Калі маці вораг свайму дзіцяці…

Заходзячы на падворак грамадзяніна К., жыхара аграгарадка Дуброва, ніколі не падумаў бы, што яго сям’я знаходзіцца ў так званым сацыяльна небяспечным становішчы. Дыхтоўны мураваны дом, які выдзелены мясцовай гаспадаркай сям’і для пражывання. Палісаднік поўнасцю засаджаны кустамі клубніц. Засаджаны і дагледжаны агарод. Усё сведчыла, што тут пражываюць прыстойныя і працавітыя людзі, якія клапоцяцца пра свой дабрабыт сумленнай працай на зямлі.


Што ў гэтай сям’і не ўсё ў парадку, што ёй патрэбна апека і кантроль і нават дапамога, стала зразумелым, калі інспектар інспекцыі па справах непаўналетніх Жыткавіцкага РАУС Кацярына Кіцура адчыніла дзверы дома і ўдзельнікі рэйда “Сям’я без насілля” старшыня Марохараўскага сельсавета Генадзь Леська і ўрач-нарколаг Ларыса Лябіна пераступілі парог жылля. У нос адразу шыбануў непрыемны пах затхлага паветра, а ў вочы кінулася ўбогасць абстаноўкі: непаклееныя сцены, абдзёртая фарба на падлозе, раскіданыя ў беспарадку рэчы і гэтак далей.


— Даўно новыя люстры купілі і павесілі? Раней такіх у вас не было? — запытаўся ў дзяцей, якія выйшлі з пакоя сустракаць прыйшоўшых, Генадзь Пятровіч.


— Не куплялі мы іх. Нам ірландцы падарылі, — нясмела адказала старэйшая дзяўчынка.


Бляск свяцільнікаў не дарэмна прыцягнуў увагу, бо гэта адзінае з рэчаў, на чым магло спыніцца вока ў гэтым доме. А яшчэ дзеці, якіх выйшла з пакоя цэлая гурба. У сям’і К. іх шасцёра, пяцёра з якіх непаўналетнія. І яны жывуць у такіх дрэнных умовах.


Меншыя нясмела пазіралі на прыйшоўшых людзей, у іх вачах чыталася нямое пытанне: “Чаго гэта да іх прыйшлі?”. Было відаць, што яны бянтэжыліся такога становішча. А вось бацьку, які выйшаў услед, такі беспарадак ніколькі не турбаваў. Ен спісваў усё на недапрацоўкі будаўнікоў. Гэтыя прэтэнзіі ён і выказваў даволі бурна, пакуль ініцыятыву ў яго не перахапілі Кацярына Сяргееўна і Генадзь Пятровіч. Пытанні яны ставілі даволі канкрэтныя: “Дзе на цяперашні час працуе мужчына? Дзе працуе яго жонка? Чым будуць вячэраць дзеці? І калі, нарэшце, бацькі зробяць рамонт у доме і навядуць тут парадак?” Гэта крыху астудзіла пыл гаспадара. Ен правёў усіх на кухню, дзе паказаў поўную каструлю наваранага шчаўя, выцягнуў са шкафчыка іншыя прадукты: макароны, цукар, крупы, тым самым прадэманстраваў, што дзеці не галадаюць. Да гэтага дадаў, што жонка пайшла ў магазін, каб папоўніць прадуктовы запас.


— Гэтая сям’я пачала выпраўляцца, раней тут беспарадку было значна болей, нават электрычнасць за даўгі была адключана, — патлумачыў Генадзь Пятровіч удзельнікам рэйда, калі выйшлі з дому. — За імі наладжаны пастаянны кантроль з боку прадстаўнікоў сельсавета, школы. Дапамаглі падключыць электрычнасць, на зіму назапасіць паліва. Думаецца, далейшы кантроль дапаможа вярнуць сям’ю да нармальнага жыцця, і бацькі сур’ёзна зоймуцца выхаваннем сваіх дзяцей. Галоўнае, што спіртным яны надта не злоўжываюць. Есць сем’і больш запушчаныя, якія цяжка паддаюцца мерам уздзеяння, але будзем старацца працаваць з імі.


