Сямейны экіпаж

Нішто так не псуе настрою братам Андрэю і Дзмітрыю Макарэвічам у гэтыя дні, як частыя праліўныя дажджы. Толькі настрояцца хлопцы на плённую працу, а з-за капрызаў надвор’я даводзіцца прастойваць у гаражы. Справа ж у братоў вельмі адказная. Яны ўбіраюць збажыну на палетках роднай гаспадаркі — КСУПа “Чырвоны Бор”.


Нямала прыкладвалі гэтыя механізатары сіл і намаганняў, каб наблізіць час жніва. Яны аралі і сеялі, апрацоўвалі глебу, даглядалі за пасевамі, каб на іх вырас важкі колас. Практычна на ўсіх вытворчых участках, дзе даводзілася працаваць Макарэвічам, яны паказвалі ўзор у працы, таму заўсёды, так бы мовіць, хадзілі ў перадавіках. Ды і да жніва рыхтавалі свой камбайн даволі грунтоўна. Як адчувалі, што не так лёгка прыйдзецца сёлета ўбіраць хлеб. Таму на свой уборачны агрэгат яшчэ да пачатку кампаніі зрабілі спараныя колы. Як зазначаюць механізатары, усяго адной ночы не паспалі, але цяпер іх камбайну самыя пераўвільготненыя ўчасткі не страшныя, усюды пройдзе. Такіх мясцін у гэтым годзе на грамадскіх палетках вельмі шмат. Але хлопцы прадугледзелі гэтую акалічнасць. Іх знаходлівасць і ўмельства нават на раённым семінары былі адзначаны і ў прыклад іншым пастаўлены.


Сёлета Андрэй і Дзмітрый вырашылі на жніве працаваць сямейным экіпажам. І планы на ўборку намецілі немалыя. Хочацца хлопцам намалаціць за сезон тысячу тон зерня. У параўнанні з мінулым годам, калі ім удасца дасягнуць гэтага вытворчага рубяжа, свой жа намалот павялічаць удвая. Развярнуцца ёсць дзе. Грамадскі палетак зерневых і зернебабовых складае больш тысячы гектараў. Ну, а стараннасці Андрэю і Дзмітрыю не займаць. Добрую механізатарскую і хлебаробскую школу яны прайшлі пад бацькоўскім наглядам. Дарэчы, бацька хлопцаў таксама ўдзельнік сёлетняй уборкі. Ен заняты на адвозцы зерня ад камбайнаў на ток. Але старэйшы Макарэвіч пастаянна апякае сваіх сыноў. І яму вельмі хочацца, каб хлопцы дамагліся пастаўленай мэты. У пэўнай ступені гэта бацькоўская плата сынам за тое, што пайшлі па яго хлебаробскім шляху, не здрадзілі роднай зямлі. Хаця перспектывы ў хлопцаў былі іншыя. Адзін з іх закончыў Пінскі індустрыяльна-педагагічны тэхнікум, другі вучыцца ў ВНУ Мінска. Абодвум кіраўніцтва прапаноўвала пасады спецыялістаў у гаспадарцы. Але адмовіліся. Відаць, мілей ім за кабінеты прастор палеткаў і сенакосаў, праца, да якой іх прывучалі з маленства. Зараз хлопцы даражаць кожнай пагоднай хвілінай. У гэтыя часіны іх камбайн працуе без прастояў. Вынік працы камбайнераў з пачатку жніва: амаль 80 тон выдадзенага з бункера насення рапсу і сотня тон зерня. Пачатак пакладзены, а якім будзе канчатковы вынік, залежыць ад саміх хлопцаў. Яны ж нацэлены ўнесці ў агульна-гаспадарчы каравай значны ўклад. І ім гэта па плячу.


С. БЕЛКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.