе работнікі базы падчас нарыхтоўчага перыяду.
У выніку нарыхтоўкі збажыны ўраджаю 2014 года спецыялісты хлебнай базы прынялі прыкладна восемдзесят тысяч тон зерня, а за год адгружана спажыўцам семдзесят тысяч тон. Такім чынам, агульны аб’ём зерня толькі на прыёмцы і адгрузцы склаў, без уліку перапрацоўкі, больш 150 тысяч тон. Калі ж дадаць да гэтай колькасці і апрацаванае зерне, то атрымаецца даволі ўнушальны паказчык перамяшчэння фізічнага аб’ёму збажыны на абсталяванні элеватара.
Падчас сходу, напэўна, не толькі кіраўнік згадаў пра тыя спякотныя жнівеньскія дні, калі вёўся продаж збажыны гаспадаркамі. Работнікам і спецыялістам практычна ў ручным рэжыме прыходзілася рэгуліраваць паток аўтатранспарта, некалькі разоў накладваць забарону на адгрузку вагонаў, якія ішлі з усёй краіны на прадпрыемства, каб разруліць трохдзённыя заторы. Але то былі прыемныя клопаты для працаўнікоў, бо яны дазволілі вызначыць дабрабыт прадпрыемства на будучыя адзінаццаць месяцаў. І такая дзейнасць на хлебнай базе становіцца нормай. Ужо некалькі гадоў запар у выніку спрыяльных абставін у сукупнасці са стараннем калектыва ўдаецца поўнасцю запоўніць элеватар. Гэтая тэндэнцыя захавана і летась, але наяўнасць сярэднемесячнага аб’ёма захавання зерня ў снежні ў колькасці 124 тысячы тон — гэта ўпершыню за апошнія пятнаццаць гадоў. У папярэднім годзе гэты паказчык складаў толькі 111 тысяч тон. Менавіта такое становішча спраў дазволіла калектыву хлебнай базы з лёгкасцю выканаць усе запланаваныя на год вытворчыя паказчыкі ўсяго за 11 месяцаў. Таму асноўныя лічбы, якія характарызуюць вытворчую дзейнасць калектыва, Канстанцін Іванавіч прыводзіў з гонарам. За год калектыў зарабіў 28,7 мільярда рублёў, што на дваццаць працэнтаў болей чым за папярэдні. Атрымана прыбытку 3,1 мільярда рублёў, хаця планавалі атрымаць яго на адзін мільярд меней. Гаворачы аб эфектыўнасці работы прадпрыемства, дырэктар не пакінуў без увагі і той факт, што, нягледзячы на пастаяннае падаражанне паліўна-энергетычных рэсурсаў, матэрыялаў, іншыя фінансавыя неспадзяванасці, летась удалося захаваць узровень 2013 года затрат на адзін рубель выручкі. А гэта найперш сведчыць пра стабільную работу прадпрыемства і эфектыўнасці выкарыстання наяўных рэсурсаў. Хаця былі акрэслены і некаторыя негатыўныя моманты ў дзейнасці. У ліку такіх было названа, што за мінулы год у структуры атрыманых даходаў знізілася доля гандлёвых паслуг, а павялічылася доля выручкі ад захавання зерня дзяржрэзерва. Прызваў Канстанцін Иванавіч больш эфектыўна выкарыстоўваць і магчымасці зернесушыльнай гаспадаркі.
