Віктар УЛЬЯНОВІЧ: “Усё жыццё ішоў туды, дзе было цяжэй”

Пра такіх, як дырэктар КСУП «Людзяневічы» гавораць — чалавек справы. Ад прыроды ён надзелены магутнай энергіяй, талентам разумець і цаніць людзей, знаходзіць з імі патрэбнае разуменне і кантакт, і рабіць дабро, умее ў цяжкую хвіліну сканцэнтраваць сілу волі і прыняць правільнае рашэнне. Патрабавальны да сябе, строгі, але справядлівы з падначаленымі. У людзях найперш цэніць чалавечнасць і шчырасць.


Ведаю: сярод дырэктарскага корпусу раёна няма чалавека, які б не быў заклапочаны лёсам прадпрыемства, якое ён узначальвае. Тым больш што ў перыяд крызісных з’яў у сусветнай і айчыннай эканоміцы асаблівую вастрыню набывае праблема захавання працоўнага калектыву. І калі, як кажуць, будзеш азірацца толькі на мінулы вопыт, спадзявацца на тое, што ўсё палепшыцца само сабой, прагназуй пройгрыш. Без правільна абранай стратэгіі развіцця, адаптаванай да новых умоў гаспадарання, без новых тэхналогій цяжка дасягнуць станоўчых вынікаў. А да гэтага пастулата сённяшняга дня варта дадаць яшчэ адзін, больш знаёмы: немалаважную ролю ў дзейнасці кожнага камандзіра вытворчасці любога прадпрыемства мае стыль яго працы, сукупнасць метадаў і прыёмаў, выкарыстоўваемых ва ўзаемаадносінах з падначаленымі. У нашым славянскім асяроддзі, не пазбаўленым заган, нараўне з найноўшымі тэхналогіямі, менавіта аўтарытэт вопытнага кіраўніка з’яўляецца абавязковай умовай стваральнай дзейнасці калектыва, развіцця прадпрыемства.


Народная мудрасць кажа: “Той, хто хоча нешта зрабіць, шукае сродак, а хто не хоча працаваць — шукае прычыну”. Аб кіраўніку прадпрыемства, якое, нягледзячы на цяжкасці, не толькі не зменшыла вынікі сваёй дзейнасці сёлета, але і павялічыла іх, мой расповед.


Галоўнае — людзі


Як ніхто іншы, Віктар Несцеравіч Ульяновіч ведае, што заслужыць аўтарытэт і давер сярод сваіх калег — справа складаная. Яна патрабуе арганізатарскіх здольнасцяў, працавітасці і ўсебаковых ведаў. Але ж не пра ўласны аўтарытэт дбае гэты кіраўнік, а пра людзей, з якімі працуе. Так мне падалося, наведаўшы днямі сельгаспрадпрыемства.


У сельгасвытворчасці ён не пачатковец. Лічы, усё свядомае жыццё аддаваў сябе гэтай цяжкай справе. Восем з іх узначальвае адну з буйных гаспадарак Жыткаўшчыны. Перыяд, як кажуць, больш чым дастатковы, каб пераканацца ў правільнасці жыццёвага выбару. А заадно пераканаць працаўнікоў гаспадаркі ў арганізатарскіх здольнасцях, уменні па-сучаснаму думаць і ўмела кіраваць вытворчым працэсам.


Аб тым, што ў кіраўніка і падросшага ў памерах якасна і колькасна калектыва гаспадаркі справа пастаўлена нядрэнна, сведчаць неблагія паказчыкі ва ўсіх напрамках дзейнасці. І, па словах Віктара Несцеравіча, у гаспадарцы ёсць зараз усё неабходнае, каб справы спорыліся. Галоўнае, што “…людзі ў нас добрыя, працавітыя, — адзначае Віктар Несцеравіч. — Умеюць і высокія ўраджаі атрымліваць, і жывёлу выгадоўваць, і адпачываць паўнавартасна…”


Дыялог №1.


Мары павінны здзейсніцца


— Зіма. Добрае надвор’е на вуліцы. Вам падабаецца зіма?


— З аднаго боку падабаецца, з другога — не.


— Чаму?


— Ды таму, што гэта такі мой лёс: пашчасціла ж працаваць у гаспадарках, дзе ледзь мароз стукнуў, там ужо перамерзла, там перакруціла, там яшчэ нешта здарылася… А гэта ўжо клопаты. Дзед Мароз “прынёс” праблемы, якія вырашаем, але ўсё роўна, па добраму зайздросціш тым кіраўнікам, у якіх ёсць добрыя сучасныя памяшканні.


— А ў Вас?


— У нас памяшканні, якія пабудаваныя звыш сарока гадоў назад…


— Дык час марыць аб новых!


