Годнымі крокамі да вяршынь прафесіяналізму

НАША ДАВЕДКА


На цяперашні час у Жыткавіцкім РАЎС працуе дваццаць участковых інспектараў. За апошнія два гады іх састаў абнавіўся на 80 працэнтаў. Таму працоўны стаж большасці гэтых супрацоўнікаў складае ад аднаго да трох гадоў. За прайшоўшы год службай участковых выяўлена 2360 адміністрацыйных правапарушэнняў, раскрыта 86 злачынстваў. За 2009 год адзін участковы разгледзеў у сярэднім каля трохсот заяў ад грамадзян.


Участковым інспектарам Сяргей Галавач стаў усяго толькі тры месяцы назад. Адбылося гэта ў снежні мінулага года. Таму цяпер асноўны клопат Сяргея Мікалаевіча — належным чынам асвоіцца на сваім новым месцы службы.


Участак, які выпала абслугоўваць Сяргею, знаходзіцца ў межах Руднянскага сельсавета. А гэта больш двух тысяч жыхароў і дванаццаць населеных пунктаў. Як бачна, поле дзейнасці для маладога супрацоўніка міліцыі немалое. Тым больш што адказнасць кладзецца на яго плечы, так бы мовіць, двайная. Яму выпала пачынаць сваю дзейнасць на ўчастку, дзе да гэтага працаваў адзін з самых вопытных прафесіяналаў райаддзела Макарэвіч, таму і трымаць аўтарытэт участковага патрэбна на тым высокім узроўні, што зададзены папярэднікам. Але хлопца такі стан спраў не палохае, ён, наадварот, рады, што выпала служыць на Руднянскім участку.


— Былы ўчастковы добра працаваў, таму цяпер і мне лягчэй, — гаворыць Сяргей Мікалаевіч. Ужо наладзіў стасункі з кіраўніцтвам сельсавета і прадпрыемствамі, якія на яго тэрыторыі знаходзяцца. Запэўнілі, што будзе аказвацца ўсебаковая падтрымка. Гэта вельмі добра, калі знаходзіш адразу паразуменне, і, што так сталася, таксама ў нейкай ступені заслуга майго папярэдніка.


Цяпер малады ўчастковы наладжвае кантакты з насельніцтвам. Па яго разуменню добрыя стасункі з людзьмі таксама будуць спрыяць паспяховай працы. Бо хто як не мясцовыя жыхары найлепш ведаюць пра заганы, якія маюцца ў іх населеным пункце. І ў гэтым плане, як прызнаецца Галавач, ужо напрацаваны пэўны капітал. У нейкай ступені хутка знайсці паразуменне з насельніцтвам дапамагло тое, што да арміі працаваў аграномам у былым КСУПе “Жыткавічы”. Таму многіх ведае людзей яшчэ з тых часоў. Новыя знаёмствы адбываюцца падчас пастаянных выязных прыёмаў, якія ладзяцца ўчастковым на тэрыторыі. Ды і інфармацыя аб ім у самых наведваемых аб’ектах сацыяльнай сферы вывешана. Прычым на кожнай такой лістоўцы ўказаны кантактныя тэлефоны. Участковы спадзяецца, што калі цэнтр Савета перамесціцца ў Кольна, яшчэ мацнейшым стане кантакт з людзьмі, бо ў памяшканні сельсавета ва ўчастковага будзе свой спецыяльны пакойчык для работы з грамадзянамі.


Сяргей Мікалаевіч разумее, што працаваць прыйдзецца нямала. Усё ж заган у нашым грамадстве яшчэ вельмі многа і яны моцна пускаюць карані на вёсцы. Вельмі турбуе п’янства ў сельскіх населеных пунктах, іншыя правапарушэнні. Узяць хаця б выкананне таго ж Дэкрэта № 18. Ужо не аднойчы ўчастковаму прыходзілася сустракацца з так званымі абавязанымі асобамі, да некаторых нават меры ўздзеяння адпаведныя прымаць. Але пакаранне, як лічыць Сяргей Мікалаевіч, гэта апошні сродак, які прымяняць патрэбна толькі ў крайнім выпадку.


— Галоўнае, гэта прафілактычныя меры, пастарацца пераканаць чалавека, што ён робіць няправільна, што яму патрэбна перагледзець свае паводзіны, — зазначае ўчастковы. — Усё ж многія вяскоўцы бачаць ва ўчастковым найперш свайго абаронцу.


Так, нямала абавязкаў ва ўчастковага інспектара. Але Сяргей Мікалаевіч імкнецца выконваць іх належным чынам. Яго прафесійнаму сталенню садзейнічае і дзейсная дапамога старэйшых і больш вопытных калег, а таксама імкненне дасканала авалодаць гэтай нялёгкай справай. Самае ж галоўнае, што Галавач знайшоў свой прафесійны шлях і гатовы прайсці па ім годнымі крокамі.


С. МІКАЛАЕЎ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.