Да апошніх можна аднесці сям’ю жыхаркі А. гэтага ж аграгарадка. Яна таксама шматдзетная маці. У яе шэсць дзяцей і ўсе непаўналетнія. З дзвюмя меньшымі дзяўчынкамі зараз знаходзіцца ў дэкрэтным водпуску. Да гэтага жанчына працавала жывёлаводам у гаспадарцы. Сельгаспрадпрыемства дапамагло ёй з жыллём, выдзеліўшы новы катэдж. Здаецца, жыві і радуйся, рабі ўтульнейшым сваё сямейнае гняздо. Дзяржава таксама не крыўдзіць, выплочвае на дзяцей дапамогу. Толькі клапатлівай гаспадыняй жанчына не стала. Прабачце за дрэннае слова, але свой дом яна ператварыла ў сапраўдны свінушнік. Няма парадку ў яе не толькі ў доме, але і агародзе. Таму пытанне старшыні сельсавета, што можна рабіць днямі сядзеўшы дома, каб і агарод не пасеяць, і такі беспарадак трымаць у хаце, было сустрэта маўчаннем. Дарэчы, і харчаванне для дзетак таксама не вызначаецца ў гэтай маці разнастайнасцю. Удзельнікам рэйда, як і ў ранейшым доме прадэманстравалі навараную каструлю шчаўя. Вось і ўся ежа, якая была падрыхтавана дзецям на вячэру. Увогуле, склалася ўражанне, каб не гэтая расліна, то ў сем’ях , што знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, аграгарадка Дуброва і вёсак Бялёў, Марохарава быў бы сапраўдны галадамор. Прыгатаваную страву са шчаўя дэманстравалі праз дом, якія наведалі ўдзельнікі рэйда.


“Бацькі перыядычна выпіваюць. Не належным чынам займаюцца выхаваннем сваіх дзяцей. У доме беспарадак. Мала прадуктаў харчавання або яны адсутнічаюць зусім.” Гэта стандартны набор выразаў, якія даюць практычна вычарпальную характарыстыку сем’ям, якія апынуліся ў сацыяльна небяспечным становішчы. Па словах Генадзя Пятровіча, такіх на тэрыторыі сельсавета пражывае нямала. Толькі падчас рэйда такіх было наведана каля дзесятка.


Няшчасныя дзеці. Няшчасныя і іх бацькі. Толькі хто іх зрабіў такімі? Адказ ляжыць на паверхні. Першых — дарослыя, а другія — самі сябе. І гэта так, бо з-за няўвагі бацькоў дзеці зварочваюць, так бы мовіць, на крывую сцежку. Напрыклад, у сям’і Ж. з Бялёва аж двое дзяцей пастаўлены на ўлік у інспекцыі па справах непаўналетніх за ўчыненыя правапарушэнні. Самае ж страшнае, што бацькі не хочуць усведамляць ганебнасці свайго становішча, што сваімі паводзінамі яны губяць уласных дзяцей. Уладкавацца на сталую працу для іх праблема, хаця на вёсцы дастаткова работы. Больш стараюцца перабівацца разавымі заробкамі. Аддаць дзіця ў дзіцячы садзік таксама праблема, быццам бы яны лепей яго змогуць выхаваць. На дапамогу стаць на правільны шлях праяўляюць такую агрэсіўнасць, што не дай Божа, станеш думаць, што грэшнікі не яны, а тыя, хто прыйшоў іх выцягнуць з багны, у якую самі трапілі. Але ў большасці такія спажывецка-абыякавыя адносіны складваюцца толькі да таго часу, калі бацькі не падыдуць да апошняй мяжы. А яна — пазбаўленне бацькоўскіх правоў на ўласных дзяцей. Многіх гэта ацвярэжвае. Толькі, колькі душэўных пакут даводзіцца ад гэтага перажыць дзецям ды і самім гора –бацькам. Варта задумацца аб гэтым і неадкладна. Таму і атрымліваецца, што бацькі ўласнымі рукамі крадуць у сваіх дзяцей шчасце.


С. МІКАЛАЕЎ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.