— Мара як быццам і спраўджваецца… Нас уключылі рашэннем аблвыканкама ў план будаўніцтва малочнатаварнага комплексу, аналагічна пабудаванаму ў КСУП «Чырвоны Бор”. Праўда, на 2011 год.


— Віншую.


— З аднаго боку, гэта вельмі добра. Праца для людзей будзе больш прывабнай, на такім комплексе толькі 2 чалавекі занятыя падгонам жывёлы, змушаныя абуваць гумавікі. А астатнія ж то працуюць ва ўмовах дай бог кожнаму…


— А колькі ў вас ферм сёння?


— Восем…


— Раскіданасць велізарная, мабыць?


— 32 населеных пункты. 32 вёскі. У кожнай жывуць людзі. Няхай не ўсе ў нас працуюць, але ў людзей ёсць зямельныя надзелы, якія трэба дапамагчы апрацаваць, іншы клопат у людзей. Там ёсць пенсіянеры, інваліды, якім у чымсьці трэба дапамагчы. Людзям, хоць яны ў нас і не працуюць, на мой погляд, часцяком вялікай увагі не трэба. Проста трэба, каб ты спыніўся, пагаварыў, параіў, і яны — задаволеныя.


— Але ж з далучэннем былога КСУПа “Ленінскае” адлегласці — дай бог… Людзям гэта, відаць, не падабаецца…


— Калі казаць аб адлегласці, то яна ў межах ад Жыткавіч да Салігорскага раёна, гэта амаль пад сто кіламетраў. Я заўсёды прывожу калегам прыклад цалінных гаспадарак. Яны тэрытарыяльна буйней, але людзі і там працуюць. Проста там, мусіць, менталітэт людзей іншы. Мы кажам: калі ласка, працуйце на ферме ў Беразняках, у Сцяблевічах, велізарнай жа розніцы няма, дзе будзе знаходзіцца цэнтральная сядзіба, ці ёсць пячатка ў Леніне або яе там няма. Для чалавека ўсё роўна павінна быць праца, занятак, і гэта важна. А можа быць пячатка, а працы нямашака. Людзі — розныя, іншы менталітэт…Таму пакуль гэта некалькі не так, як хацелася б. Надзея, што будаўніцтва фермы пры дзяржаўнай падтрымцы ўсяляе ўпэўненасць. Мы зможам сканцэнтраваць жывёлу, зменшыць затратнасць.


— Ведаю, не сядзіце, склаўшы рукі…


— Ды і не чакаючы гэтага, сёння самі будуем такую ж ферму за ўласны кошт. Добра, што маем сваю цагельню. На новай ферме размесцім малочнае пагалоўе на 400 галоў. А другую, з дапамогай дзяржавы, мы пабудуем паміж вёскамі Людзяневічы і Сялко, каб задзейнічаць там работнікаў з двух населеных пунктаў, каб ім было блізка на працу прыходзіць. Мы такім чынам сканцэнтруем дойны статак, а гэта дазволіць дамагчыся лепшых надояў. Таму што сёння малако для Беларусі — гэта, лічы, нафта, а нам прасцей будзе кантраляваць працу, яна стане больш рацыянальнай і прывабнай для жывёлаводаў.


— Як Вы паспяваеце аб’язджаць сваю немаленькую гаспадарку?


— Ніякіх праблем няма. Сёння дарожная сетка выдатная! Я праязджаю 300 км у дзень, і не бачу ніякіх праблем. У тых жа цалінных гаспадарках людзі працуюць, і не трэба ім наглядчыкаў. І ў нас так будзе.


Праца – аснова


…Я часам забываю, калі субота, калі нядзеля, распавядае Віктар Несцеравіч. Кожны ж дзень мне трэба арганізоўваць працу, кожны дзень жывёла павінна карміцца, кожны дзень малако павінна даіцца, адвозіцца дзяржаве. Таму прачынаюся вельмі рана. Гадзіны ў чатыры раніцы. Улетку дык і раней. Прачынаешся пазней — часу бракуе, трэба ўсё да дробязяў абдумаць, што зрабіць сёння. У мяне хутка складаецца праграма дзеянняў, усё абмазгавана. Прыходжу да спецыялістаў і называю задачы, якія варта сёння вырашыць…


