У Жыткавіцкім раёне аператыўна ўхіляюць наступствы аварыі, што здарылася з мастом

Некалькі дзён у Жыткавіцкім раёне аператыўна ўхіляюць наступствы аварыі, што здарылася з мастом праз Прыпяць. У суботу прама на беразе ракі пад кіраўніцтвам віцэ-прэм’ера Анатоля Калініна  адбылося пасяджэнне рэспубліканскага штаба па надзвычайных сітуацыях, на якім дэталёва распрацаваны шляхі па выхаду са склаўшагася становішча.

Аб трэшчыне, што з’явілася на мосце, апоўдні ў чацвер паведамілі вадзіцелі.  Мясцовымі службамі неадкладна былі прыняты захады, каб перакрыць рух на пераправе.  Таго ж дня, ўвечары, пасля абследаванняў збудавання спецыялістамі дазволілі праход пешаходам і праезд веласіпедыстам. Але на наступны дзень і іх перамяшчэнне забаранілі.  Дастаўкай людзей з аднаго берага на другі заняліся супрацоўнікі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, які задзейнічалі для гэтага кругласутачна два кацеры. Да вадзіцеляў давялі інфармацыю аб аб’яздных шляхах праблемнага  ўчастка на аўтатрасе Жыткавічы Давыд – Гарадок.

 

Адразу ж распачаліся  работы па забеспячэнню жыццядзейнасці і бяспекі насельніцтва, што  пражывае на Тураўшчыне. Менавіта на гэтым акцэнтаваў увагу і Анатоль Калінін. У ліку першачарговых задач, якія патрэбна выканаць неадкладна, ім названа ўзвядзенне пантоннай пераправы, каб аднавіць транспратныя зносіны паміж часткамі рэгіёна. Тым больш што неабходнасць у тым ёсць вялікая. Аб чым засведчыў не толькі старшыня Жыткавіцкага райвыканкама Дзмітрый Гайкевіч, але і людзі.

–Безумоўна, нязручнасцей, што мост праз Прыпяць выйшаў са строю, нямала, – акрэсліў праблему Дзмітрый Сцяпанавіч. – Наесльніцтва аднеслася да неспадзяванасці з разуменнем, пакуль не паступіла ні аднаго наракання.  Намі прыняты вычарпальныя меры, каб у Тураве і навакольных вёсках людзі не адчулі сябе не камфортна. У горадзе маецца бальніца, участкі камунальнай, энергетычнай, газавай службаў, бальніца, іншыя структуры, якім па сілах забяспечыць патрэбы насельніцтва. Канечне, ёсць пытанні з дастаўкай сыравіны на Тураўскі малочны камбінат. Што ні кажы, а кожны дзень туды патрэбна паставіць больш як дзвесец тон малака. Але спадзяюся, калі перакінуць пантонны мост, і гэтая праблема вырашыцца. Тым больш мы ўжо не адзін год выкарыстоўваем такі від пераправы.   Вайскоўцы яе наладжваюць праз Прыпяць, каб ААТ “Тураўшчына” магла з зарэчных лугоў перавозіць на грамадскія фермы травяністыя кармы. Руку дапамогі Міністэрства абароны працягнула нам і ў гэтай няпростай сітуацыі.

 

– Пра тое, што на мосце ўтварылася расколіна, я даведаўся, калі быў у камандзіроўцы ў Мінску, таму вяртаўся праз Мазыр і Лельчыцы, – расказаў Мікалай Курбан, які на кацеры МНС пераправіўся  з правага берага на левы. –  Для нас мост праз Прыпяць вельмі неабходны. Жыву ў Жыткавічах, працую ў сялянскай гаспадарцы М.Р.Шруба.  Дабірацца патрэбна штодня., таму ўскладваю вялікія надзеі на пантон, па якім можна будзе рухацца без перашкод і па самым кароткім маршруце. Для мяне гэта істотна, бо працую вадзіцелям –дальнябойшчыкам, пастаянна важу сельгаспрадукцыю ў сталіцу.

Дарэчы, штосуткі па вышэйзгаданай  магістралі праходзіла ад двух да двух з паловай тысяч аўтамабіляў. Пантонная пераправа, як запэўнілі ваенныя, запрацуе на поўную сілу ў панядзелак. Зараз вядуцца работы па яе наладжванні, а таксама падсыпка пад’яздных дарог па пойме з боку вёсак Боркі і Чэрнічы. Займаюцца гэтай справай жыткавіцкія дарожнікі і міліяратары. Канечне ж, не без дапамогі  калег з іншых рэгіёнаў і старонніх арганізацый раёна. Да таго ж плануецца, што насып будзе даволі высокім, каб  яго не перамывала ў час паводкі.

Што тычыцца самога моста,  па словах віцэ-прэм’ера Анатоля Калініна, неабходна як мага хутчэй завяршыць яго абследаванне спецыялістамі і распачаць рамонт. Досвед у аднаўленні такіх збудаванняў у краіне маецца. Аналагічных з мастом праз Прыпяць канструкцый ў рэспубліцы налічваецца пяць.  Па дзве – ў Гомельскай і Магілёўскай абласцях і адна – ў Віцебскай. У 2013 годзе падобная расколіна ўтварылася на пераправе пад Бабруйскам. Для яе ўхілення спатрэбіўся ўсяго год.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.