Вазьмі ў дарогу старанне і надзею

Што можа быць важней дарог. Якія па праву лічацца жыццёвымі артэрыямі, важнейшымі капілярамі эканомікі краіны. Яны злучаюць вёскі, гарады, людскія лёсы, па іх перавозіцца велізарная колькасць грузаў, пасажыраў. І той, хто працуе ў сістэме дарожнага будаўніцтва не адзін год, можа з поўным на тое правам сказаць, што прафесія дарожнага будаўніка –- самая адказная, ганаровая і разам з тым самая цяжкая.


І з гэтай думкай згодзіцца кожны, хто застаўся на ўсё жыццё верны сваёй прафесіі: будаўніцтву і капітальнаму рамонту аўтамабільных дарог і штучных збудаванняў на іх.


А яшчэ дарогі — гэта складанейшыя інжынерныя збудаванні, узвесці якія можна толькі з вялікім багажом тэарэтычных і практычных ведаў. І да таго ж як ганарова: ты пойдзеш на заслужаны адпачынак, а застануцца дарогі, памяць пра цябе. Хаця ў дарожнага будаўніка на шляху і немалыя цяжкасці: ён працуе ў любую пагоду — у спякоту і холад, туман і снег. Чалавек ён, як правіла, загартаваны і надзейны. Калі браць калектыў Жыткавіцкага дарожна-будаўнічнага ўпраўлення № 21 адкрытага акцыянернага таварыства “Гомельскі дарожна-будаўнічны трэст №2”, то адразу варта адзначыць, што мясцовыя дарожнікі заўсёды падтрымлівалі ініцыятывы па датэрміноваму выканню заданняў тагачасных пяцігодак па павышэнню якасных паказчыкаў. Рост тэхнічнай аснашчанасці, укараненне апошніх дасягненняў навукі і тэхнікі, развіццё вынаходніцтва і рацыяналізатарскай работы для іх заўсёды былі надзённымі пытаннямі. А гэтыя і іншыя ім падобныя фактары і сталі складаемымі новай тэхналогіі дарожнага будаўніцтва, высокай прадукцыйнасці працы.


— Пры планавым аб’ёме будаўніча-мантажных работ уласнымі сіламі на 4 мільярды 344 мільёны рублёў за студзень-верасень іх фактычна было асвоена звыш 5 мільярдаў рублёў, што склала 115 працэнтаў да запланаванага, — дзеліцца здабыткамі дарожнікаў напярэдадні іх прафесійнага свята начальнік планава-эканамічнага аддзела ДБУ-21 Надзея Уткіна – прафесіянал сваёй справы, за плячыма якой вялікі стаж работы і багаты вопыт. – Адзін з асноўных нашых аб’ектаў – аўтадарога М-10 “ Мяжа Расійскай Федэрацыі – Гомель – Кобрын”, што размешчана на тэрыторыі суседняга Лунінецкага раёна. Нашым заказчыкам, як і раней, выступае надзейны партнёр, з якім упраўленне мае справу далёка не першы год, — “Брэстаўтадор”. На адрэзку ў 3 кіламетры 140 метраў нашы работнікі зрабілі пакрыццё аўтадарогі па сучаснай мембраннай тэхналогіі. Акрамя гэтага значныя работы былі праведзены ў Нацыянальным парку “Прыпяцкі” на лесагаспадарчай дарозе Баклань — Пасека і на будаўніцтве аўтадарогі Брынёў — Найда — Старушкі — Серп — Келі. У прыватнасці, на Келях здадзена ў строй другая чарга. На першай дарозе пакрыццё серпавіднага профілю было зроблена на адлегласці 11,1 кіламетра, а на другой на адрэзку ў 5,8 кіламетра. Да таго ж вялікія аб’ёмы работ былі асвоены на рэспубліканскім унітарным прадпрыемстве “Граніт” горада Мікашэвічы, на аб’ектах мясцовай жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Зараз нашы вытворчыя падраздзяленні вядуць рэканструкцыю дарогі №2 РУП “Граніт”.