Кіраўнік не хавае: дзе трэба быць дыктатарам, там трэба ім і быць. Калі толькі прыйшоў восем гадоў назад у КСУП “Людзяневічы”, з шасці чатырох галоўных спецыялістаў прыйшлося змяніць у першыя месяцы працы. Але гэта тлумачыцца не дыктатарскімі нейкімі замашкамі. І не тым, што гэтыя людзі былі зусім нікчэмныя, або яшчэ якія. Як лічыць дырэктар, яны ведалі, што сёння эканамічныя законы не працуюць, што нельга весці гаспадарку, як раней, трэба, каб сельгаспрадпрыемства працягвала працаваць. Але гэтыя спецыялісты чамусьці страцілі веру. Былі ўпэўнены, што гаспадарка асуджана на правал, і да яе знікнення засталося месяц-другі… Таму сілу волі і характар праявіць прыйшлося. Хіба такія памочнікі могуць павесці за сабой, калі яны не вераць у будучыню гаспадаркі? Яны ж псіхалагічна развальвалі яе! А трэба было пераконваць людзей, і — працаваць, самім працаваць закасаўшы рукавы, нягледзячы на тое, што людзі не атрымлівалі заробак па тры месяцы і па паўгода. Не, не шкадуе Ульяновіч, што прыйшлося прымяніць, як кажуць, і ўладу, і, магчыма, калі гэтае слоўца падыдзе, дыктатуру. Яна была тут, ён перакананы, да месца.


Увогуле, Ульяновіч такі чалавек: не любіць цюхцяў, млявых да справы спецыялістаў, людзей, якія не бачаць даляглядаў заўтрашняга дня. Але ж лічыць, што за рэдкім выключэннем, яму вязло на памочнікаў у абедзвюх гаспадарках, дзе прыйшлося працаваць.


Ен не прыхільнік змяняць кадры, а прыхільнік таго, каб любы спецыяліст, калі гэта сапраўдны спецыяліст, працаваў самастойна. Вось цяпер у Людзяневічах практычна самастойна працуюць жывёлаводы. Хаця ж, на думку дырэктара, з памылкамі. Можа быць, ён і жадаў бы, каб яны некалькі па-іншаму працавалі, але, мусіць, у гэтым і ёсць складанасць? Ульяновіч прызнаецца: “Я таксама часам сумняваюся, ці правільна паступіў, але бывае ўжо і позна нешта змяніць…”.


Так, наспела неабходнасць, каб кожны спецыяліст і брыгадзір працавалі самастойна. Але разам з тым, кіраўнік упэўнены, што давяраць моцна нельга, таму што псіхалогія наша, на жаль, часцяком, перакуленая. Узнікаюць і злоўжыванні такім даверам. Вось і прыходзіцца дзейнічаць па прынцыпе: давярай, але правярай. Пытае, напрыклад, ён кожны дзень у сваіх памочнікаў: чаму не атрымалася тое ці іншае? Хоць разумее, што нешта невыканальна. Але ж узяў аднойчы за ісціну…


Была тая справа ў партыйныя часы, калі раённы лідар Пеўнеў казаў: калі планку для прыжка паставіў на метр пяцьдзесят, то яе вышэй не пераскочыш. А калі ледзь-ледзь яе паднімаць, то можна і скокнуць вышэй, чым метр з паловай. Таму і ён перад спецыялістамі і ўсімі рабочымі гаспадаркі ставіць задачы вышэй, разумеючы, што тады атрымаецца нешта максімальнае.


Вось і зноў жа свядома на 2010 год дырэктар паставіў такія задачы, што многія спецыялісты ў гаспадарцы аж завохкалі. Ульяновіч, да прыкладу, назваў, што павінны атрымаць шэсць тысяч тон збожжа, павінны надаіць тры тысячы тон малака. А зрабіў такі задзел не таму, што гэта хочацца яму, як кіраўніку. Проста гэта элементарны разлік на перспектыву: калі дасягнем гэтага ўзроўню або блізка да гэтага малака вырабім і прададзім, то гэта захавае калектыў, забяспечыць нябеднае жыццё людзям, падтрымае фінансава сем’і, спрагназуе працу людзям у далейшым.


Дыялог №2.


Калектыў малады. Але ёсць агаворкі…


— А калектыў у вас працаздольны, надзейны?


— Так, калектыў малады.


— Ці прафесійны ён?


— А вось з якога боку медаля тут разглядаць будзеш… Хацеў бы, каб наша моладзь у прафесійным майстэрстве была вышэй і надзейней. Але пакуль яшчэ не моцна вабіць жыццё ў вёсцы, хоць і жыллё ў нас будуецца, і дарогі ёсць, і аграгарадок прыгожы, і культура прыкметна расце ў прафесійным плане, і адукацыя годна прадстаўлена, сацыяльная сфера развітая.


— Дык што Вас засмучае?


