Прыкласці старанні – забяспечыць прырост

Цяперашні справаздачны сход у КСУПе “Дзякавічы” атрымаўся не тое, што леташні, калі ў зале панавалі абыякавасць і інертнасць. Сёлета працаўнікі гаспадаркі былі намнога лепш арганізаванымі, зацікаўлена слухалі выступленні свайго кіраўніка і спецыялістаў. Такія значныя перамены ў настроі людзей за даволі кароткі часавы прамежак можна растлумачыць толькі тым, што за прайшоўшы год працы яны адчулі нейкую перспектыву для далейшага развіцця гаспадаркі.


— Мінулы год для калектыва, як і для ўсіх аграрыяў раёна, быў нялёгкім, — зазначыў у сваім дакладзе дырэктар камунальнага сельскагаспадарчага прадпрыемства Мікалай Кудзелька, — але атрыманыя вынікі на вытворчасці даюць падставу сцвярджаць, што мы можам мець вынікі значна лепшыя чым зараз.


Далей кіраўнік гаспадаркі падрабязна прааналізаваў вынікі мінулагодняй дзейнасці. Гаварыў не толькі аб поспехах, але і тых праблемах, вырашэннем якіх патрэбна займацца неадкладна. Што ж удалося мясцовым работнікам палёў і ферм? Атрымана 1022 тоны зерня, назапашана ў разліку на адну ўмоўную галаву жывёлы па 27,6 цэнтнера кармавых адзінак, накапана 400 тон бульбы, надоена 1252 тоны малака, надой ад каровы склаў 3146 кілаграмаў, сярэднясутачныя прывагі — 503 грамы. Практычна па кожнай пазіцыі спрацаваў калектыў у мінулым годзе лепш чым за папярэдні. Тэмп роста вытворчасці склаў 114 працэнтаў. Павялічылася вытворчасць прадукцыі, вырасла і выручка ад яе рэалізацыі. За мінулы год яе атрымалі 1 мільярд 690 мільёнаў рублёў. Павелічэнне да папярэдняга года на 24 працэнты. На сто тысяч выраслі і заробкі работнікаў. Прывёўшы ўсе гэтыя лічбы Мікалай Яфімавіч адназначна зазначыў, што гэта не той узровень вытворчасці, які дае магчымасць гаспадарцы паспяхова развівацца, бо атрыманай выручкі недастаткова, каб годна жыць і працаваць. Таму прынятая сходам вытворчая праграма на бягучы год прадугледжвае рост паказчыкаў на трыццаць працэнтаў. Даволі смела, але як вынікала з прамовы кіраўніка і спецыялістаў, дабіцца гэтага калектыву па сілах. Галоўнае, выкараніць на вытворчасці ўсе тыя заганныя з’явы, якія мелі месца летась: парушэнні работнікамі тэхналагічнай і працоўнай дысцыпліны, паслабленасць кантролю з боку спецыялістаў на сваіх участках дзейнасці, безгаспадарчасць і іншыя. Кіраўнік не адмаўляў, што такія факты прысутнічалі і аказалі негатыўны ўплыў на канчатковыя вынікі. Нямала было названа прыкладаў, якія яскрава ілюстравалі, што так працаваць далей нельга. Яшчэ адным напрамкам работы па павышэнню аддачы палеткаў і ферм з’яўляецца абнаўленне матэрыяльнай базы. Многае ў гэтым плане мясцовым працаўнікам удалося зрабіць летась. Набыты новыя трактары і камбайны, пасяўныя і іншыя агрэгаты, праведзена рэканструкцыя цялятніка на сто пяцьдзесят галоў, зроблена многае іншае. І ў гэтым годзе плануецца паляпшаць матэрыяльную базу гаспадаркі. Напрыклад, устанавіць малакаправоды ў памяшканнях ферм. Будзе праводзіцца работа і па энергазберажэнню. Пытанняў у гэтай сферы таксама маецца нямала, і яны патрабуюць вырашэння. Шмат прыйдзецца папрацаваць і па перазалужэнню сенакосных угоддзяў і выпасаў. Усё гэта і дазволіць выйсці на планавае заданне.


Першыя захады, як паказваюць вынікі работы, ужо зроблены. Так, за студзень працаўнікі ферм забяспечылі прырост у вытворчасці малака (125 працэнтаў). Кіпіць праца і ў майстэрнях, дзе вядзецца рамонт тэхнікі. Ужо працэнтаў шэсцьдзесят яе гатова да палявых работ.


— Добра, што на гэтай тэрыторыі захавалася вытворчасць, бо калектыў гаспадаркі з’яўляецца апорай усёй сацыяльнай сферы навакольных вёсак, — гаварыў на сходзе Валерый Рагалевіч, намеснік старшыні райвыканкама. — У гэтым годзе Дзякавічы стануць аграгарадком, а гэта дазволіць значна палепшыць сацыяльную структуру вёскі. Ды і пажылым людзям ёсць куды звярнуцца за дапамогай, многія ж трымаюць яшчэ прыватную гаспадарку. Таму кожны працаўнік павінен прааналізаваць сваю працу і зрабіць вывад, што працаваць патрэбна яшчэ лепей, бо ад гэтага залежыць яго асабісты дабрабыт.


І гэта так. Згодна калектыўнага дагавору працаўнікі сельгаспрадпрыемства маюць нямала дадатковых стымулаў да асноўнай заработнай платы. На гэты год іх пералік пашырылі, асабліва для тых, хто даб’ецца найлепшых вытворчых паказчыкаў, праўда, пры адной умове, што на іх будуць зароблены ўласныя сродкі . Чым не заахвочанне для стараннай працы — па выніках года атрымаць цяля вагой у некалькі цэнтнераў у выглядзе прэміі, або з дзесятак базавых велічынь грошай?


Справаздачны сход для кожнага працаўніка КСУПа “Дзякавічы” быў насычаны не толькі працай пра далейшы лёс гаспадаркі, але і стаў святам, якое стварылі сваімі выступленнямі мясцовыя самадзейныя артысты.


С. МІКАЛАЕЎ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.