Любіць прыгожае

Бачыць прыгажосць ва ўсім, нават у самых звычайных рэчах, гэтаму вучыць на сваіх уроках школьнікаў Ала Ачапоўская, настаўніца выяўленчага мастацтва.


Рабяты за партамі шчыравалі з вялікай асалодай. Хтосьці наносіў фон на паперу фарбамі, хтосьці іншы падводзіў апошнія штрыхі алоўкам або фламастэрам. Малявалі зімовыя пейзажы. Стараліся, бо кожнаму хацелася, каб яго малюнак спадабаўся і настаўніцы, і аднакласнікам.


— Справіліся? — ласкава прамовіла настаўніцца. — Хто хоча паказаць свой малюнак?


Пасля гэтага пытання Алы Аляксандраўны падняўся лес рук. Дзяўчынкі і хлопчыкі прасіліся да дошкі, каб прадэманстраваць свае малюнкі.


— Паказвай, што ты намаляваў? — звяртаецца настаўніца да самага смелага хлапчука.


Той без разгубленасці, упэўнена паказвае свой малюнак, расказвае аднакласнікам, якую тэхніку выкарыстоўваў, што выявіў на паперы. Першая дэманстрацыя, як і іншыя, закончылася пахвалой настаўніцы і іншых вучняў. Некаму аднакласнікі і педагог раілі дапрацаваць свае малюнкі, і вучні спяшаліся на свае месцы, каб выканаць парады.


— Цяпер давайце вызначым, з якім настроем мы працавалі, — прапануе настаўніца дзецям. — Для гэтага малюем выяву чалавечка ў залежнасці ад настрою: з добрым — ён усміхаецца, з дрэнным — сумуе.


Заданне дзеці выконваюць таксама з вялікай ахвотай. На ўсіх дзіцячых малюнках з’яўляюцца чалавечкі з усмешкамі. Гэта прамое сведчанне, што ўрок удаўся, на ім было цікава вучням.


— Такі аспект таксама ўлічваю пры ацэнцы малюнкаў дзяцей, нават раю ім самастойна паставіць за сваю працу адзнакі, — расказвае Ала Аляксандраўна. — Цікавасць у рабят намнога павышаецца, і стараннасці прыбаўляецца. Менавіта праз выяўленчае мастацтва можна прывіць дзецям і добры эстэтычны густ, і развіваць іх фантазію, і мысленне.


Сама Ала Аляксандраўна любіла маляваць з дзяцінства. Бацька таксама гэтым займаўся, вось і прывіў ёй любоў да гэтага віду мастацтва. Пасля заканчэння Магілёўскага педвучылішча і пачала выкладаць выяўленчае мастацтва ў школе. Часта і сама бярэцца за фарбы. Асабліва любіць маляваць пейзажы. Прыгожых мясцін у нас шмат. Нават яе творы выстаўляліся ў Германіі.


Выяўленчаму мастацтву Ала Аляксандраўна вучыць дзяцей не толькі на ўроках. Амаль два дзесяткі рабят прыходзяць да яе на гурток. Тут вучні і ствараюць свае палотны. Некаторыя карціны выхаванцаў Ачапоўскай мелі поспех на розных раённых і абласных творчых конкурсах. Некаторыя з вучняў жадаюць мець прафесію, звязаную з выяўленчым мастацтвам, таму і звяртаюцца за дапамогай да свайго педагога. Яна не адмаўляе, бо ведае наколькі важна ў гэтай сферы адукацыя. Зараз заканчвае Мазырскі педагагічны ўніверсітэт. Бясспрэчна, што навучыць любіць прыгожае, ствараць яго ўласнымі рукамі, гэта тое ж, што і навучыць дабрыні.


С. БЕЛКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.