— А вось што… Сярод нашых маладых спецыялістаў пяць чалавек вучацца вельмі ў прэстыжных вышэйшых вучэбных установах, на завочных аддзяленнях. Але ніводзін не згаджаецца падпісаць дамову з гаспадаркай, каб яна аплачвала іх навучанне. Вучацца за свае грошы. Вывад: не жадаюць апасля звязваць сябе з гаспадаркай, хоць вучоба сягоння дарагая, да тысячы даляраў, у пераразліку з курсам беларускага рубля, у год. Гэта мяне, прызнацца, хвалюе. Такая акалічнасць сведчыць аб тым, што калі б у нас вёска была газіфікаваная, прыйшоў дадому, тут і цеплыня, гарачая вада, усе ўмовы, тады б, магчыма, былі б іншыя адносіны. Хоць мы жывем побач з горадам, і чаго б не жыць маладым людзям тут? Бо і ў горадзе нязручнасцяў шмат. Сёння ж такая вось сітуацыя…


— А жыллё камфартабельнае? Колькі, дарэчы, дамоў пабудавалі?


— За апошнія 9 гадоў пабудавана сорак пяць дамоў з усімі выгодамі, усе яны занятыя, выдзяляюцца спецыялістам і рабочым, што стаялі на чарзе. Яшчэ чарга ёсць. Будзем будаваць.


— Сёлетні год аб’яўлены Годам якасці. Як з якасцю прадукцыі ў гаспадарцы?


— Мы вырабляем цэглу, дзякуючы чаму танней можам самі будаваць. Малако і мяса, зразумела, маем. Сёння да якасці патрабаванні вялікія, бо вядзецца рэалізацыя значнай часткі прадукцыі за межамі рэспублікі. Таму патрабаванні да вытворцаў і перапрацоўшчыкаў справядлівыя. Але разам з тым, калі сталі прад’яўляць гэтыя патрабаванні да нас, мы не былі падрыхтаваны тэхнічна. Ды й не можа малако адразу пайсці вышэйшым гатункам у тых умовах, у якіх мы працавалі! Трэба падрыхтавацца тэхнічна, каб яго атрымаць, перапрацаваць, захаваць у тых параметрах, якія прад’яўляюцца сёння да малака вышэйшага гатунку або гатунку экстра. Сёння мы маем у гаспадарцы дзве халадзільныя ўстаноўкі закрытага тыпу, якія дазваляюць атрымліваць практычна малако без судотыку з вонкавым асяроддзем, адразу яно паступае ў халадзільнік і адпраўляецца дзяржаве адпавядаючым патрабаванням вышэйшага гатунку. Сёння мы прадаём 70% вышэйшым гатункам. Вядома, нам хацелася б гэта рабіць на 100%. Але ўлічваючы тое, што ў нас пяць малочных фермаў і два толькі халадзільнікі, з улікам нашай раскіданасці, мы не можам элементарна хутка хаця б звезці і дапрацаваць малако да патрэбных параметраў. Толькі з улікам пабудаваных у нас ферм, канцэнтрацыі пагалоўя ў 2011 годзе мы можам павялічыць колькасць малака ў два разы.


Добрая прышчэпка


Нарадзіўся Віктар у вёсцы Грычынавічы і з дзяцінства спазнаў цану хлебу. Сям’я была вялікая. Дзяцей было шмат: пяць хлопцаў і дзве дзяўчынкі. Ульяновіч праз гады скажа дзякуй сваім бацькам-калгаснікам. Яны змаглі спланаваць жыццё сваіх дзяцей у будучыні. Чацвёра братоў атрымалі вышэйшую адукацыю, сёстры — сярэднюю спецыяльную. Два браты былі на Чарнобыльскай АЭС, адзін служыў у Афганістане. Усе імкнуліся быць прыкладам для сваіх аднагодкаў. Быць лепшымі — гэта была жыццёвая бацькоўская ўстаноўка, добрая прышчэпка. Розніца паміж дзецьмі — ад двух да дваццаці гадоў, але гэта не адбілася зусім на іхніх жыццёвых узаёмінах, яны дагэтуль маюць агульную повязь. Гонар такім бацькам! Жылі ж як усе, згадвае Віктар Несцеравіч. У тым дастатку, што і ва ўсіх: сала заўсёды было, малако, заўсёды былі дамашнія сыры, бульбы досыць. За гэтым была вялікая праца бацькоў, каб усіх дзяцей апрануць, накарміць, выхаваць…


З жыццёвых універсітэтаў


Віктар Ульяновіч скончыў Хорастаўскую сярэднюю школу Салігорскага раёна: сям’я пераехала ў 1956 годзе з грычынавіцкіх мясцін у вёску Навіна. Тады ў Грычынавічах пачалі ссяляць хутары. Бацькі вырашылі пераехаць у гэтую маленькую вёсачку.