Калі браць заказы і аб’ёмы работ, то варта зазначыць, што ў гэтым плане апошнія гады для дарожнікаў былі не з лёгкіх.Таму былі ў мінулым і такія часы, калі яны свае погляды звярталі і ў бок суседняй Расійскай Федэрацыі, дзе для іх меліся значныя аб’ёмы работ. Працавалі, напрыклад, у старажытным рускім горадзе Яльцы — вялі работы на ўладкаванні землянога палатна. Усе аперацыі на дарогах вяліся вахтавым метадам, брыгады мяняліся цераз кожныя 15 дзён. Канечне, вахтавы метад не просты, але тады ён ужо стаў звыклым для работнікаў ДБУ. Там, наводдаль ад асноўнай базы, яны стараліся стварыць нармальныя ўмовы для працуючых: арганізаваць і жыллё, і паўнацэннае харчаванне. І пры ўсіх складанасцях работы ў Рассіі яна, як паказала тагачасная практыка, усё ж была выгадная як для ўпраўлення, так і для самых радавых працаўнікоў. Інакш, як кажуць, не варта было і коп’і ламаць… Акрамя таго, што яна давала прыбытак, там меліся магчымасці ўдасканальваць тэхналогіі дарожнага будаўніцтва, якія ў асноўным былі распрацаваны ў Гомельскім дарожна- будаўнічным трэсце №2.


Прыемна ўражвае агромністая плошча машынна-трактарнага парка ўпраўлення, яго магутнасць, набор самай разнастайнай дарожнай тэхнікі, якой па сілах вялікія аб’ёмы работ. Тут працуе нямала аўтагрэйдзераў, пагрузчыкаў, бульдозераў, каткоў, экскаватараў, асфальтаўкладчыкаў, самазвалаў і г.д.. Прычым тэхніку штогод стараюцца абнаўляць, а ўсё гэта і дае свой плён.


Па недалёкаму суседству з адміністрацыйным памяшканнем упраўлення ўпэўненна, эфектыўна працуе асфальтабетонны завод. Спецыфіка яго работы — сезонная, у залежнасці ад пагодных умоў, прыкладна з сакавіка — красавіка па кастрычнік — лістапад. Што і казаць, свой асфальтны завод дазваляе ісці ў нагу з часам у вобласці вытворчасці і прымянення сучасных дарожных пакрыццяў. З пачатку бягучага сезона тут было выпушчана звыш 27 тысяч тон асфальтабетоннай сумесі.


А побач з заводам лабараторыя, у якой кантроль за выпускаемай дарожнай “прадукцыяй” вядуць інжынер па якасці і тэхнік-лабарант. Створаны і пастаянна паляпшаюцца бытавыя ўмовы для работнікаў завода. Да іх паслуг — бытавое памяшканне, шафы для пераапранання, душавая, мікрахвалёвая печ, электрачайнік. Людзі самых розных, патрэбных спецыяльнасцей, майстры сваёй справы працуюць і ў рамонтна-механічных майстэрнях. Трывалая матэрыяльна-тэхнічная база, добрасумленная, высокапрафесіянальная праца людзей, упор на якасць, укараненне новых тэхналогій – вось складаныя агульнага поспеху. Дастаткова сказаць, што тут ў ліку першых у нашым палескім рэгіёне сталі прымяняць новую мембранную тэхналогію па абуладкаванні верхніх слаёў бетоннага пакрыцця з прымяненнем мадыфіцыраванага бітума. У калектыве працуюць людзі, якія адданыя сваёй справе, сапраўдныя прафесіяналы. Яны аб’яднаны адным імкненнем: працаваць на сумленне, з поўнай аддачай, якую б пасаду хто не займаў. Вось чаму нас с годнасцю і запэўнілі ў планава-эканамічным аддзеле ўпраўлення, што сярод аналагічных па колькасці працуючых калектываў у трэсце Жыткавіцкае ДБУ-21 — у ліку першых па аб’ёму вытворчасці.


С. КУЛАКЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.