Наступствы і прафілактыка

Урон ад захворванняў сельскагаспадарчай жывёлы і птушкі наносіцца даволі адчувальны. У ліку такіх і Ньюкаслская хвароба птушкі. Як мінімізаваць ад яе страты? Гэты аспект і стаў прадметам гутаркі з намеснікам галоўнага ветэрынарнага ўрача Жыткавіцкай райветстанцыі Ірынай Рыдзецкай.

—  Ірына Рыгораўна, раскажыце, чым жа небяспечная  згаданая інфекцыя?

Гэта — высокакантагіозная вірусная хвароба птушкі атрада курыных, якая пашкоджвае органы дыхання, харчавання і цэнтральную нервовую сістэму. Яе ўзбуджальнікам з’яўляецца вірус. Пры першым яго занясенні ў гаспадарку захворваемасць пярнатых можа скласці да ста працэнтаў пагалоўя і заканчваецца 60-70% яго гібелі.

У прыродзе зафіксаваны выпадкі, калі хварэюць не толькі прадстаўнікі атрада курыных, але, напрыклад, вераб’і і голубы, якія пераносяць вірус на вялікія адлегласці, чым садзейнічаюць заражэнню хатняй птушкі. Па дадзеных некаторых даследчыкаў, да хваробы ў пэўнай ступені адчувальныя і водаплаваючыя, прычым, як хатнія, так і дзікія. У літаратуры таксама апісваюцца выпадкі заражэння вірусам Ньюкаслскай хваробы чалавека. Гэта магчыма пры незахаванні персаналам правілаў гігіены на птушкафабрыках. Клінічным праяўленнем у людзей з’яўляецца каньюктывіт.

— З вышэй Вамі агучанага выходзіць, што асноўнай крыніцай перадачы захворвання з’яўляецца інфіцыраваная птушка?

— Так. Але і тыя асобіны, якія перахварэлі. Яны здольныя распаўсюджваць вірус пры дыханні, са знесенымі яйкамі і іншымі выдзяленнямі. Пасля выздараўлення ўзбуджальнік захоўваецца ў арганізме на працягу яшчэ двух-чатырох месяцаў. Праблемай застаецца і тое, што вірус доўгі перыяд (да 200 дзён) можа выжываць на птушыных паразітах. Таксама фактарамі перадачы выступаюць: уся прадукцыя птушкаводства, забруджаны рабочы інвентар, кармы і падсцілка. Патрэбна  ўлічваць і яшчэ адзін момант. Пры ўтрыманні ў адным месцы вялікай колькасці хворай птушкі інфіцыраванае паветра пры вентыляцыі памяшкання можа разносіцца на адлегласць да пяці кіламетраў і прадстаўляць небяспеку для здаровых пярнатых. З прадукцыяй і адходамі — да пятнаццаці км.

— Якія прызнакі хваробы Ньюкасла?

— Пры вострым цячэнні адзначаюцца наступныя сімптомы: павышэнне тэмпературы да 44 градусаў, прыгнечаны стан, страта апетыту, маларухомасць, каньюктывіт. Пры паражэнні лёгкіх: кашаль, чыханне, каркаючыя гукі, дыханне з прыадкрытай ці адкрытай дзюбай. Пры парушэнні цэнтральнай нервовай сістэмы: няўпэўненая паходка, схільнасць руху па крузе, параліч частак цела. У некаторых выпадках назіраецца панос, у тым ліку і з прымессю крыві. Разам з тым, дакладны дыягназ магчыма ўстанавіць толькі лабараторным даследаваннем. Яго праводзяць спецыялісты абласной і рэспубліканскай лабараторый.

— Усім добра вядома, што хваробу лепей папярэдзіць, чым лячыць.  Якія захады прафілактыкі параіце гаспадарам?

— Гэта так. Тым больш што спецыфічная тэрапія не распрацавана. Таму самы просты спосаб засцярогі — зрабіць маладняку адпаведныя прышчэпкі. Мінімум двойчы ў год варта праводзіць дэзінфекцыю памяшканняў. Вядома, што вірус вельмі адчувальны да ўздеяння раствораў едкага натрыя (2-х працэнтнага) і хлорнай вапны (3-х працэнтнай). Патрэбна агарадзіць тэрыторыю  гаспадаркі і не дапускаць на яе пастаронніх асоб. Неабходна прымаць захады, каб туды не трапілі заражоныя яйкі, корм, падсцілка, інвентар. Варта паклапаціцца і пра дэзынфіцыруючы дыванчык перад куратнікам, а таксама пра рукамыйнік для мыцця і апрацоўкі дэзсродкамі рук. Каб захворванне не распаўсюджвалася, хворую птушку і тую, якая “падазраецца”, яйкі патрэбна знішчыць, а пух і пяро спаліць. Ва ўсялякім разе, гаспадарам не патрэбна панікаваць, калі  ў пярнатых гадаванцаў выявілі клінічныя прызнакі захворвання, а адразу звяртацца да спецыялістаў райветстанцыі, у тым ліку і па тэлефоне 53940.

Гістарычная даведка:

Ньюкаслская хвароба была выяўлена на востраве Ява Краневальдам у 1926 годзе. Праз год яе сталі рэгістраваць у розных краінах Азіі, Амерыкі і Еўропы. Англійскі даследчык Дойль у 1927 г. знайшоў захворванне паблізу горада Ньюкасл і даў яму адпаведную назву. У ЗША яго сімптомы апісаны ў 1935 годзе. У сярэдзіне мінулага стагоддзя хвароба шырока распаўсюдзілася ў еўрапейскіх краінах.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.