“Бацька прывучаў нас, хлопцаў, усё рабіць па гаспадарцы. Касілі, аралі, усю работніцкую школу жыцця мы прайшлі спаўна, працаваць прыходзілася вельмі і вельмі шмат. Таму дзяцінства мінулася ў працы, так можна сказаць, і ўся радасць была ад вынікаў працы. Гэта і сенажаць, гэта і збор чарніц, каб апрануцца да школы, набыць падручнікі…”


Бацька быў пастухом, то хлопцы яго падмянялі, калі сена трэба было нарыхтоўваць. Нямала ж трэба было нарыхтаваць — тон дваццаць у копы скласці, у стагі знасіць. Так што ўсё дзяцінства ўзгадваецца адным — працай, з касой, граблямі, віламі…


Пасля школы паступіў у Пінскі саўгас-тэхнікум на заатэхнічнае аддзяленне, потым, перад войскам, папрацаваў у калгасе імя В. Каржа. Затым, пасля службы, сустрэў галоўнага заатэхніка з саўгаса “Ленінскі” (з ім вучыліся разам у Пінску), які запрасіў, а Віктар рашыўся пайсці на самастойную працу. Так ён апынуўся ў Леніне, і з 1971 года ўжо стала прапісаўся ў Жыткавіцкім раёне. Потым яшчэ і стаў кіраўніком гэтай гаспадаркі, з 1981 па 1986 гады…


Дыялог №3.


Малако – белая нафта?


— Малако — гэта сёння грошы…


— Так, сёння гэта грошы, гэта развіццё гаспадаркі. Другое, на што я звяртаю ўвагу, гэта на працу спецыялістаў. Кошт памылкі спецыяліста вельмі вялікі. Бо каб атрымаць малако вышэйшым гатункам, яно павінна быць не толькі чыстым. Яно павінна быць здаровым, не абсемянёным нічым. А прагледзеўшы, дзе карова хворая, дзе хварэе мастытам, дзе выкарыстоўваліся для лячэння антыбіётыкі, і змяшаўшы ўсё малако, можна пяць тон, да прыкладу, сапсаваць і прынесці гаспадарцы немалыя страты. Тут патрэбен індывідуальны падыход да кожнай жывёліны. Спецыялісты гаспадаркі над гэтым працуюць, і, дзякаваць Богу, да сённяшняга дня мы не дапускалі вялікіх прамашак.


— А якасць жыцця як?


— Разумеем, што 450 тысяч — невысокі заробак. Але калі размаўляю з людзьмі, я называю прыклад іншай гаспадаркі, дзе прадуктыўнасць і паказчыкі вышэй, чым у нас. А заробак аднолькавы. Гэта значыць, мы свядома некалькі завышаем яго, калі так можна сказаць. Але не таму, што мы не бачым, мы свядома гэта робім, бо канцэнтрацыя жывёл у нас нізкая, затратнасць высокая, адлегласці на кармленне жывёлы непараўнальныя з іншымі гаспадаркамі, і гэтак далей. Вось чаму ў нас прадукцыйнасць працы крыху ніжэй, чым у іншых гаспадарках, але мы захоўваем людзей, забяспечваем занятасць, каб працаўнікі маглі ўтрымоўваць свае сем’і.


— Якое ў Вас малочнае пагалоўе?


— У нас 1029 кароў. Гэта нямала. Я агучваю такі прыклад нават сваім спецыялістам. Тая гаспадарка, якая мае такое пагалоўе, калі атрымлівае ад каровы вядро малака, то будзе мець усё: і грошы на рахунку, і самастойнасць. У нашай даёнцы пакуль толькі палова. Але мы паставілі перад сабой задачу прыросту. Пакуль разбіраемся з якасным паказчыкам жывёлы, атрыманай ад далучанай гаспадаркі. Гэта нас пакуль стрымлівае. А іншых стрымліваючых момантаў проста няма. І камбікорму дастаткова, і сілас кукурузны маецца ўдосталь, і іншыя кармы. Есць праблемныя тэхналагічныя пытанні, якія мы вырашым і зможам хутка прадаваць 10 літраў малака ад каровы. Мы на гэтым шляху.


— Добрыя задачы і перспектывы.


“Ён там, дзе цяжэй і патрэбней”


Так аб Ульяновічу калісьці пісалі “Сельская газета” і “Праўда”: ён там, дзе цяжэй і патрэбней. Пісалі — рэспубліканскае і саюзнае — выданні невыпадкова.


Іх было мала, кіраўнікоў, якія пакінулі ў горадзе кватэры, для таго, каб паехаць паднімаць сяло. І ён кінуў райсельгасхарч, утульную кватэру, паехаў туды, дзе сапраўды было цяжка.