Мінулагодняя дзейнасць для калектыва РВПХУП “Жыткавіцкая хлебная база” стала тым падмуркам для будаўніцтва стабільнай эканомікі, будучага развіцця прадпрыемства са спрыяльнымі і бяспечнымі ўмовамі працы і годнай аплатай працы работнікаў. Дарэчы, на апошнім кіраўнік у сваім дакладзе засяродзіў увагу прысутных не ў меншай ступені чым на вытворчых паказчыках. Бо і па гэтых накірунках працы дасягнуты немалыя поспехі. У прыватнасці, сярэдні заробак павялічыўся на сямнаццаць працэнтаў і перавысіў пяць мільёнаў рублёў. Гэта стала магчымым дзякуючы павышэнню тарыфнай стаўкі першага разраду на пятнаццаць працэнтаў, а таксама шматлікім мерам стымулявання работнікаў, на якія выдаткавалі з прыбытку 752 мільёны рублёў. Пры гэтым павелічэнне заработнай платы не перавышала росту прадукцыйнасці працы. Вось і падчас сходу Канстанцін Іванавіч паведаміў прысутным на мерапрыемстве, што ўсім будзе пералічаны так называемы “трынаццаты” заробак. Акрамя матэрыяльных стымулаў, кіраўніцтва прадпрыемства пастаянна клапацілася пра стварэнне прыстойных умоў працы і быту на вытворчасці, павышэнне прафесійнага ўзроўню спецыялістаў. З гэтай мэтай у мінулым годзе дзевяць чалавек прайшлі навучанне.
Нямала інвесціравана фінансаў у абнаўленне матэрыяльна-тэхнічнай базы. Толькі на абнаўленне абсталявання патрачана больш мільярда рублёў. У гэтай важнай справе стаўка робіцца на энергазберагаючыя тэхналогіі і забеспячэнне бяспекі людзей на вытворчасці. На апошняе таксама, як сказаў інжынер па тэхніцы бяспекі Фёдар Каралёў, грошай кіраўніцтва не шкадуе. За мінулы год на гэтыя мерапрыемствы зрасходавана амаль паўмільярда рублёў. На прадпрыемстве пастаянна праводзяцца па дадзенай тэматыцы практычныя заняткі і семінары.
Канечне, пакуль не ўсё атрымліваецца так, як хацелася і, па словах спецыяліста, гэта ад таго, што прыніжана патрабавальнасць з боку інжынерна-тэхнічных работнікаў да падначаленых. Таму працаваць на прынцып, каб работнік прыйшоў на працу здаровым і такім жа вярнуўся дадому, застаецца галоўным у справе па стварэнню бяспечных умоў на вытворчых участках прадпрыемства. Вось і гадавое мерапрыемства закончылася навучаннем персанала. Інспектар раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Ян Хмялеўскі і старшыня раённай арганізацыі Чырвонага Крыжа Ларыса Фралова паказалі работнікам хлебнай базы, як засцерагчыся ад пажараў і як правільна аказваць першую медыцынскую дапамогу пры траўмах.
Увогуле, выступоўцы на сходзе адзінадушна прытрымліваліся адной высновы, што ўсе станоўчыя тэндэнцыі, накіраваныя на росквіт свайго прадпрыемства, калектыў будзе развіваць і ўмацоўваць. Працаўнікі ж і спецыялісты падабраліся даволі высокапрафесійныя, старанныя і адказныя, якія здольныя вырашаць самыя складаныя задачы. Немалаважнае значэнне ў паспяховай дзейнасці прадпрыемства адыгрывае і прафкам, яго кіраўнік Любоў Вішнякова імкнецца падтрымліваць у калектыве добры мікраклімат. Таму пад началам прафсаюза на хлебнай базе праводзіцца шмат культурных і спартыўных мерапрыемстваў, людзей віншуюць з юбілейнымі датамі і святамі, і многае іншае. Таму першаму намесніку старшыні райвыканкама, начальніку райсельгасхарчу Мікалаю П’яўко, які прысутнічаў на сходзе, было вельмі прыемна адзначаць у сваім выступленні поспехі работнікаў і спецыялістаў хлебнай базы, бо яны зрабілі немалы ўклад у развіццё аграрнай галіны раёна.
— Відавочна, што прадпрыемства жыве і паспяхова развіваецца, — зазначыў Мікалай Мікалаевіч. — І ў гэтым годзе ўзяты нядрэнны старт у вытворчасці, і ёсць усе падставы, што поспехі будуць захаваны.
Сяргей Белка.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.