“Я казаў ужо, што не люблю спецыялістаў-цюфякоў. Так з дзяцінства мяне выхавалі, ніколі не баяўся цяжкасцяў. Жадаў сам сабе найперш давесці, што там, у глыбінцы, можна жыць, працаваць, будаваць сваё і людское жыццё. А было ж ну проста гора… Калі я прымаў “Ленінскі”, прыходзілася па ўсёй рэспубліцы, лічы, па саломінцы, збіраць корм, везці салому, каб узімку пракарміць жывёлу. З такімі ж цяжкасцямі сутыкнуўся, вось жа зноў братка-лёс, і, прыйдучы ў гэтую гаспадарку, у “Людзяневічы”, праз гады.”


Але цяпер такія моманты ўспамінаюцца яму як нешта і добрае. Бо нешта ж атрымлівалася. Ен ішоў свядома не ў лепшыя гаспадаркі, каб самому сабе давесці, што і там можна працаваць і нешта паправіць: “…сёння думаю: тыя гаспадаркі, якія спынілі сваё існаванне, па ўмовах гаспадарання былі значна лепшымі, чым “Людзяневічы”, тую жа “Зару” ўзяць ці саўгас “Жыткавічы”…


Так, Ульяновіч быў там, дзе цяжэй і дзе ён быў патрэбны. Гэты “жыццёвы эпіграф” прасочваецца ў жыцці Віктара Несцеравіча, і працягваецца зараз. Справядліва напісалі пра яго так у свой час сакратар ЦК КПБ Мікалай Дземянцей і журналіст Віктар Захарчук…


Прафсаюз і лепшыя гады жыцця


— Гэта, мусіць, важны адмежак, лепшыя гады ў жыцці, росквіт сіл, распавядае В. Ульяновіч пра самы, відавочна, цікавы і адказны перыяд яго кіраўніцкай дзейнасці ўвогуле. Так, сапраўды — старшыня райкама прафсаюзаў работнікаў аграпрамысловага комплексу — даволі высокая пасада.


На той час раённая прафсаюзная арганізацыя была вельмі вялікай, каля двух тысяч членаў налічвала ў сваіх шарэнгах. Ульяновіч прыйшоў у прафсаюзы ўжо сталым і вопытным кіраўніком. Двойчы да гэтага, дарэчы, займаў пасаду намесніка начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, шэсць гадоў кіраваў калектывам саўгаса “Ленінскі”.


Прафсаюзны лідар — гэта была вялікая адказнасць, бо патрабавалася вырашаць розныя пытанні людзей. Ульяновіч добра ведаў адміністрацыйна-савецкую машыну знутры, але ў прафсаюзе прыйшлося “пакруціцца”. Падцягнуцца ў веданні “жыццёвых навук”. Яму давялося працаваць над сабой маштабна і глабальна. Шмат чытаў, разважаў, сустракаўся з людзьмі.


Былі выпадкі, якія сёння, магчыма, цяжка зразумець, што пададуцца смешнымі. Было, да прыкладу, такое. У калгасе “Савецкая Беларусь” падыходзіць да новаспечанага прафлідара Ульяновіча цялятніца і просіць: “Вось, таварышок, дачку замуж аддаю, а сукенку нявесціну і вэлюм нідзе не магу купіць. Ды і на падарункі матэрыялу трэба сватам (ёсць на Палессі такая традыцыя, калі нявеста ці яе бацькі дораць мужавай радні крамны матэрыял альбо сукенкі!). Што ж, прыйшлося ўсё шукаць, каб дапамагчы…


Прыходзілася вырашаць абсалютна жыццёвыя, няхітрыя пытанні, якія простыя людзі ў той перыяд не маглі самі вырашыць. Былі складаныя праблемы, звязаныя з пенсійным забеспячэннем, прыходзілася адстойваць інтарэсы людзей нават у судовых інстанцыях. Запала на памяць, да прыкладу, справа з пенсіянерамі сельгасхіміі. Дайшло да суда, але справу выйграў райкам прафсаюза на карысць сваіх членаў.


Цяжка было, не хапала ведаў. Прыходзілася шмат працаваць над сабой. Ульяновіч вельмі ўдзячны абкаму, рэспубліканскаму камітэту прафсаюзаў за немалую, канкрэтную працу па вучобе кадраў. Кажа, не саромячыся: без гэтай дапамогі ніколі б не адбыўся як прафсаюзны лідар. Так, страшнавата было ісці практыку-гаспадарніку сюды на працу, дзе плойма прававых пытанняў, штудзіраваць неабходна заканадаўства аб працы. Ды і Канстытуцыю прыходзілася перачытваць па-новаму, іншымі вачыма на ўсё паглядзець. Пра сваё старшынства цяпер Ульяновіч кажа:


— Як старшыня прафкама, я прайшоў сапраўдныя людскія ўніверсітэты. Больш 10 гадоў адпрацаваў у прафсаюзных органах, і не шкадую. Гэты вопыт мне быў патрэбны… І на табе — нават не верыцца, што ўжо ў лютым сёлета будзе 8 гадоў, як я працую ў “Людзяневічах”. Усё жыццё мінула як нейкі сон. Не верыцца, што гады так хутка праляцелі…


Жонка – вось той надзейны тыл…


З асаблівай цёплынёй кажа дырэктар гаспадаркі пра сваю другую палову. Кажа: эх, калі б не дапамога з боку жонкі… Увогуле, у сваім лёсе ён вызначыў два адбіткі, два сляды, якія яго сфармавалі.


Першы — бацькі, што выгадавалі, выхавалі, далі адукацыю, магчымасць працаваць.


А другі — жонка.


Так, калі ты кіраўнік — трэба перакласці на кагосьці сямейныя праблемы, закінуць уласную гаспадарку, забыць пра сямейныя выгоды… Ты проста не можаш жыць у дзвюх вымярэннях.


Нельга сказаць, што “… я ўжо зусім “негодящий” гаспадар”, самакрытычна кажа Ульяновіч. І падкрэслівае: разам з жонкай ўсё зрабілі, каб дзеці, а іх у сям’і двое, атрымалі вышэйшую адукацыю, каб сталі самастойнымі і самі змаглі зарабляць на сваё жыццё. Але ж удакладніў: “Вядома, калі б мая Лідзія Якаўлеўна не была надзейным тылам, то я не змог бы аддацца сваёй працы цалкам. Хоць жа было часам усяго: і гутаркі яе, выгаворы, а навошта такая твая праца патрэбна, нібы прыгавораны? І я часам задумваўся пра гэта. Кіраўнік — гэта вялікая адказнасць. Я, не сакрэт, у свята мог бы выпіць сто грам, але разумеў, што мне могуць патэлефанаваць і паведаміць, што нешта раптам здарылася. І як бы я пасля паўстаў перад сваімі калегамі, падначаленымі? Я заўсёды меў пачуццё адказнасці, і цаніў той высокі давер, які мне аказваўся, які жадаў апраўдаць, працуючы на поўную моц…”


Я – шчаслівы!


Пра звычайнае шчасце чалавечае Ульяновіч кажа так: лічу, што я шчаслівы чалавек. Дом ёсць, сям’я, дзеці, ёсць любімая праца, якой я сябе прысвяціў. І ўспамінае пры гэтым словы мудраца (любіць ён мудрыя выказванні!): чалавек павінен у жыцці рабіць не тое, што ён умее, а тое, што ў яго атрымліваецца.


— У мяне, слава Богу, кажа, трохі атрымліваецца, а таму і працую…


Трымацца бацькавай мудрасці


“Трымаюся бацькавай мудрасці. Мне аб гэтым заўсёды казалі мама і тата: кожны чалавек годны павагі, удакладняе Віктар Несцеравіч. — Гэтыя словы мне запомніліся з дзяцінства. І ў кожнага чалавека ёсць свае недахопы. Есць яны і ў мяне. Разумею, што з боку іншым людзям здаецца, што яны паступілі б неяк іначай… Але заўсёды шанаваў і шаную прастату ў чалавеку і яго шчырасць… Нельга спрабаваць сёння размаўляць з чалавекам не на яго мове, напышліва і высакамоўна. Трэба весці чалавечую гутарку! Я заўсёды вёў гутарку з людзьмі на зразумелай мове, магчыма, не гэтулькі літаратурна граматна, звязна, я ж не філолаг, але, галоўнае, каб чалавек разумеў, што я хачу сказаць, без вымудраў. Гэтага прашу і ад сваіх спецыялістаў — кажыце людзям ўсё, што варта сказаць на зразумелай людзям мове, каб яны і сэрцам адчулі, што вы жадаеце сказаць і што вы ад іх патрабуеце…”


Ратуе ад перанапружаннятолькі вуда


А калісьці ў ягоных фаварытах быў футбол. У тэхнікуме, згадвае, нават уцякалі з заняткаў, каб паглядзець, як гуляе на гарадскім стадыёне “Пінская хваля” — была тады такая каманда. Не прапускаў з сябрамі і паказы чэмпіянату свету. Гэта была хвароба. Ад якой вылечыла… войска. Там не давалі глядзець тэлевізар і любімую гульню. А пасля “рэжымнага” вайсковага этапу ў жыцці, так склалася, зусім страцілася цікавасць да футбола. Вярнуўшыся ў саўгас “Ленінскі”, сябар Ульяновіча прызвычаіў яго лавіць рыбу на вуду. І вось, калі выпадалася такая магчымасць, то лепшага адпачынку было не знайсці.


І цяпер любіць закінуць вуду. Але ўзімку баіцца, прызнаўся, халадоў. Цеплалюбівая расліна (смяецца). Але ж такога выдатнага занятку не цураецца. Не дзеля рыбы. А проста, каб адключацца. Кажуць жа, што чалавек не думае пра нічога больш, калі глядзіць на ваду, на агонь і… на грошы (зноў смяецца Віктар Несцеравіч). “…Калі атрымоўваецца ўцячы ў выхадны з працы, то адчуваеш надзвычайнае супакаенне, здымаеш напружанне рабочых тыдняў…”


Хоць, адзначае, што цяпер “уладны нагляд” не такі жорсткі, як у партыйныя часы. Сёння, на яго думку, больш пачынаюць працаваць законы рынку, эканамічнай прагматыкі. Кіраўніку прадастаўлены вялікія правы па шматлікіх пытаннях. Вольны ён у іх вырашэнні. Раней стваралася штучная нервознасць, ціск быў такі, што не кожны вытрымліваў. Сёння кіраўнікам у эмацыянальным плане лягчэй працаваць. Вось, кажа Ульяновіч, і сёння тэлефанаваў старшыня райвыканкама, Мікалай Міхайлавіч Какора, цікавіўся справамі, праблемамі. Была добрая гутарка, парады. Ды і няма ж чаго нярвозіць: працуем, усе праблемныя пытанні вырашаем…


Сёння кіраўнік – гэта менеджэр?


Нельга, як лічыць Ульяновіч, на сто працэнтаў адназначна сказаць, што кіраўнік сёння толькі менеджэр. Мы ж на пераходзячым этапе да рынкавай эканомікі, і нават урад кажа, што да 2013 года ва ўсім будуць чыста рынкавыя падыходы. Сёння, упэўнены Віктар Несцеравіч, трэба быць і менеджэрам, і эканамістам, і кіраўніком чыстай вады, і… артыстам на сваім месцы. Так, так, артыстам. Бо жыццё наладжвае розныя сітуацыі, калі на прыём прыходзяць і са слязамі на вачах людзі, і нецэнзурна лаюцца, і п’яныя, не сакрэт. А кіраўніку трэба ж знайсці ў сабе цярпенне. Ну, не возьмеш жа яго за каўнер, такая і да цябе зваротная рэакцыя будзе. Таму яшчэ пакуль трэба быць і артыстам, каб людзі да цябе заўтра ізноў прыходзілі. Да іх трэба паварочвацца тварам. І працытаваў: “Добры той кіраўнік, якога не заўважаюць і які не перашкаджае працаваць!” А ў нас прывыклі, на жаль, інакш. Але каму можа спадабацца, калі кіраўнік будзе зневажаць людзей?


На завяршэнне


…Мусіць, партрэт чалавека і кіраўніка Віктара Ульяновіча будзе няпоўным, калі не сказаць аб яго выключнай сціпласці. Падаючы магчымасць сваім спецыялістам працаваць творча, ён і сам не застаецца ўбаку. Знаходзячыся, як кажуць, у курсе ўсіх спраў, ён умела каардынуе дзейнасць падначаленых.


А ўвогуле, па характару Віктар Несцеравіч — здавалася б, чалавек спакойны, разважлівы, але заўсёды ў руху, у пошуку, у самааналізе зробленага. Для яго на першым плане заўсёды заставалася праца. Пра такіх кажуць: “Працаголік” вельмі ж любіць ён сваю справу і лічыць сябе, нягледзячы на выпрабаванні лёсу, шчаслівым чалавекам.


Ведаючы, што сіла асабістага прыкладу з’яўляецца найболей дзейсным сродкам выхавання падначаленых, дырэктар заўсёды прад’яўляе да сабе, як ужо адзначыў чытач з прачытанага, павышаныя патрабаванні. Уся яго дзейнасць, як мне здаецца, служыць прыкладам для тых, з кім гэты кіраўнік працуе. Прыкладам чалавечнасці і сумлення.


У. ГАЎРЫЛОВІЧ, “НП”.


АД АЎТАРА. 10 студзеня Віктар Несцеравіч Ульяновіч адзначае юбілей. Яму – 60. Зычым гэтаму паважанаму кіраўніку і чалавеку толькі дабра, здароўя і шчасця!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.